Ушачский лесхоз приглашает ушачан посадить своё дерево во время «Недели леса»

Экология

Пасадзіце сваё дрэўца!

Ушацкі лясгас запрашае працоўныя калектывы і ўсіх жадаючых пасадзіць сваё дрэва падчас “Тыдня лесу”, які пройдзе ў Беларусі з 28 сакавіка па 4 красавіка. Сёлета маштабная “зялёная” акцыя, арганізатарам якой традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі, пройдзе ўжо 13-ы раз і прысвячаецца Году малой радзімы, а таксама 75-годдзю Вялікай Перамогі. Галоўная мэта мерапрыемства – папулярызацыя беражлівых адносін да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны. Як паказвае статыстыка, з кожным годам да “Тыдня лесу”далучаецца вялікая колькасць нашых суайчыннікаў. Летась свой уклад у прымнажэнне ляснога фонду краіны ўнеслі больш за 50 тысяч чалавек. Іх рукамі пасаджаны каля 30 мільёнаў дрэў, у асноўным елка, сасна, бяроза. Акрамя гэтага, добраахвотнікі займаліся і ўборкай смецця ў лясным фондзе, падрыхтоўкай месцаў адпачынку да сезона.

Як нам паведамілі на прадпрыемстве, для таго каб прыняць удзел у акцыі “Тыдзень лесу-2020”, неабходна звярнуцца ў лясгас або бліжэйшае лясніцтва. Спецыялісты не толькі вызначаць месца і від работы, але і забяспечаць неабходным інвентаром, пасадачным матэрыялам. Акцыя праходзіць з 28 сакавіка, аднак лясгас гатовы прыняць актывістаў у зручны для іх час.

Вольга КАМАРКОВА.

Казачны лес

Фотаконкурс пад такой назвай у рамках рэалізацыі добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу-2020” праводзіць зараз райкам БРСМ. Праявіць свае творчыя здольнасці ў трох намінацыях – “Жывёльны свет ушацкіх лясоў”, “Незвычайныя лясы маёй малой Радзімы” і “На абароне лесу” запрашаюцца члены грамадскага аб’яднання ва ўзросце ад 14 гадоў. Абавязковая ўмова – падпіска на групу райкама БРСМ у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.

Свае работы (не больш трох у кожнай намінацыі) трэба да 2 красавіка размясціць у адмысловым альбоме групы. Пераможцы будуць вызначаны па выніках адкрытага галасавання, якое пройдзе на ўзгаданай інтэрнэт-пляцоўцы 3-4 красавіка. Аўтараў самых цікавых, прыгожых кадраў чакаюць памятныя падарункі.

Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс можна атрымаць па нумары 5-77-84.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *