Как попасть на почту, в церковь и музей? Поднимаем тему безбарьерной среды

Общество

Купіць канверт на пошце, лекі ў аптэцы, зняць грошы ў банку, узяць даведку аб складзе сям’і ў групе па разлікова-пашпартным абслугоўванні… Для многіх з нас гэта звычайныя і простыя дзеянні. Але ёсць людзі, якім зрабіць гэта вельмі цяжка, а часам без чужой дапамогі ўвогуле немагчыма. У чарговы раз узняць тэму безбар’ернага асяроддзя ва Ушачах на старонках газеты прапанавалі інваліды-калясачнікі з райцэнтра і аграгарадка Арэхаўна Уладзімір Лазарэнка і Ніна Емяльянава.

– У самым цэнтры Ушач даводзіцца парушаць правілы, – зазначае жанчына. – Пераадолець “рэзкі” пандус з праезнай часткі на тратуар ля “ProЗапаса” амаль немагчыма, таму колькі метраў мінаю па дарозе ў пошуку нізкага тратуара. Супрацоўнікі ДАІ нічога не кажуць, аднак разумею, што перашкаджаю руху транспарту, ды і сама рызыкую трапіць пад колы.

Наогул, Н.Емяльянава не так часта выбіраецца ў райцэнтр – максімум раз-два ў месяц. Робіць гэта на грамадскім транспарце. Вельмі радуецца аўтобусам з нізкай пасадкай і прадугледжанай зонай для інвалідаў: заехаць у салон дапамагаюць іншыя пасажыры, якім яна потым не стварае ніякіх нязручнасцей. На жаль, нярэдка на маршрут выязджаюць так званыя двухдзверныя аўтобусы – пярэдні ўваход у іх не разлічаны на шырыню інваліднай каляскі, а ў заднім маюцца высокія прыступкі, ды яшчэ надзвычай вузкі праход у салоне. Калі жанчына бачыць такі транспарт, прапускае яго ў чаканні наступнага ці проста вяртаецца дамоў.

– Разумею, што падстройвацца пад патрэбы ўсіх пасажыраў ніхто не будзе, ды і немагчыма гэта, – кажа Н.Емяльянава. – Аднак хацелася б, каб па найбольш запатрабаваных маршрутах хаця б некалькі разоў на тыдзень ішоў транспарт, які ўлічвае патрэбы інвалідаў-калясачнікаў.

Бесперашкодна трапляе жанчына ў большасць кропак райцэнтра: на вакзал, у цэнтральную аптэку, райбальніцу, дзе прадугледжаны зручныя пандусы, поручні. У магазін “ProЗапас” самастойна заехаць не атрымліваецца: вельмі вялікі ўхіл, аднак сярод прахожых, чаму рада Н.Емяльянава, заўсёды знаходзяцца памочнікі. Удзячна яна і прадаўцам гандлё­вай кропкі “Вісэль”, якія падчас нядаўняга візіту жанчыны прама на вуліцы прынялі заяўку, вынеслі і прадэманстравалі неабходны тавар.

– У пошуку чайніка можна было б заехаць і ў “Тэхнасвет”, аднак прыступкі перашкодзілі, – зазначае Н.Емяльянава. – Думаю, што невялікі пандус з левага боку ад уваходу, па якім любога калясачніка маглі б падкаціць да дзвярэй, зрабіць рэальна, а пешаходам ён не стане перашкодай. Магчыма, да такой парады кіраўніцтва райспажыўтаварыства прыслухаецца.

Колькасць пандусаў ва Ушачах з кожным годам павялічваецца. Але, на думку У.Лазарэнкі, большасць з іх зроблены для “галачкі”. Так, напрыклад, хвалюе Уладзіміра Іванавіча ўсё той жа брак на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай, дзе не ўлічаны ўхіл пандусаў. Ёсць праблемы і з тым, каб трапіць у царкву Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры г.п.Ушачы: пандус, хаця і круты, ёсць, а поручняў, якія б дазволілі ўтрымацца, няма.

– Гэта яшчэ нічога! Тут іншыя вернікі дапамогуць заехаць у храм. А вось у музей народнай славы імя У.Е.Лабанка калясачнікам увогуле няма “ходу”: адмысловага абсталявання тут не прадугледжана, – са шкадаваннем зазначае мужчына.

Выправіць сітуацыю, на думку нашага суразмоўцы, можа прыняцце пастановы Савета Міністраў ад 25 чэрвеня 2019 года нумар 417. Згодна з ёй, у Беларусі на 3,5 працэнта павялічваецца аб’ём фінансавання мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Вось і цікавіцца У.Лазарэнка канкрэтнымі справамі ў адзначаным накірунку ў раёне.

– Ніякіх грошай “зверху” пакуль няма. Да таго ж аб’ёмы фінансавання дзяржпраграмы – а гэта сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, уласныя “зберажэнні” выканаўцаў – будуць удакладняцца, зыходзячы з эканамічных магчымасцей, – патлумачылі нам ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Цяпер жа, па словах загадчыка сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргея Пятровіча Дыммана, на парадку дня знаходзіцца правядзенне ў жніўні-верасні бягучага года рамонту асфальта-бетоннага пакрыцця з адмысловым з’ездам з тратуара па вуліцы Ленінскай каля магазіна “Дабраном” і на перасячэнні з Садовай. Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй неабходнае для свабоднага доступу калясачнікаў абсталяванне з’явіцца і ля музея, які зараз мадэрнізуецца. Адпаведныя змены адбудуцца і ў сельскай мясцовасці, у прыватнасці, у Глыбачанскім сельвыканкаме.

Узгаданае пытанне на Ушаччыне трымаецца на кантролі. На сённяшні дзень са 153 аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры безбар’ерным асяроддзем забяспечана 118. Амаль ідэальным у гэтым сэнсе з’яўляецца будынак тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, што ў Градзянцы. Як расказала намеснік дырэктара службы Ганна Карлаўна Лышко, на ўваходзе ўстаноўлены пандус з адбойнікамі, тактыльная плітка, ёсць тут і спецыяльная кнопка для выкліку персаналу, а ў холе, актавай зале і нават туалеце, як таго патрабуюць правілы, маюцца поручні. Вядома, імгненна дасягнуць такога ж выніку, “падцягнуўшы” і іншыя аб’екты, не атрымаецца. Недастаткова проста пабудаваць пандус. Неабходна зрабіць яго па ўсіх правілах, каб каляска магла заехаць, развярнуцца (дарэчы, такую магчымасць ля будынка КБА шукаюць зараз спецыялісты). Часткова патрабуюць перааснашчэння жыллёвы фонд, дваровыя тэрыторыі, у некаторых месцах трэба панізіць бардзюрны камень. А на гэта патрабуюцца і значныя сродкі, і сілы, і час. Галоўнае, каб пра такую справу не забывалі і не лічылі чымсьці другарадным.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *