Активности им не занимать! Ушачская районная организация Белорусского союза женщин подвела итоги за 2,5 года своей деятельности

Общество

Беларускі саюз жанчын адзначыў нядаўна 29-ы Дзень нараджэння. А напрыканцы лістапада на Ушаччыне адбылася яшчэ адна важная падзея – справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённай арганізацыі БСЖ. Што зроблена за 2,5 гады дзейнасці арганізацыі, мы пацікавіліся ў яе старшыні Алены Васільеўны ПАШКОВІЧ.

– У складзе раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын на сённяшні дзень 72 члены. Гэта неабыякавыя жанчыны з актыўнай грамадскай і жыццёвай пазіцыяй. Напачатку сваёй работы стаўку зрабілі на творчы патэнцыял нашага краю – сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў правялі конкурс сярод жанчын-паэтэс Ушаччыны, адзначыўшы ўдзельніц дыпломамі і кветкамі. Дарэчы, работнікамі цэнтральнай бібліятэкі імя Е.Лось быў выдадзены зборнік вершаў, якія належаць пяру прадстаўніц прыгожай паловы нашага раёна. Надзвычай цікавым атрымалася мерапрыемства “Я з бабуляю сябрую”, арганізаванае сумесна з народным клубам “Муза”, – на сустрэчу былі запрошаны прадстаўніцы адразу трох пакаленняў жанчын з чатырох сямей, якія дзяліліся з прысутнымі сакрэтамі сямейнага шчасця.

Сямейныя каштоўнасці – у прыярытэце Вашай арганізацыі?

– Безумоўна. Заўсёды прымаем удзел у раённым конкурсе “Мнагадзетная сям’я года”, адзначаем пераможцаў у пэўных намінацыях. У 2019-м напярэдадні Дня маці з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і цэнтральнай бібліятэкай наладзілі вечар-ушанаванне зямлячак, якія ў розныя гады ўзнагароджваліся Преміяй імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі. Цёплых слоў пра гераінь, важнасць мацярынства прагучала нямала, што, спадзяюся, прымусіць задумацца аб сваім прызначэнні і іншых ушачанак.

Бадай, адной з самых яркіх да 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала акцыя “Беларусь памятае. Жаночы твар Перамогі”.

– У яе рамках напярэдадні 9 Мая мы разам з актывістамі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа наведалі на доме з віншаваннямі і падарункамі жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на Ушаччыне. Віншавалі іх і на 8 Сакавіка.

– Што зроблена ў рамках мерапрыемстваў да Года малой радзімы?

– Гэта асобны прадмет гонару нашай арганізацыі, бо зроблена, сапраўды, шмат, а значыць мы пакінулі добры след на роднай зямлі. Правялі суботнікі па добраўпарадкаванні тэрыторый нашых пярвічак, за сродкі раённай арганізацыі БСЖ набылі дэкаратыўныя туі, ядловец, ружы, якія “прапісаліся” ля аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вяркудах, цэнтральнай раённай бібліятэкі. У рамках праекта “Мая радзіма – Ушаччына”, які трэці год рэалізуецца ў раёне, закупілі і высадзілі з Таварыствам Чырвонага Крыжа на мемарыяльным комплексе “Прарыў” цюльпаны. У кастрычніку шчыравалі ля дзіцячай школы мастацтваў – за сродкі арганізацыі набылі 60 вечназялёных дэкаратыўных раслін на суму каля 600 рублёў, штосьці прывезлі і з уласных прысядзібных участкаў.

На рахунку Беларускага саюза жанчын нямала дабрачынных спраў.

– Традыцыйна ўдзельнічаем у акцыі “Нашы дзеці” – дорым святочны настрой малышам, якія напярэдадні Новага года і Каляд аказаліся ў дзіцячым сацыяльным прытулку. Да дня ведаў традыцыйна “збіраем партфель” для выхаванцаў дома сямейнага тыпу ў аграгарадку Арэхаўна. Зараз жа разам з ТЦСАН праводзім раённую дабрачынную кампанію “Дапамажы бліжняму”, у рамках якой праводзім збор адзення, абутку, кніг і іншых рэчаў для людзей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Усё гэта назапашваецца і размяркоўваецца ў нядаўна адкрытым дабрачынным цэнтры ў Градзянцы.

Распаўсюджанне каранавіруса не прымусіла адмовіцца ад намечаных планаў?

– Дзякуючы ініцыятыве нашых членаў планы толькі пашыраюцца. У неспрыяльнай эпідсітуацыі, як бачна, імкнёмся больш мерапрыемстваў праводзіць на свежым паветры, таму ў 2020 годзе стаўку зрабілі на добраўпарадкаванне і ўпрыгожанне тэрыторый. Нядаўна ў форме адкрытага дыялогу правялі сустрэчу нашых актывістак, якія гарманічна спалучаюць розныя ролі – сям’ю і работу, грамадскую дзейнасць і творчасць.

Дзякуючы канструктыўнаму ўзаемадзеянню з органамі дзяржаўнай улады, супрацоўніцтву з іншымі грамадскімі арганізацыямі, сапраўды, нам удалося многае. Яшчэ больш амбіцыйных планаў – наперадзе. Упэўнена, што з такім жаночым актывам усё атрымаецца!

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Дарэчы

  • На мінулым тыдні ў Віцебску адбылася VII абласная справаздачна-выбарчая канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Прыемна, што на ёй Ганаровай граматай грамадскага аб’яднання адзначана актывістка нашай раённай арганізацыі М.В.Ярмош (на здымку). У бягучым годзе Марыя Васільеўна ад Беларускага саюза жанчын арганізавала некалькі мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, у тым ліку на воінскіх пахаваннях на тэрыторыі Кубліцкага сельсавета, аказала дапамогу ў рэалізацыі ініцыятывы БСЖ па адкрыцці дабрачыннага цэнтра, з уласнага прысядзібнага ўчастка прывезла больш за 20 кустоў дэкаратыўнай хосты, якія былі высаджаны ля будынка дзіцячай школы мастацтваў.За актыўную жыццёвую пазіцыю, ініцыятыву, значны ўклад у развіццё і падтрымку жаночага руху ў раёне і Віцебскай вобласці, Падзяка Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын аб’яўлена намесніку старшыні райвыканкама, старшыні раённай арганізацыі БСЖ Алене Васільеўне Пашковіч.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *