Стальные лесорубы, или Как благодаря комплексу харвестер+форвардер Ушачскому лесхозу удаётся работать в разы продуктивней

Экономика и малый бизнес

Чалавек ва ўсе часы нарыхтоўваў лес – уручную, шчыруючы з пілой. А сёння дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу можна працаваць прадукцыйней. Выконваць вялікія аб’ёмы работнікам Ушацкага лясгаса дапамагае спецыяльная тэхніка – харвестары і фарвардары. Што гэта за агрэгаты, мы высветлілі, адправіўшыся на лясныя дзялянкі.

– Лесанарыхтоўкі ў многіх людзей асацыіруюцца з вальшчыкамі лесу ды лесавозамі, а пра такую тэхніку, як харвестар і фарвардар, некаторыя нават не чулі. Між тым, гэтыя стальныя лесарубы істотна павышаюць прадукцыйнасць працы. Калі пры традыцыйным спосабе брыгада з 7-8 чалавек нарыхтуе 7-8 тысяч кубаметраў лесу ў год, то прымяненне звязкі “харвестар плюс фарвардар” – да 60-ці тысяч і больш, – кажа начальнік лесапункта Ушацкага лясгаса Віталь Сіцько, знаёмячы з працэсам.

Харвестар у перакладзе з англійскай мовы азначае жнец, а яшчэ яго часта называюць лясным камбайнам. Транспартны сродак абсталяваны маніпулятарам і ў рабоце вельмі падобны на робата. Шарнірная галоўка, здаецца, жыве сваім жыццём: сама знаходзіць дрэва, сама валіць яго, а потым пазбаўляе ад сукоў, выдаючы шматметровыя бярвёны. Абслугоўвае харвестар не трактарыст і не машыніст, а аператар. Назва прафесіі ў многім абумоўлена складанасцю тэхнікі. У кабіне няма звыклага руля, а кіраванне ажыццяўляецца джойсцікам.

– Прывыкаеш, і нічога страшнага. Гэта толькі на выгляд машына незвычайная, а так – простая і лёгкая ў кіраванні, манеўраная і хуткая. Зараз убачыце, – кажа С.Ярмош і адпраўляецца ў кабіну. Праз лічаныя секунды галоўка стралы ахоплівае ствол высокай сасны і яна прыпадымаецца ўверх. Плаўны паварот набок, праход праз каткі – і на зямлі застаецца некалькі роўных частак – іх даўжыню рэгулюе камп’ютар. Апрацоўка ствала, у залежнасці ад памеру, займае ўсяго ад 20 да 60 секунд.

Першы харвестар ва Ушацкім лясгасе з’явіўся больш дзесяці гадоў таму, а зараз у лесапункце маецца дзве такія машыны. Сяргей Ярмош з Васілём Мамонавым працуюць пазменна на больш прадукцыйным агрэгаце, на другім задзейнічаны Уладзімір Урбан і Аляксандр Ласкуноў.

Калі харвестар скончыў сваю справу, за работу бярэцца яго нязменны напарнік – фарвардар, які сарціруе, збірае і вывозіць бярвёны з дзялянкі, рыхтуючы тым самым фронт работы для лесавозаў.

– Мы як адно цэлае, працуем дружнай камандай на тэрыторыі ўсіх лясніцтваў, утвараючы своеасаблівы магутны канвеер. Цікава, што часам фарвардар называюць… кракадзілам! Такая асацыяцыя выклікана не толькі зялёным колерам тэхнікі і “знешнасцю”, а і манеўранасцю: прабіраючыся па лясных участках, ён выкручваецца, як гэтая жывёліна. Зрэшты, высокая праходнасць дазваляе працаваць нават у самых цяжкадаступных месцах. Сучаснай тэхніцы ўжо нават не здзіўляюцца лясныя насельнікі. Днямі, напрыклад, на дзялянцы ў Кубліцкім лясніцтве ў дзясятку метрах за маёй работай уважліва назіралі некалькі ласёў, – расказвае Аляксандр Захарэнка. Акрамя яго на гэтых адзінках шчыруюць Сяргей Дрозд, Уладзімір Шэдзько і Мікалай Ціханёнак.

Працуюць жа занятыя на харвестарах і фарвардарах пазменна – па 12 гадзін два праз два дні. На пытанне ці не ўскладняецца працэс у цёмны час сутак, кажуць, што гэты момант прадуманы – тэхніка аснашчана шматлікімі ліхтарамі, ад якіх на дзялянцы светла, як днём.

– У механізаванай нарыхтоўцы драўніны ўсе работнікі – прафесіяналы. Вызначыліся не толькі на сваіх тэрыторыях, а і ў камандзіроўках у іншых раёнах рэспублікі, дзе ліквідавалі наступствы ўраганаў, – хваліць падначаленых В.Сіцько. – Адзначу, што радавога трактарыста за кіраванне не пасадзіш, абыходжанню з лесанарыхтоўчымі машынамі яны вучыліся ў спецыяльным цэнтры пад Мінскам, потым напрацоўвалі навыкі на месцы. У гэтым агульным звяне нельга не прыгадаць і нашага механіка Антона Спірыдзёнка, які ў выпадку паломак харвестараў і фарвардараў імкнецца як мага хутчэй дапамагчы вярнуць іх у строй.

Канечне, зусім пазбегнуць ручной працы нават на такой счэпцы разумнай тэхнікі немагчыма. Трапляюцца ствалы крывыя, двайныя, драбяза. Таму, звычайна за машынамі ідуць людзі ў касках, падчышчаюць лесасеку. Але будучыня нарыхтовак менавіта за работай апісаных механізаваных канвеераў. Да слова сказаць, у новым годзе Ушацкі лясгас папоўніць свой тэхнічны парк новымі харвестарам і фарвардарам.

Вольга КАМАРКОВА.

Дарэчы

  • У 1984 г. Карэльскі інстытут лясной прамысловасці стварыў першы ў СССР комплекс машын для нарыхтоўкі сартыментаў, праўда, у той час спецыялісты галіны яшчэ не ўжывалі папулярных цяпер замежных назваў.

На здымку: А.Захарэнка, С.Ярмош.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *