4 октября в стране стартует перепись населения

Общество

У пятніцу прайшоў першы арганізацыйны сход перапісчыкаў на Ушацкім перапісным участку. У раёне ён адзін, бо колькасць насельніцтва не перавышае вызначаную норму ў 14,5 тысячы чалавек. Загадчыкам перапіснога ўчастка з’яўляецца Алеся Леанідаўна Крывёнак, а яе памочнікам – Святлана Рыгораўна Клачок. Менавіта яны курыруюць работу 19 перапісчыкаў, а таксама перапіснога пункта, які будзе працаваць па адрасе Савецкая, 37 ( другі паверх) з 4 па 6 кастрычніка з 9 да 21 гадзіны, а з 7 па 30 – да 20 гадзін. У вызначаны час там могуць перапісацца тыя ўшачане, якія не жадаюць, каб да іх прыходзілі дамоў. Самы ж зручны варыянт – зрабіць гэта з 4 па 18 кастрычніка самастойна праз спецыяльна створаны сайт (переписьбел ці census.by), які актывізуецца ў 00 гадзін 4 кастрычніка. Паралельна ў арганізацыях будуць працаваць мабільныя перапісныя групы. 19-20 кастрычніка пройдзе маніторынг і са спісаў будуць выключаны тыя адрасы, члены якіх прайшлі перапіс. З 21 па 30 пройдзе апытанне па месцы жыхарства.

Што трэба ведаць кожнаму з нас – рэспандэнту. Па-першае, пераканайцеся, што перад вамі не ашуканец. Перапісчыкі маюць пасведчанні (без фотакартак, таму можаце запытаць дакумент, які пацвярджае асобу), а таксама сумку з лагатыпам перапісу і планшэтам. Не трэба прад’яўляць ніякіх дакументаў, адказы на пытанні запаўняюцца са слоў. Маеце права паглядзець, што запісаў перапісчык. Адзін член домаўладання (у яго ўваходзяць усе, хто вядзе сумесную гаспадарку, мае адзін бюджэт) можа паведаміць пра астатніх. Гэта датычыцца і людзей, якія працуюць за мяжой, а сям’я жыве ва Ушацкім раёне. Калі вы не ведаеце, як адказаць, вам дапаможа перапісчык або на маніторы ўсплывуць падказкі.

Перапіс праводзіцца па месцы фактычнага пражывання чалавека, а не яго рэгістрацыі, адзінамомантна па стане на нуль гадзін 4 кастрычніка, таму не ўлічваюцца людзі, якія нарадзіліся пазней, і наадварот, трэба паведамляць пра тых, хто пайшоў з жыцця пасля гэтай даты. Апытанне можна завяршыць на любым этапе, але для паўнаты і аб’ектыўнасці пажадана, каб мы адказалі на ўсе. Тым больш што ніхто не ставіць на мэце даведацца, напрыклад, пра наш заробак (цікавяць толькі крыніцы). Усе мы ўяўляем сацыяльны зрэз – па поле і ўзросце, месцы пражывання ці вядзення асабістай гаспадаркі – на падставе гэтых даных потым фарміруюцца праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, будуць закладацца школы і бальніцы, прадпрыемствы для новых працоўных месцаў ці будавацца аўтобусныя прыпынкі.

Не трэба баяцца паведамляць свой ідэнтыфікацыйны нумар перапісчыку, ён проста спрашчае яго задачу – не давядзецца пісаць асабістыя даныя, яны аўтаматычна з’явяцца ў графах. Пры абагульненні даных ён выдаляецца з праграмы, як прозвішча, імя і імя па бацьку. Яны патрэбны толькі каб пазбегнуць блытаніны з рэспандэнтамі. Атрыманыя звесткі з’яўляюцца канфідэнцыйнымі, перапісчыкі азнаёмлены з адказнасцю аб іх распаўсюджванні.

Навацыі перапісу 2019 года – інавацыйны падыход: асноўны збор даных будзе ажыццяўляцца праз планшэты з праграмным забеспячэннем і спецыяльна створаны сайт. Упершыню ў перапіс уваходзіць і блок сельскагаспадарчых пытанняў, які, напрыклад, у Францыі ажыццяўляецца штогод. У нас ён рабіўся выбарачна і не адлюстроўваў рэальнай карціны.

Даныя перапісу ў Рэспубліцы Беларусь уваходзяць у сусветны банк перапісу, які ажыццяўляецца ва ўсіх краінах свету раз у дзесяць гадоў. Яны вельмі важныя як для развіцця эканомікі краіны, так і міждзяржаўных адносін. Нацыянальная прыналежнасць, дарэчы, таксама ёсць сярод пытанняў, а ў пераліку моў, якімі валодаеце ці лічыце роднай, значыцца не толькі руская, беларуская, але і трасянка.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *