Дмитрий Литвинов — ремесленник с «золотыми» руками

Экономика и малый бизнес

Першае знаёмства з рамеснікам Дзмітрыем Літвінавым аказалася завочным – у яго дом па завулку Каранеўскага наведалася падчас перапісу. Два асвечаныя ўваходы з паўкруглымі навесамі, арэлі, накрытыя тэрасы, альтанка сведчылі пра наяўнасць моцнага гаспадара… Хаця дома яго не аказалася, нягледзячы на позні час. Жонка Віка правяла праз прыхожую з аркай ва ўтульны дзіцячы пакой, дзе старэйшы Кірыл рабіў урокі, а малодшы Жэня гуляў. У гэтым доме веяла абсалютнай лагодай, сюды хацелася наведацца яшчэ раз, каб пазнаёміцца з чалавекам, які стварыў гэты дабрабыт, зарабляючы ўласнымі рукамі і аўтарытэтам умельца.

“Шавец без ботаў”, – смяецца Дзмітрый Мікалаевіч, паказваючы на прыгожую вінтавую лесвіцу. – Усё пафарбаваць часу не стае. Выхадных у рамесніка не бывае, займаюся добраўпарадкаваннем чужых сядзіб. А ў самога шмат недаробак”. Хаця гэта хутчэй не хібы, а жаданне ўдасканалення. На кухні след ад радыятараў – зняў, бо хапае цёплай падлогі. Другі ўваход зрабіў пасля падводу газу, – спецыяльна дабудаваў памяшканне для катла, лазня – пад адным дахам з домам. Другі паверх з’явіўся нечакана: зашыў столь гіпсакардонам – і атрымалася два ўтульных светлых пакоі з выдатным відам, якія аблюбавалі сыны, пра што сведчыла мноства цацак, пераважна канструктараў.

Праект свайго дома Дзмітрый чарціў сам. Ён не толькі добра малюе, але і мае пачуццё колеру, форм, прапорцый, што дапамагае і ў рабоце з кліентамі. Ён і варыянты сценак-паліц прапануе, і з матэрыялам падкажа, і ўзоры ўжо гатовых заказаў прадэманструе. А іх шмат, як у нашым раёне, так і за межамі. І ў рэкламе рамеснік не мае патрэбы: працуе сарафаннае радыё, вось і хапае работы. А некалі ездзіў за ёй у Расію.

З арміі Дзмітрый вярнуўся пасля развалу Савецкага Саюза. І хоць вучыўся па накіраванні саўгаса “Ушацкі”, працаваць у ім не давялося. Вадзіцель і электрык па адукацыі, ён свае першыя заробкі шукаў у Маскве: “Прыехалі, кажуць плітку класці трэба, я ж у руках яе ніколі не трымаў. Аднак паўдня паназіраў, а зараз любыя формы складу. На наступны дзень сцены тынкаваць давялося… Гэты дом я будаваў сам, прычым вельмі хутка. Наогул не люблю зацягваць – дах перакрыць магу за дзень. Паклеіць шпалеры, зрабіць перапланіроўку, вінтавую лесвіцу – для мяне не праблема. Стрыгу знаёмых даўным-даўно, так што і не ведаю, чаго не ўмею”. Хаця адзін неасвоены занятак усё ж знайшлі. Віка пайшла “нарошчваць” вейкі і Дзіма пасмяяўся, што мог бы аказваць і гэтыя паслугі. З пачуццём гумару ён таксама на ты – прыгадваючы дзеда Мікалая Адамавіча з Сорзава, дабавіў, што “ён з галавой дружыў – бухгалтарам працаваў, а не рукамі”.

Д.Літвінаў наогул з разраду ўмельцаў-самавучак. Малым назіраў за бацькам Мікалаем Мікалаевічам, які таксама самастойна будаваў дом, пераймаў, вучыўся. Зараз яго няма, а Дзмітрый дапамагае маці падтрымліваць сядзібу – там таксама парадак і ўтульнасць, а пераход з прасторнай прыхожай у кухню адкрывае яго прыгожая арка. Ён не баіцца ніякай работы: з 13 гадоў у саўгасе на конях сена з лугоў вывозіў, на зернетоку дзяжурыў, памочнікам камбайнера працаваў. У многіх расійскіх рэгіёнах пабываў, буйныя спартыўныя аб’екты і прыватныя дамы ўзводзіў, а зараз не нарадуецца, што ўсё гэта ў мінулым. Дома таксама работы дастаткова, а пераваг… Штодня бачыць сыноў, ведае, чым захапляюцца, пад наглядам уласная гаспадарка, спрошчаны варыянт разлікаў з дзяржавай – плаціць толькі адзіны падатак. Ён сам сабе ўстанаўлівае працоўны графік, хоць гэта і не значыць, што ён вольны. Наадварот, вяртаецца заўсёды за дзевяць, выхадныя толькі вымушаныя, як у мінулую нядзелю. На двары сыпаў мокры снег, вулічныя работы адмяняліся. А на пытанне, што будзе рабіць у вольны час, Дзмітрый Мікалаевіч усміхнуўся і паказаў на калідор: “Трэба ж і ў сябе рамонт заканчваць”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *