Более 4 тысяч деревьев и кустарников будет высажено на Ушаччине в рамках экологической кампании «Обустроим малую родину»

Общество

Ажно 4300 дрэў і хмызнякоў будзе высаджана на Ушаччыне ў рамках рэспубліканскай экалагічнай кампаніі “Уладкуем малую радзіму”. Неабходны пасадачны матэрыял – маладыя клёны, ліпы, туі, ядловец, кізільнік, спірэя і іншыя расліны – набыты нядаўна за сродкі жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна.

– Стараемся зрабіць так, каб ніводны куточак райцэнтра не аказаўся без належнай увагі, – адзначае майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Вольга Віктараўна Шчэрбік. – Дзесьці дастаткова “даць прапіску” ўсяго некалькім дрэўцам, каб тэрыторыя зайграла новымі фарбамі. Ну а недзе закладваем цэлыя паркавыя зоны для адпачынку.

Дарэчы, на адной з такіх сустрэлі на мінулым тыдні прадстаўнікоў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па словах начальніка службы Міхаіла Аляксандравіча Шука, новая алея на дагэтуль пустуючай тэрыторыі на ўездзе ва Ушачы збоку магазіна “Санта” павінна стаць своеасаблівай візітнай карткай райцэнтра.

Дапамогу камунальнікам, якія ўзялі на сябе асноўны фронт работы, аказваюць прадстаўнікі і многіх іншых прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Актыўна ўключылася ў мерапрыемствы і падрастаючае пакаленне – у мінулую пятніцу азеляненнем дваровай тэрыторыі па Ленінскай, 16 займаліся члены Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна, актывісты райкама БРСМ, а таксама юнакі і дзяўчаты, што знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі.

…Значна папрыгажэла гэтымі днямі ў скверы гарпасёлка, ля помніка загінуўшым воінам і партызанам, ля фантана па вуліцы Савецкай. Работы па восеньскай пасадцы дрэў, кустоўя кіпяць і зараз. Далучайцеся да гэтай годнай справы!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *