Высокий градус «зелёной жатвы». Несмотря на жару ильюшинские аграрии не сбавляют темпов кормозаготовки

Сельское хозяйство

У той час як у мінулыя спякотныя выхадныя многія з нас спяшаліся да вадаёмаў ці хаваліся ад гарачага сонца ў цені, ільюшынскія аграрыі пра адпачынак нават і не марылі.Працавалі ў полі паблізу вёскі Азаранкі ў звычайным рэжыме, не прасіліся дадому, а імкнуліся ўкласціся ў аптымальны тэрмін закладкі чарговай сянажнай траншэі.

Вельмі важна ў час “зялёнага жніва” не ўпусціць момант. Трава не будзе чакаць і хутка перарасце, згубіўшы свае карысныя рэчывы. Прамаруджванне недапушчальна і па той прычыне, што ў сельгаспрадпрыемстве вельмі вялікія аб’ёмы работы, трэба забяспечыць кармамі тысячнае пагалоўе. Усё гэта выдатна разумеюць працаўнікі, а таму і не чакаюць камфортнага надвор’я.

“Мы яшчэ нічога, хоць бы тэхніка не падвяла і вытрымала такі высокі градус, літаральна закіпае. Вось якраз спыніліся на хвілінку, каб даць ёй крыху астыць. А ў цэлым сёлета ўраджай траў нядрэнны, у першыя дні лета хапала дажджоў, вось і атрымаўся багаты валок”, – зазначаюць нязменныя перадавікі ААТ “Ільюшынскі” Уладзімір Лёля і Мікалай Ступко (на здымку), якія ўжо шмат сезонаў у такую пару садзяцца за штурвалы кормаўборачных КВК-800. Апошнія два тыдні тэхніка гаспадаркі ва ўсю працавала на старасельскіх палетках, дзе травамі занята каля 700 гектараў.

Фронт работы для КВК на касілках традыцыйна рыхтавалі Аляксандр Майсеенка і Віктар Буйніцкі. На граблях задзейнічаны Анатоль Дайлідзёнак. А на адвозцы гэтымі днямі працавалі тры энерганасычаныя трактары: на дапамогу старанным ільюшынскім механізатарам Анатолю Усовіку і Аляксандру Селезню прыбыла адна адзінка з Полацкага КХП. “Больш за ўсё пашанцавала Аляксандру (на здымку)– у новым трактары, які атрымаў напярэдадні 2021 года, лягчэй перажыць спякоту”, – адзначалі аграрыі. Між тым, “Беларус-3522”, які сельгаспрадпрыемства атрымала ў падарунак ад МТЗ, сапраўды аказаўся вельмі дарэчы: вясной працаваў на розных работах на пасяўной, а зараз проста незаменны на корманарыхтоўцы.

На тэрыторыі былога “Старасельскага-агра” – Старым Сяле і Азаранках за апошні спякотны тыдзень было закладзена чатыры сянажныя траншэі, кожная больш за 500 тон. Трэба адзначыць, што стаўку ў гаспадарцы робяць не толькі на колькасць, а і на якасць, ад гэтага напрамую будуць залежаць аб’ёмы жывёлагадоўчай прадукцыі, адпаведна і прыбытак таварыства. Таму пастаянна кантралюецца вільготнасць, на траншэях арганізавана кругласутачная трамбоўка. За гэтую справу адказваюць Сяргей Клопаў, Аляксандр Дуброўскі. Да слова, апошні, каб не падвесці гаспадарку, за ноч адрамантаваў зламаны ў “Амкадоры” рухавік і ніхто не адчуў ніякіх замінак!

Традыцыйна ў гарачую пару ў “Ільюшынскім” для працаўнікоў створаны ўсе неабходныя ўмовы: прама ў поле дастаўляюцца абеды, якія гатуе Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства, а пры паломках па магчымасці майстэрня на колах дапамагае выправіць няспраўнасці.

Усяго ў “Ільюшынскім” нарыхтавана ўжо 4617 тон сенажу, што складае больш 65 працэнтаў ад запланаванага аб’ёму. У тым ліку амаль 600 тон на палях было запакавана ў стрэйч-плёнку, перавагі такога віду нарыхтоўкі даўно ацанілі ў гаспадарцы, тым больш што маюць свой прэс-падборшчык для гэтых мэт. А вось план па сену ўжо выканалі, нарыхтаваўшы 720 тон.

У суботні дзень, калі на полі рабіліся гэтыя фотаздымкі, давялося пабываць і ў горадзе, дзе з-за высокай тэмпературы раней зачыняліся рынкі, скарачалі сваю работу магазіны. І ў гэты момант захацелася паспачуваць усім работнікам сяла, выказаць ім словы ўдзячнасці за цяжкую работу без выхадных. Пакуль мы адпачываем ці адкладваем справы на потым з-за спякоты, яны працуюць, уносячы свой уклад у харчовую бяспеку краіны.

***

  • Гэтымі днямі ў гаспадарцы паралельна распачалося і жніво:з палёў ужо ўбрана 100 гектараў свірэпіцы. Ну а ўчора ільюшынскія аграрыі прыступлі і да ўборкі азімага рапсу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *