Там, где борются за жизнь человека. Чем живёт отделение реанимации и анестезиологии ЦРБ

Здравоохранение

Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. Ад гэтага надпісу перад уваходам хочацца адысці далей: жыццё чалавека тут уяўляецца асабліва кволым. Барацьбу ж за яго ў кругласутачным рэжыме вядуць высокапрафесійныя спецыялісты.

– На месцы праводзім абследаванне і дыягностыку, каб аператыўна прыняць меры па стабілізацыі стану пацыентаў, – расказвае пра работу аддзялення яго загадчык А.С.Вусько. – Бывае, што справу вырашаюць хвіліны, таму прамаруджваць нельга! У нас ёсць усё неабходнае сучаснае рэанімацыйнае абсталяванне, запас прэпаратаў і расходных матэрыялаў на ўсе выпадкі жыцця. Але гэта толькі інструменты ў руках медработнікаў…

Акрамя Аляксандра Сяргеевіча штодня вырываюць хворых з лап смерці ўрачы-рэаніматолагі Канстанцін Мікалаевіч Цімафееў, Раман Валер’евіч Клачок, Юлія Пятроўна Буда. У няпросты эпідэмічны перыяд, звязаны з распаўсюджаннем COVID-19, дапамагае аддзяленню намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Ушацкай ЦРБ, анестэзіёлаг-рэаніматолаг Аляксандр Віктаравіч Паншын.

Вялікая нагрузка кладзецца і на плечы сярэдняга, малодшага персаналу: медыцынскіх сясцёр Рымы Пятроўны Зільберт, Галіны Паўлаўны Вялецкай, Алены Мікалаеўны Полазавай, Розы Генадзьеўны Шарстаковай, Веранікі Віктараўны Цвяцінскай, санітарак Таццяны Уладзіміраўны Пятніца, Вольгі Сяргееўны Цвяцінскай, Любові Іванаўны Чобат і Алены Аляксандраўны Дунец.

За суткі праз аддзяленне, разлічанае на 6 ложкаў, праходзіць і па 7-8 пацыентаў.

– Прыняць можам і ўдвая большую колькасць: да пандэміі падрыхтаваліся па максімуме! – кажа А.С.Вусько. – Маем чатыры апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх (адзін часова перадавалі вясной у Докшыцкі раён, дзе ўзнікла неабходнасць у дадатковым абсталяванні), дастатковую колькасць кіслародных масак. Няма праблем у нас і з ахоўнай амуніцыяй.

– Адзінае – няпроста ўсё дзяжурства, якое доўжыцца 24 гадзіны, праводзіць розныя маніпуляцыі ў рэспіратары, касцюме, са шчытком на твары, – уключаецца ў размову Р.В.Клачок. – А бываюць і форс-мажорныя сітуацыі. Так, напрыканцы мая пасля аварыі да нас трапіў малады чалавек з шэрагам сур’ёзных траўм. Восем гадзін ішла аперацыя з удзелам нашага загадчыка, былі выкліканы спецыялісты з Віцебска… Тым часам у аддзяленні кіпела работа і з іншымі пацыентамі: былі выпадкі COVID-19, інсульты, інфаркты.

У шэрагу выпрабаванняў для гэтых медыкаў і неабходнасць захавання самаізаляцыі. Усе яны ў пік распаўсюджання каранавіруса абмежавалі стасункі з блізкімі.

Цяпер эпідсітуацыя ў раёне выглядае больш аптымістычна. Цяжкіх пацыентаў з “каронай” у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі няма, што дазволіла медыкам правесці ў памяшканнях поўную санапрацоўку, кварцаванне і перайсці ў больш-менш прывычны рэжым работы. І ў многім дзякуючы гэтаму ў нас атрымалася трапіць сюды і пагутарыць на працоўным месцы з людзьмі, якіх вобразна можна назваць зямнымі анёламі-ахоўнікамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Погляд

  • Рыма Пятроў­на Зільберт у “рэанімацыі” працуе са жніўня 1994 года. Была анестэзісткай, працэдурнай сястрой, а зараз займае пасаду старшай медыцынскай сястры. “Нягледзячы на бяссоныя ночы і неспакойныя дні, я ўсё ж люблю сваю справу, – кажа жанчына. – Другое жыццё пацыентаў, якое часта пачынаецца ў нашым аддзяленні пасля спыненага крызісу, усяляе аптымізм, дае сілы ісці наперад”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *