Просто и со вкусом. Семья Светланы и Владимира Маковичей в Слободе удивляет ухоженным участком

Общество

Блакітна-белы дом па вуліцы Школьнай у Слабадзе прыцягвае ўвагу ўсіх, хто праязджае міма па ажыўленай шашы. З яркай каляровай гамы выбіваецца хіба толькі чырвоная шыльда “Дом узорнага парадку”. Але трэба сказаць, дадзенае ганаровае званне сядзіба носіць поўнасцю заслужана. У гэтым мы ўпэўніліся, бліжэй пазнаёміўшыся з руплівымі гаспадарамі – Святланай Мікалаеўнай і Уладзімірам Васільевічам Маковічамі.

– У нас жа ўсё проста, нічога звышнатуральнага, што пра нас можна напісаць? – з першых хвілін знаёмства пачулі стандартную адгаворку сціплых гаспадароў.

Між тым, увагі яны заслугоўвалі хаця б за тое, што парадак панаваў яшчэ на падыходзе да іх агароджы: абкошаная трава, пасаджаныя дрэўцы і туі, разбітыя кветнікі. Трапіўшы ж непасрэдна на тэрыторыю, не перастаеш здзіўляцца як узорнаму парадку, так і колькасці кветак, дэкаратыўных кустоў. З ранняй вясны квецень адных змяняюць другія. Больш дзясятка відаў ірысаў, а таксама півоняў, лілей, гартэнзій ужо адцвілі, але і без іх тут было чым палюбавацца: ружы, вяргіні, гладыёлусы, а ад белых і фіялетавых клямацісаў, якія так прыгожа былі ўкладзены ў спецыяльныя падстаўкі, проста немагчыма было адарваць вачэй. Сярод кветак знайшлося месца для міні-вадаёма, каля якога “прагульваецца” сям’я буслоў.

Гарманічна дапаўняюць кветкавую галерэю дэкаратыўны барбарыс, язмін, вегела ружовая і чырвоная. Дарэчы, апошняя, па словах Святланы Мікалаеўны, лёгка размнажаецца: галінкі апусціць у зямлю і накрыць пластмасавай бутэлькай, яны павінны пусціць карані. Наогул, пералічыць усе кветкі і кусты, якія так прадумана ўпісаліся ў “інтэр’ер” падворка, проста немагчыма. Кожная кветка пасля цвіцення акуратна абрэзана, а кожнаму кусту нададзена прыгожая форма.

Ідэальна ў Маковічаў не толькі на клумбах, а і на градках. Як на экскурсіі сябе адчувалі, зазірнуўшы з гаспадыняй у тую частку падворка, дзе расце агародніна. У дзвюх вялікіх цяпліцах спеюць выдатныя таматы. Гэтай культуры ў сям’і асаблівая ўвага, адпаведна і ўраджай збіраюць кожны год багаты. “Ніякіх асаблівых сакрэтаў вырошчвання няма. Унясенне гною восенню, здаровая расада, правільны паліў, своечасовая “стрыжка”, абарона ад хвароб (для гэтага дастаткова некалькіх бутэлечак ёду на цяпліцу), ну а пасля заканчэння сезону перад зімоўкай трэба старанна вымыць парнік з бактэрыцыдным мылам, каб не засталося ніякіх шкоднікаў і ўмоў для развіцця хвароб. Што да сартоў, то спынілася на такіх, як “Рапсодыя”, “Уверцюра”, “Інтуіцыя”, “Еўпатар”, – расказвае Святлана Мікалаеўна, якая ўвесь светлавы дзень завіхаецца на клумбах і градках. Канечне, на кожным кроку можна ўбачыць і плён рук Уладзіміра Васільевіча – роўненкія дарожкі, шырокі ганак, прыгожая агароджа і вароты, арэлі для ўнукаў, летні душ – не даводзіцца і галаве сям’і быць без справы. Дарэчы, прадбачым ваша пытанне, чаму фота без гаспадара. На момант нашага візіту Уладзімір Васільевіч якраз адводзіў на пашу карову, а вярнуўшыся, паспяшаўся па грыбы, ну а місію размаўляць з прэсай пакінуў жонцы. Так, Маковічы адны з нямногіх у акрузе, хто трымае буронку. Не могуць адмовіцца ад падсобнай гаспадаркі. “Такі ўжо ў нас уклад, шчыравалі ў сельскай гаспадарцы і ніякай працы не баімся. Раней на работу трэба было спяшацца і ўсё паспявалі, а зараз на пенсіі і часу больш, як быць без каровы і без карысных уласных прадуктаў?” – кажа гаспадыня.

Працавітымі выхавалі Святлана Мікалаеўна і Уладзімір Васільевіч сваіх дзяцей, якія спяшаюцца ў родную вёску, каб дапамагчы. Любяць тут бываць і трое ўнукаў.

І нават зімой сям’я не перастае думаць пра добраўпарадкаванне, выношваюць планы на будучы сезон – што пасадзіць новага, што паднавіць, чым яшчэ ўпрыгожыць падворак. Менавіта такія старанныя людзі фарміруюць імідж дагледжанай і прыгожай Ушаччыны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *