Скоростной интернет и видеоконтроль. Ушачане активно пользуются услугами «Белтелекома»

Экономика и малый бизнес

Быць на сувязі з навакольным светам імкнецца кожны чалавек. Аднаму трэба зрабіць важны званок па рабоце, другому хочацца знайсці інфармацыю ў інтэрнэце ці проста паглядзець цікавую тэлеперадачу… І ўсё гэта мы можам зрабіць дзякуючы калектыву Ушацкага ўчастка электрасувязі Полацкага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі з начальнікам службы Аляксандрам Уладзіміравічам ШАКУТАМ пра будзёныя справы, а таксама пра тое, якія новаўвядзенні чакаюць жыхароў раёна ў галіне сучасных тэхналогій.

Адным з традыцыйных напрамкаў дзейнасці ўчастка з’яўляецца аказанне насельніцтву паслуг тэлефоннай сувязі. Па ўзроўні пранікнення апошняй, з улікам колькасці жыхароў, Ушаччына займае ў вобласці 12 месца. На сённяшні дзень на абслугоўванні нашых сувязістаў – тэлефонная сетка з 5956 нумарамі, 2904 з якіх у сельскай мясцовасці. Незадаволеных заявак на ўстаноўку дадатковых у раёне няма.

– Зараз тэлефон – гэта не проста прыстасаванне для гутаркі двух чалавек. Гэта яшчэ шмат дадатковых паслуг, – кажа А.У.Шакута. – Сярод іх – доступ у сетку інтэрнэт, падчас якога перадаецца вялікі аб’ём інфармацыі. З устаноўкай электронных АТС абаненты атрымалі магчымасць карыстацца хуткім танальным наборам нумара, пераадрасацыяй, кадзіраваннем і многімі іншымі карыснымі функцыямі.

Папулярнасць ва ўшачан даўно заваявалі інтэрнэт ад Byfly (правадны і бесправадны), а таксама лічбавае тэлевяшчанне Zala – такіх абанентаў зараз 3700 і 5200 адпаведна.

У бягучым годзе работа ўчастка электрасувязі накіравана на развіццё сучаснай тэлекамунікацыйнай інфраструктуры шляхам падключэння юрыдычных асоб да аптычнай сеткі GPON, самай прагрэсіўнай тэхналогіі доступу ў інтэрнэт, здольнай забяспечыць зайздросную хуткасць абмену інфармацыяй – да 100 Мбіт у секунду. Актыўна працуюць спецыялісты і па падключэнні ў юрсектары сістэмы відэакантролю. Устаноўленыя на прадпрыемствах і арганізацыях камеры дазваляюць адказным асобам весці кантроль за тым, што адбываецца на тэрыторыі, не дапусціць злачынных фактаў. Запатрабаванай аказалася паслуга і ў фізічных асоб – устанавіць абсталяванне на доме – з захопам у аб’ектыў месца стаянкі аўтамабіляў ці, скажам, дзіцячай пляцоўкі – паспяшаліся многія. Цяпер свабодных відэакамер няма, аднак, як запэўніў А.У.Шакута, да пачатку чэрвеня пытанне будзе вырашана.

У планах прадпрыемства на наступны год – будаўніцтва вузлоў сеткі перадачы даных у Мосары і Старым Сяле (на сённяшні дзень сярод сельскіх населеных пунктаў Ушаччыны ёсць толькі ў Матырыне). Оптавалакно тут прыйдзе практычна ў кожны дом, што дазволіць жыхарам карыстацца высокахуткасным інтэрнэтам і тэлебачаннем Zala.

Вядома, намнога прасцей выконваць запланаваныя паказчыкі тады, калі падабраны адпаведныя кадры. З гэтым на Ушацкім участку электрасувязі праблем няма! Асобных слоў падзякі ад кіраўніцтва заслугоўваюць электрамеханік Генадзь Генадзьевіч Арлоўскі і інжынер электрасувязі Ілья Пятровіч Жаваранак, узнагароджаныя да прафесійнага свята Ганаровымі граматамі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Прозвішча апошняга, дарэчы, занесена сёлета на Дошку гонару філіяла. У ліку лепшых работнікаў Ушацкага раёна па выніках 2019-га аказалася і электрамеханік Ганна Валер’еўна Бугай.

– Галоўная ўзнагарода для нас – адсутнасць скаргаў абанентаў, наяўнасць заяў на развіццё сучасных сродкаў сувязі, цеснае і плённае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, – кажа А.У.Шакута. – Лічу, што ўсё гэта ў нас атрымліваецца. Карыстаючыся выпадкам, напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам і ветэранам працы новых здзяйсненняў і адкрыццяў, заўсёды верыць ва ўласныя сілы і заставацца на сувязі!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: М.Лёля, Г.Арлоўскі, ­М.Сысуеў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *