9 октября — Всемирный день почты

Общество

  • У сусветны паштовы саюз уваходзіць 192 краіны.
  • Першае дакументальнае згадванне аб паштовай сувязі на тэрыторыі Беларусі адносіцца да ХІ стагоддзя, і летась ёй споўнілася 1135 гадоў.
  • Міжнародная пошта размаўляе на 6800 мовах сваіх кліентаў. Звыш шасці мільёнаў паштовых работнікаў забяспечваюць штогод апрацоўку і дастаўку каля 430 мільярдаў паштовых адпраўленняў ва ўсе куткі зямнога шара.
  • За восем месяцаў гэтага года супрацоўнікі дзевяці паштовых аддзяленняў Ушаччыны даставілі адрасатам 52 599 лістоў і паштовак, дарэчы, гэта на 128 працэнтаў больш, чым летась.
  • А вось грашовых пераводаў ушачанам прыйшло амаль на восемсот меней, чым за аналагічны перыяд мінулага года – 7404. Больш атрымалі іх толькі кліенты аддзяленняў Вяркуды і Арэхаўна.
  • Белпошта – адно з самых буйных прадпрыемстваў краіны, тут працуе звыш 20 000 чалавек.
  • У гарпасёлку і на тэрыторыі Ушацкага раёна працуе 41 паштовы работнік. Сярэдняя зарплата за 8 месяцаў склала 929,3 рубля.

“Канфлікты не гашу, я іх не распальваю”

Нядаўна летнім ранкам спешна набірала ўсе вядомыя нумары ўшацкага аддзялення паштовай сувязі, каб паспець зрабіць пераадрасацыю з гарпасёлка на вёску. Была серада, якраз дзень выхаду “Патрыёта”, і вельмі хацелася, каб ён трапіў да адрасата. Аддзяленне яшчэ не працавала, аднак трубку, на шчасце, знялі – і трапіла я якраз на патрэбнага мне чалавека – кіраўніка аддзела мотадастаўкі. “Назавіце дакладны адрас у Косаўшчыне, паспрабуем дапамагчы”, – адказаў зацікаўлены голас на тым канцы проваду. Алёна Аляксандраўна Колесава слова стрымала. Хоць і не было ў пачцы карэспандэнцыі ў Сарочынскі бок лішняга нумара “раёнкі”, яго адшукалі, ну а наступныя выхады газета ўжо прыходзіла да нашых чытачоў па графіку. Інтарэсы падпісчыкаў і для газетчыкаў, і для паштавікоў – першачарговыя.

Калі зімой 2004-га Алёна на тыдзень выйшла замяніць паштальёна на час бальнічнага, і падумаць не магла, што застанецца ў галіне сувязі назаўсёды. Аднак работа нечакана спадабалася. Так у зносінах з адрасатамі гарпасёлка і праляцела паўгода. “Наогул жа я люблю вучыцца і асвойваць новае, таму потым з задавальненнем перайшла аператарам сувязi ў аддзяленне, там мне было асабліва цікава. З людзьмі, канечне, няпроста, не кожны можа нават дакладна сфармуляваць, што хоча. Але я не гашу канфлікты, я іх проста не распальваю, зыходжу з пазіцыі, што кліент заўсёды правы”.

Што Алёна Аляксандраўна любіць вучыцца, сведчыць заканчэнне спачатку каледжа, а потым і акадэміі сувязі. Гэта дало шансы і для кар’ернага росту. Некалькі год А.Колесава ўзначальвала аддзяленне “Ушачы-1”.

Гэта прыпала на складаныя часы рэарганізацыі, выбудавання новых схем работы, а калі ты кіраўнік, то і адказваеш літаральна за ўсё. “Пасля такога выпрабавання для мяне любая работа падасца лёгкай, – усміхаецца спецыяліст па паштовай дзейнасці і дадае: Хоць фізічна зараз намнога цяжэй: увесь час з грашыма, справаздачамі і пастаянна трэба быць сканцэнтраваным.

Добра, што педантычнасць, уседлівасць – у яе характары, таму і адказны ўчастак са спецыфічным графікам працы паддаўся. У сем (самае позняе) яна ўжо за ўключанымі камп’ютарамі. У кабінеце іх два з адпаведнымі базамі, а таксама стэлаж з ячэйкамі. У кожнай, імянной, з прозвішчам паштальёна або зоны, яна раскладае квітанцыі аб пасылках, пераводах, заказных пісьмах, каб раніцай перадаць іх спецыялістам мотадастаўкі разам з пенсіямі, карэспандэнцыяй і таварам. Так, па родзе дзейнасці яна не толькі сувязіст, які павінен ведаць і ведае ўсе навінкі паштовага прадукту, але і таваразнаўца. На паліцах паштавікоў толькі найменняў больш трыццаці, не гаворачы пра асартыментны рад. Попыт пакупнікоў на месцы па сваіх зонах вывучаюць паштальёны, яна ж атрымлівае тавар, паштоўкi і пасылкі на ўсіх 14 чалавек. Гэта 6 работнiкаў непасрэдна мотадастаўкі і 8 вясковых паштальёнаў, дзе не засталося аддзяленняў.

У мінулы месяц, напрыклад, сяльчанам даставілі 367 заказных лістоў, 208 пасылак і бандэроляў, 46 пераводаў і 1177 пенсій. А ў летнія месяцы непасрэдна да хат падвезлі… па пяць тон цукру. Паштовую машыну ў вёсках чакаюць як аўтакраму, ці нават больш.

Рамантычнага ў рабоце А.Колесавай нічога не знойдзеш, ды і залішняя яна б была для чалавека, пагружанага ў лічбы, графікі, заяўкі і ведамасці. А пасля абеду зацішны ў апоўдні кабінет зноў ажывае: вяртаюцца мотапаштальёны, і яна зноў пачынае зверку дакументаў, падлік выручкі, афармленне справаздач. І хоць працэс паўтараецца штодня, Алёна Аляксандраўна ўсё роўна вучыцца. “У сакавіку нам перадалі першае мабільнае прыстасаванне, а ў верасні ўсе “мае” паштальёны “камп’ютарызаваны”. Каб па ходу дапамагчы, падказаць, я сама павінна ведаць і як працуюць прылады, і новыя паштовыя прадукты. Рух у паштовай справе пастаянны, мы ж ідзём у нагу з усім светам, вось і свята сусветнае. Так што цікава, спадзяюся, мне будзе заўсёды”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *