Уборочная кампания В ОАО «Агро-Селище» набирает обороты

Сельское хозяйство

Неаднойчы выязджалі мы сёлета на палеткі “Агра-Селішча”, але “заманіць” у рэдакцыйную кампанію дырэктара гаспадаркі С.А.Плігаўку так і не здолелі: чалавек ён кантактны, аднак неадкладныя справы, якіх у гарачую хлебаробскую пару безліч у любога кіраўніка, штораз адтэрміноўваюць нашу вочную сустрэчу. Вось і ў сераду Сяргей Аляксандравіч спешна адбыў у Віцебск за запчасткамі, на далёкае поле ад’ехаў і аграном Максім Чарнабаеў, так што ў наваколле Прудоў і Астапаўшчыны на пошук атрада з трох селішчанскіх КЗС-1218 мы адправіліся самастойна.

А.Крывёнак, І.Загародні, Г.Хадасевіч.

Але пакуль углядаліся, у якой менавіта частцы 200-гектарнага ўчастка шчыруюць камбайны, нас абагнаў парожні МАЗ – мы селі яму “на хвост” і хутка былі на месцы. І так сталася, што заняты на адвозцы вадзіцель Дзмітрый Плігаўка, брат дырэктара сельгаспрадпрыемства, выканаў замест яго ролю нашага правадніка. І хоць працуе ў гаспадарцы толькі другі год, няблага з ёй справіўся: з мясцовасцю ўжо з большага знаёмы, ды і ў аграрнай сферы не навічок. Да ўладкавання ў “Агра-Селішча” жыў на Лепельшчыне, але, між іншым, прымаў самы непасрэдны ўдзел у развіцці ўшацкага АПК – працуючы ў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, падвозіў матэрыялы для рэканструкцыі “Хадакова” і “Слабады”. На Ушаччыне Дзмітрыю падабаецца, прыжыўся і ў згуртаваным калектыве селішчанскіх механізатараў: прыемна працаваць побач з адказнымі прафесіяналамі. Такімі, напрыклад, як нязменныя перадавікі Генадзь Хадасевіч, Алег Крывёнак, іх малады калега Ілья Загародні – менавіта гэтае трыа было за штурваламі “караблёў палёў”, што павольна плылі па залатых хвалях за Прудамі. Спецыяльна прыпыняць камбайны, каб сфатаграфаваць галоўных персанажаў жніва, мы, канечне, не планавалі: спадзяваліся дачакацца, пакуль яны з поўнымі бункерамі пад’едуць да грузавіка, у якім, дарэчы, нарасцілі барты, каб можна было адначасова адвозіць зерне ад трох адзінак. “Ды вы не хвалюйцеся: хвілін праз дзесяць усе будуць тут! – заўважае між тым Дзмітрый. – Я ж спадарожна абеды прывёз”.

Д.Плігаўка.

Зерневы клін у “Агра-Селішчы” сёлета адносна невялікі – 872 гектары. Стартавымі культурамі жніва – азімай пшаніцай і жытам – заняты адпаведна 139 і 143. Сеялі ў гаспадарцы яравую пшаніцу, азімую трыцікале, якой занята 173 га, ячмень, авёс, зернебабовыя. Па звестках на раніцу ўчарашняга дня, зерневыя ў гаспадарцы былі ўбраны на 139 гектарах, што складае 15,9 працэнта плошчаў. Намалочана 394 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 28,3 ц/га, і гэты паказчык на дадзены момант – лепшы сярод гаспадарак раёна.

Тое, што суп ды катлеты (дарэчы, смачна прыгатаваныя работнікамі ўшацкага філіяла аблспажыўтаварыства) дабратворна ўплываюць на палявыя стасункі – факт правераны. Важна, што камбайнерам не трэба спецыяльна вылучаць час на размовы ды фотасесію – на жніве сапраўды дарагая кожная хвіліна: перасыхаюць нівы, марудзіць нельга. “Як думаеце, хлопцы, пакінем сёння Пруды чыстымі?” – пытаецца Генадзь Часлававіч. “Колькі тут засталося – гектараў 20? Калі дажджу не будзе – да дзесяці гадзін справімся”, – разважае Алег Юльянавіч. Заракаталі рухавікі – і магутныя машыны рушылі да нязжатых палосак. А я спахапілася, што забылася ўдакладніць, якую культуру ўбіраюць тут камбайны – азімую пшаніцу ці жыта. Запыталася ў вадзіцеля, які займаў час чакання тым, што зносіў з поля каменне. “Хіба вы не адрозніваеце? Гэта ж нескладана: у жыта колас больш тонкі, вусікі не абломліваюцца, а зярняткі прадаўгаватыя і шэрыя, а не жоўтыя, як пшанічныя. Зараз вось пакажу…”, – Дзмітрый Аляксандравіч падняў з зямлі саламяны шмат і пачаў шукаць у ім нявымалачаны каласок. Кінуў, узяў яшчэ ахапку, потым трэцюю… Не так проста правесці агранамічны лікбез, калі палеткі жнуць селішчанскія майстры.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *