Из любого материала ремесленница Лидия Чальян сотворит вещь с необычным колоритом

Мир увлечений Экономика и малый бизнес

Здаецца, што можна зрабіць з грубай, шурпатай мешкавіны, шкарпэткі ці кавалка тканіны? Але ж ва ўмелых руках ушачанкі Л.П.Чальян гэты на першы погляд непатрэбны матэрыял хутка ператвараецца ў рэчы, здольныя падарыць утульнасць любому дому, напоўніць яго асаблівым каларытам.

Лідзія Пятроўна пайшла па стопах бацькоў. Па прыкладзе таты Пятра Савельевіча Пятніцы, які быў настаўнікам пачатковых класаў, набыла педагагічную спецыяльнасць, доўгі час працавала ў дашкольных установах гарпасёлка, дзіцячым сацыяльным прытулку. У апошнім, дарэчы, выконвае абавязкі выхавацеля і зараз, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Творчая ж жылка ад матулі, Зоі Іванаўны.

– Яна б, напэўна, магла стаць выдатным скульптарам: настолькі прафесійна рабіла з гліны розныя фігуркі, – расказвае Лідзія Пятроўна. – Усе мае равеснікі зайздросцілі: такіх унікальных цацак больш ніхто не меў. Я ж з захапленнем назірала за іх “вытворчасцю”, чым магла, дапамагала маці. Калі ж пасля заканчэння школы пайшла вучыцца ў Полацкае педвучылішча, шчыра парадавалася таму, што падобным творчым заняткам там удзялялася не менш увагі, чым, скажам, псіхалогіі ці непасрэдна педагогіцы.

У студэнцкія гады навучылася Л.П.Чальян працаваць з саломкай і бяростай, пазнаёмілася з іншымі тэхнікамі. Пазней актыўна прымяняла ўсё гэта ў прафесійнай дзейнасці. Калі ж выйшла на пенсію, афіцыйна аформіла рамесніцтва і з галавой акунулася ў любімую справу. У адным з пакояў сваёй кватэры Лідзія Пятроўна абсталявала рабочае месца, доўгі час займалася самаадукацыяй: праз літаратуру, інтэрнэт вывучала культуру Беларусі, яе здабыткі. І толькі пасля таго, як набыла добрую тэорыю, узялася за практыку – у руках Лідзіі Пятроўны пачалі нараджацца непаўторныя лялькі-абярэгі.

– Як і нашы продкі, раблю мотанкі без твару, з выкарыстаннем выключна чырвоных нітак і без ніводнага праколу іголкай. У кожнай лялькі сваё прызначэнне, пра што гавораць назвы: Дабрабытніца, Траўніца, Мамушка. І ў кожнай свой характар, свая знешнасць. Так, напрыклад, у першай схаваны фасолінка ці крупы – сімвал багацця, другая напоўнена духмянымі лекавымі раслінамі, якія, дарэчы, сама збіраю і высушваю, ну а трэцяя трымае ў руках немаўля, сімвалізуючы абарону ад нягод усіх дзетак у доме.

Любіць яна чараваць і над абаяльнымі дамавічкамі, якія здаўна лічацца лепшым абярэгам для дома, сімвалам дабрабыту. На гэтых герояў часу Лідзія Пятроўна не шкадуе, выкарыстоўвае ў рабоце і не зусім прывычныя матэрыялы: крупы, зерне, салёнае цеста. Пашырыць жа “сферу ўжывання” такім рэчам дапамагаюць прымацаваныя да дамавічкоў плеценыя скарбонкі – справа рук сястры Л.П.Чальян Тамары Скуматавай.

Вырабляе рамесніца і прыгожыя ігольніцы з мешкавіны, рознакаляровых стужак, уцяпляльніка, і мініяцюрныя лапці з ушытым магнітам, і розныя вясельныя аксэсуары. Апошнія, дарэчы, карыстаюцца ва ўшачан асаблівым попытам – заказы на тэматычныя фужэры, свечкі, падвязкі для нявесты, бутаньеркі паступаюць пастаянна. Асвоіла жанчына і контурынг па шклу, работу з фааміранам, палімернай глінай. У бліжэйшых планах – пачаць вырабляць арыгінальныя кіпцюраточкі, пра што не раз прасілі знаёмыя, уладальнікі братоў нашых меншых. Аднак тут, як прызнаецца Лідзія Пятроўна, трэба прынаравіцца: такая “вытворчасць” патрабуе выкарыстання дрылі, адвёртак і іншых “мужчынскіх” прыстасаванняў.

– Я па-сапраўднаму шчаслівы чалавек, паколькі раблю тое, што люблю, і люблю тое, што раблю, – мудра зазначае ўшачанка. – Дарэчы, плата за рамесніцтва, якое дазваляе рэалізоўваць зробленае, – сімвалічная, уносіцца раз у год.

Радуе жанчыну і тое, што многія людзі, хоць і не вераць у язычніцкія паданні, інтарэс да народнай спадчыны захоўваюць. Нездарма ў раённым Доме рамёстваў, санаторыі “Лясныя азёры” і на “Славянскім базары” ў Віцебску, дзе Л.П.Чальян прадстаўляе свае работы, ёсць на іх попыт. Выставы лялек-абярэгаў дэманстраваліся на раённых і мясцовых святах, ёсць на старонцы жанчыны ў “Аднакласніках”.

Яна не сцвярджае, што яе абярэгі засцерагаюць ад праблем, з якімі былі закліканы змагацца ў даўніну, але тое, што яны дораць людзям добры настрой і захапляюць творчасцю, упэўнена.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *