Зимний «минус» подарил ушачанам возможность опробовать лыжные трассы около ФОК «Юность-Ушачи»

Общество

Засмуціўшы беларусаў слотным снежаньскім бясснежжам, зіма нарэшце злітасцівілася і паднесла зямлі на Каляды пухнатае белае футра. А значыць, самы час даставаць з каморы лыжы ды канькі і, нагульваючы здаровы румянец, паласаваць белае палатно. І нават калі агляд маёмасці выявіў адсутнасць у доме згаданага інвентару – не бяда: прадбачлівыя работнікі фізкультурна-спартыўнага комплексу “Юнацтва-Ушачы” падрыхтавалі для пракату некалькі дзясяткаў пар лыж і канькоў самага рознага памеру.

Паклапаціліся яны і пра месцы, дзе можна паказаць зімовы спартыўны клас. Напрыканцы мінулага тыдня з дапамогай снегаходу ў наваколлі комплексу былі пракладзены лыжныя маршруты. Прычым, апроч 500- і 1000-мятровых петляў, якія традыцыйна ўкатваюцца на мясцовасці перад будынкам, сёлета з’явілася і яшчэ адна лыжня працягласцю ў 600 метраў: яна агінае футбольнае поле, а паколькі там маецца асвятленне, катацца па ёй можна і ўвечары – пракат лыж працуе да 22 гадзін.

Ушачане ўжо паспелі пратэсціраваць трасы. Асаблівы аншлаг назіраўся ля комплексу ў апошні дзень канікул і вялікіх выхадных, які выдаўся аптымальным для актыўнага адпачынку на свежым паветры. Правясці яго змястоўна разам з дзецьмі вырашылі, напрыклад, сяброўкі Ганна Сабін і Марыя Карпёнак. “Мая дачка Дзіяна ўпершыню стала на лыжы: уяўляеце, колькі было эмоцый! Ды і я сама апошні раз каталася ў дзяцінстве – нават забылася, як гэта класна!” – дзеліцца ўражаннямі Ганна. “Вельмі рады, што выбраліся на лыжню: мае дзеці Лера і Ілья ўжо пытаюцца, калі пойдзем сюды яшчэ раз”, – дадае Марыя. А вось Вольга і Сяргей Пугачовы сваіх сыноў ужо вырасцілі і адправілі на службу ў армію – клопатаў стала менш, чаму б не зарадзіцца бадзёрасцю ў сонечны зімовы дзень.

Прынамсі, не пуставала траса і ў панядзелак: у сярэдзіне дня ўбачылі на ёй групу хлопчыкаў з футбольнай секцыі фізкультурна-спартыўнага клуба. Настаўнік Раман Мікалаевіч Фядосенка вырашыў разнастаіць трэніровачны працэс і прапанаваў выхаванцам лыжную прабежку. Хлопчыкі з радасцю высыпалі на снежны схіл, але, зрабіўшы круг, дружна канстатавалі, што гуляць у футбол усё ж куды прасцей!

А вось ушачанін Алег Пунько, якога сустрэлі непадалёк ад комплексу, шчыра прызнаўся, што да лыжнага спорту раўнадушны, затое пазалетась на катку ля “Юнацтва-Ушачы” пасля сарака год перарыву зноў стаў на канькі – і з задавальненнем убачыў, што атрыманыя ў школьным дзяцінстве навыкі не згубіліся! Магчымасць выйсці на лёд будзе ў яго і сёлета – напачатку гэтага тыдня работнікі комплексу ва ўсю шчыравалі над аднаўленнем катка, які перарваў работу ў час адлігі. Так што ў бліжэйшы час нас чакае актыўны адпачынак на любы густ – абы толькі не перамяніла сваіх марозных намераў свавольніца-зіма.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • “У нядзелю за дзень выдалі больш за 30 пар лыж, – адзначае адміністратар комплексу Алена Клімашэўская. – Людзі прыходзілі сем’ямі, кампаніямі, было шмат дзяцей”.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *