Детский хор школы искусств подарил ушачанам массу положительных эмоций

Культура

Калі бачыш афішу мерапрыемства, якое рыхтуе Узорны дзіцячы хор школы мастацтваў на чале з яго кіраўніком Жаннай Віктараўнай Савіцкай, можна смела вызваляць ад спраў азначаную дату. Вам гарантавана шчодрая порцыя ўзнёслых эмоцый і музычная прышчэпка ад хандры манатонных будняў.

Вось і пасля справаздачнага канцэрта “У свеце музыкі жывём”, які прайшоў напрыканцы мінулага тыдня з аншлагам, гледачы не спяшаліся пакідаць фае школы мастацтваў і актыўна дзяліліся ўражаннямі. “Вельмі люблю падобныя канцэрты, на іх адпачываеш душой”, – адзначала Рыма Леанідаўна Аніскевіч, якая спецыяльна прыехала на імпрэзу з Вялікіх Долец. “Мне сёння ў ноч на работу, але вырашыла ахвяраваць адпачынкам, каб паглядзець выступленне ўнучкі Сашанькі і яе сябровак – і засталася проста ў захапленні як ад праграмы, так і ад канцэртнай залы школы, у якой я ўпершыню!” – дзялілася ўражаннямі ўшачанка Алена Іванаўна Тарасюк. Шчасцем і гонарам за сваіх прыгажунь-дачушак іскрыліся вочы Таццяны Салавей і Ганны Кандрацкай. А сям’я Курбатавых цэлай дэлегацыяй прыйшла падтрымаць юную харыстку Дашу, якая не толькі спявала ў малодшай групе калектыву, а і разам са сваім партнёрам Колем Любельскім паказала харэаграфічную мініяцюру да вельмі прыгожага нумара “Спячая прынцэса”. Сольны дэбют якраз прыпаў на дзень нараджэння дзяўчынкі, якая з гэтай нагоды атрымала на сцэне свае першыя кветкі: падарыў іх дваюрадны брацік, што спецыяльна прыехаў на канцэрт з іншага горада.

Выступленню папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка: апроч ужо вядомых хітоў у праграме было некалькі прэм’ер – напрыклад, рэпертуар старэйшай групы ўпрыгожыў цудоўны лірычны твор “Адлятаюць журавы”.

Зрабіць канцэрт больш разнастайным і яркім дапамаглі віртуозныя інструментальныя нумары ў выкананні вучняў і настаўнікаў, дапоўнілі праграму відэааздабленнем спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а яго дырэктар Людміла Васільеўна Давыдава – выпускніца харавога аддзялення – выдатна выканала ролю вядучай.
Чарговае ўзроўневае мерапрыемства нашай школы мастацтваў стала гісторыяй. Але юныя таленты ўжо ва ўсю рыхтуюць ушачанам новыя сюрпрызы: сачыце за нашымі анонсамі!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Не адзін букет атрымала ў гэты вечар і Ж.В.Савіцкая – гледачы, юныя артысты і іх бацькі дзякавалі педагогу за вернасць любімай справе, талент і тонкі музычны густ, а яшчэ за надзвычайную цярплівасць, з якой Жанна Віктараўна аграньвае талент кожнага свайго вучня.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *