Почтальон Людмила Литвин — самый ожидаемый человек в дальних деревнях Ушаччины

Общество

Ажыўлена ў сераду ў Дубраўцы было не толькі ля паштовай машыны, дзе аплачвалі ўсе паслугі. У былое аддзяленне, дзе Людміла Васільеўна Літвін сартавала атрыманую перыёдыку, таксама заходзілі людзі. Пыталіся пра кошт на мыючыя сродкі, цікавіліся асартыментам тавараў. А яе былы калега Мікалай Іванавіч Палавінка, набыўшы прадукты, настальгічна назіраў, як Людміла Васільеўна раскладвае газеты. У сераду гэта пераважна раённы “Патрыёт”, які Л.В.Літвін разносіць паўсотні адрасатам.

Яе дзённы маршрут складае 24 кіламетры. У зоне абслугоўвання жыхары такіх няблізкіх вёсак, як Усая і Любжына, а таксама Дзедунова, Ягадкі і непасрэдна Дубраўка. Менавіта ў цэнтры былога сельсавета і гаспадаркі яе самыя актыўныя падпісчыкі. Шмат перыёдыкі прыносіць А.Галубіцкай, Г.Аскерка, Л.Жаваранку, С.Шкодзінай. І хоць гэта, зразумела, абцяжарвае сумку, а не павялічвае колькасць адрасатаў, заўсёды параіць новае выданне, што спадабалася самой. Бо ў тым ліку і ад колькасці выпісаных экзэмпляраў залежыць зарплата паштальёна, як і ад многіх іншых складнікаў, напрыклад, рэалізацыі іншых паслуг і тавараў.

Яе працоўны дзень і пачынаецца, можна сказаць, у якасці прадаўца. У аддзяленне, ведаючы, калі прыходзіць машына, падцягваюцца дубраўчане. Хто за свежым хлебам, хто за насеннем. І сама паштальён, пакідаючы будынак, мае за плячыма не толькі пухлую фірменную сумку, але і некалькі дадатковых, у якія ўмяшчае заказы. Добрая палова яе адрасатаў у цэнтр вёскі не спяшаецца – наогул рэдка выходзяць з дому і, канечне, цэняць, што разам з грашыма ці газетай непасрэдна на кухню прынясуць цукар, муку, крупы. Самыя вялікія заказы ў Людмілы Васільеўны ў дзень пенсій. Напярэдадні вяскоўцы тэлефануюць і яна запісвае, што каму трэба. Яе нумар ведае кожны, пастаянна на сувязі – у гэтым адна з прывілей сённяшнага часу. Ну а паштальён настолькі вывучыла густы сваіх кліентаў, што іншы раз не перапытваецца, што несці.

– Галоўная перавага маёй работы ў тым, што па-сапраўднаму патрэбны людзям. Падыходзіш да дзвярэй, і разам з гукамі павароту ключа чуеш: “Самы доўгачаканы чалавек прыйшоў”. Хоць з пераважнай большасцю пенсіянераў бачымся не раз у месяц, для іх важны сам факт зносін, сапраўды чакаюць і нават дзеляцца са мной сакрэтамі”.
Пра павагу да паштальёна сведчыць і той факт, што нягледзячы на старэйшы ўзрост многіх яе кліентаў, клічуць літаральна ўсе Л.В.Літвін па імя па бацьку “Васільеўнай”. Яна ж дорыць кожнаму сваю абаяльную ўсмешку і не абмяжоўвае ў такім дарагім часе.

Вельмі часта ў асабліва загружаныя дні развозіць прадукты ёй дапамагае муж. Раней сама ездзіла на веласіпедзе, ды і матацыклам кіравала. Ну а пасля пешых “прагулак” абавязкова адпачывае, перш чым прыступае да хатніх спраў. З 2006 года прывыкла да ўсіх асаблівасцяў няпростай работы, вось толькі сабак па-ранейшаму пабойваецца, хоць большасць ахоўнікаў таксама сустракаюць яе як сваю.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *