Прафсаюзная канферэнцыя аграрыяў

Общество

Зала Дома Саветаў у канцы снежня часта збірала вялікую колькасць народа. У тым ліку і на справаздачна-выбарчую прафсаюзную канферэнцыю работнікаў аграпрамысловага комплексу.P1140189

Гэта самая масавая прафсаюзная арганізацыя раёна налічвае сёння 1911 членаў, уключае вялізныя арганізацыі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ПУП “Сарочына”, “Райаграсервіса”, менавіта на гэтых прадпрыемствах дзейнічаюць калектыўныя дагаворы, з якіх не сорамна пераняць прыклад і іншым.

Пра прафсаюзных лідэраў не толькі гэтых арганізацый, але і многіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна прыгадаў у сваёй справаздачы старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Мікалаевіч Хвашчэўскі. Дзякуючы ім, а часта сумесна з імі, праводзіліся ўшаноўванні перадавікоў у ходзе важных сельскагаспадарчых кампаній, жывёлаводаў, вучоба па пытаннях працоўнага заканадаўства, вырашаліся працоўныя спрэчкі. І хоць старшыням прафсаюзных арганізацый прадугледжана даплата, не ва ўсіх калектывах гэта дзейнічае і людзі працуюць чыста на добраахвотных пачатках.

Пётр Мікалаевіч з радасцю зазначыў, што ў аграрыяў павысілася зарплата і нарэшце ўсе працуюць па ўстаноўленай урадам тарыфнай стаўцы, зняты пытанні з мінімальнай заработнай платай, аднак па-ранейшаму не ўсюды існуюць даплаты за пераработку, працу ў выхадныя дні, начны час. Заўсёды актуальныя пытанні аховы працы і не выключаны да канца траўматызм на рабочых месцах. Не ўсе могуць пахваліцца і наяўнасцю спецадзення.

Да гэтага года знаходзіўся на балансе райкама прафсаюза і дзіцячы аздараўленчы лагер “Турасполле”. Адрамантаваны, у маляўнічым месцы, з новай мэбляй. Толькі, на жаль, дзеці аграрыяў былі там не частымі гасцямі. Усяго 39 дзяцей работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый аздаравіліся ў ім за 2008 год з 212 адпачыўшых. Зараз лагер перададзены на баланс аддзела адукацыі і Пётр Мікалаевіч прапанаваў арганізацыям, якія прымаюць будаўнікоў, студэнтаў, папоўніць памяшканні мэбляй і бялізнай.

За справаздачны перыяд у райкам прафсаюза не было зваротаў ад людзей па жыллёвым заканадаўстве, сельгасарганізацыі пачалі актыўней удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах і конкурсах прафесійнага майстэрства. Сумесна з аддзеламі райвыканкама прафсаюз вырашаў пытанні, якія паступалі з месцаў.

“Мабыць не ўсё робіцца і больш патрабавальна трэба падыходзіць да некаторых пытанняў, аднак людзі нам давяраюць і жадаюць асноўнага – стабільнасці”, – такімі словамі заключыў сваё выступленне П.М.Хвашчэўскі. Не паўтараліся справаздачы старшынь прафарганізацый, у іх было сапраўды многа вартага для пераймання. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская прыгадала, што прафсаюзам трэба больш звяртаць увагі і на такія з’явы, як п’янства, неспрыяльныя сем’і.

Усе ацэньвалі работу райкама прафсаюза як здавальняючую, а М.М.Пятніца – прафсаюзны лідэр “Райаграсервіса”, сказаў такія цудоўныя словы: “У перадачы “Жди меня” паказваюць, у якіх умовах жывуць людзі. У нас такога няма нідзе, працуем, атрымліваем даплаты… Добра жывём. Таму і работу прафсаюза лічу добрай”. Аднагалосна старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на новы тэрмін абраны Пётр Мікалаевіч Хвашчэўскі.

В.КАРАЛЕНКА. На здымку:

у ходзе справаздач

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *