Четырёхлапые помощники. На Ушачской ветеринарной станции есть свой зоосад

Сельское хозяйство

З 2001 года ў апошнюю суботу красавіка адзначаецца Сусветны ветэрынарны дзень. Акадэмік Паўлаў калісьці сказаў: “Медыцынскі ўрач лечыць чалавека, ветэрынарны – чалавецтва!” І гэта на самой справе так, бо ветэрынарыя распаўсюджвае міласэрнасць на ўсё жывое.  Разам з тым, спецыялісты гэтай прафесіі займаюцца не толькі лячэннем жывёлы, але і выконваюць функцыю кантролю якасці прадуктаў жывёльнага паходжання, вывучаюць узбуджальнікаў розных інфекцый і, адпаведна, падбіраюць сродкі прафілактыкі ад захворванняў. І ў гэтай справе ў іх ёсць чатырохлапыя памочнікі.

Мала хто ведае, але ва Ушачах маецца міні-заасад. Менавіта так можна назваць віварый на тэрыторыі райветстанцыі – памяшканне, прызначанае для ўтрымання лабараторных жывёл, якія выкарыстоўваюцца ў доследнай рабоце.

Наведаць яго можа далёка не кожны, але для нас зрабілі выключэнне і пазнаёмілі з яго насельнікамі – каля сотні марскіх свінак, авечкай Белкай, двума дзясяткамі белых мышэй і трусамі, якіх тут каля 40. У асноўным даглядае гэту гаспадарку ветэрынарны санітар Галіна Васільеўна Падгол. Але ж жывёлу трэба карміць штодня, выхадных ці святочных дзён у гэтай справе няма, таму на дапамогу прыходзіць Раіса Васільеўна Бакан.

– Віварыі маюцца ў кожнай райветстанцыі, – расказвае загадчык дыягнастычнай лабараторыі Ірына Браніславаўна Луканевіч. – Зразумела, што трымаецца ў ёй жывёла не для дэкаратыўных мэт, а для правядзення даследаванняў. Колькасць яе мы рэгулюем самі.

Спецыяліст прывяла некалькі прыкладаў прымянення гадаванцаў віварыя. Лёгка заблытацца ў тэрміналогіі, якой аперыруе ветурач з вялізным вопытам і стажам, але асноўнае зразумела. З дапамогай марскіх свінак, напрыклад, робіцца проба на туберкулёз, мышы дапамагаюць выяўляць вострыя інфекцыйныя захворванні – пастэрэлёз, сальманелёз, колібактэрыёз і іншыя. Трусоў выкарыстоўваюць для вызначэння таксічнасці камбікармоў – праводзяць біяхімічны аналіз крыві. Таксама з яе робяць спецыяльную сываратку, прычым матэрыял бярэцца прама з сэрца гэтых звяркоў, а яны пры гэтым застаюцца жывымі! “Донарам” з’яўляецца і Белка.

Уся жывёла размяшчаецца ў спецыяльных загонах або клетках, пабудаваных работнікамі райветстанцыі і абсталяваных кармушкамі. Зерне для пракорму насельнікаў віварыя набываецца ў калгасах, сена рыхтуецца прама на вялікай тэрыторыі арганізацыі, ды і буракі, з дапамогай якіх Г.В.Падгол выманіла з нетраў клеткі на “фотасесію” труса-альбіноса, вырошчваюць самі ветсанітары. А мышак – і гэта не жарт – наогул кормяць батонамі і… дзіцячым харчаваннем! Прычым батон павінен быць сухім, па словах спецыялістаў, так і для арганізма грызуноў карысней, і зубы заадно павостраць. З усмешкай успамінае І.Б.Луканевіч, як некалькі гадоў таму падчас выезду ў адну з гаспадарак раёна зайшлі ў вясковую краму, а ў гутарцы паміж сабой прыгадалі, што “трэба батон мышам купіць”. Пажылы мужчына, які стаяў у чарзе і чуў гэта, вельмі здзівіўся размовам “гараджан” і нават прапанаваў ім скарынкі хлеба.

Так што ўмовы ўтрымання звяркоў у лабараторыі зайздросныя. У адрозненні ад іх сумнага лёсу: часта жыццё заканчваецца ў асобным ізаляваным памяшканні, дзе размяшчаецца наўмысна заражаная жывёла, за якой вядуцца назіранні і даследаванні. Загінуўшыя асобіны ўтылізуюцца па ўсіх санітарных патрабаваннях. У нейкім сэнсе ахвяруюць сваім жыццём звяркі не толькі дзеля захавання пагалоўя сельскагаспадарчых жывёл, стварэння здаровых статкаў. Ветурачы і іх памочнікі арганізуюць правядзенне лячэбна-прафілактычных і супрацьэпізаатычных ме­ра­прыемстваў і такім чынам ахоўваюць насельніцтва ад хвароб, якія перадаюцца ад жывёлы да чалавека.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *