Юбилей Василия Болоболкина

Общество

Гэты васьмідзесяцігадовы мужчына з вёскі Ваўчо знаходзіцца на своеасаблівай вяршыні свайго жыцця. З яе ён бачыць тое, што за плячыма, бясконца абдумвае і асэнсоўвае. Першае, што прымушае да гэтага: не стала жонкі. Адбылася бяда ў мінулым годзе, калі адцвіталі кветкі. Спачатку ён не мог паверыць, што такое здарылася, і ў першы дзень без яе, застаўшыся адзін, прыгадваў самае светлае. Як пазнаёміўся са сваёй Нінай яшчэ да арміі. Тады юнак, перажыўшы ўсе жахі вайны і перыпетыі пошуку свайго месца далёка ад роднага дома, уладкаваўся слесарам на льнозавод. Там працавала і Ніна. Узнікла нешта вельмі моцнае. Гэта для абодвух было першае пачуццё тады і апошняе праз гады.

У хуткім часе Васіль пайшоў у армію, а яго маладая сяброўка верна чакала і цвёрда верыла, што вернецца толькі да яе. Пасля быў яшчэ год сустрэч і, нарэшце, афіцыйнае афармленне выпрабаваных пачуццяў.

Прабеглі, праляцелі гады. Нават і не заўважыў, як прыйшла тая мяжа, якая раздзяліла іх назаўсёды.

Пасля бурных успамінаў настала ў пажылога чалавека апатыя. Родныя не ведалі, што рабіць. І тут прыгадалі, што незадоўга да Новага года ў яго будзе юбілей, васьмідзесяцігоддзе, таму ёсць падстава сабрацца разам за сямейным сталом, без песень і танцаў, але крыху разбудзіць роднага чалавека, падарыць аптымізм.

А родных у Васіля Андрэевіча нямала. Дзяцей, праўда, у Балабовак двое. Але ж растуць іх сем’і. Дачка Вольга (па мужу – Лёля), якая працуе настаўніцай, мае двух сыноў, яны працуюць, адзін з іх ужо жанаты, працягнуў род адным дзіцём. Сын Сяргей таксама разам з жонкай выхавалі двух сыноў: адзін працуе ў Мінску, другі займаецца ў ВНУ.

Пра сваіх братоў Васіль Андрэевіч расказаў асобна. Так, у лёсе Аляксандра, які дасягнуў прыкметных вышынь у жыцці (быў капітанам дальняга плавання), самае ўражлівае – як з беднаты, з сітуацыі, калі літаральна паміраў з голаду, дзякуючы бацькам выжыў і далёка ад дому пабудаваў сваё шчасце. Пра гэтага, сярэдняга брата майго героя сказала асобна, таму што ён напярэдадні Новага года дабраўся на машыне да старэйшага па зімовай дарозе з вялікім жаданнем пабыць на яго 80-годдзі, падтрымаць у няпростую пару асабістай страты, павіншаваць. Лічба ж не намаляваная, а пражытая, прапушчаная праз сэрца…

Хоць бацька Васіля Андрэевіча і яшчэ траіх дзяцей працаваў кладаўшчыком, маці ў калгасе, сям’я мела прысядзібны ўчастак і невялікую гаспадарку, але жылі цяжка. Мой субяседнік расказаў, што, як старэйшы, даглядаў траіх малодшых. За ім было – назбіраць травы жывёле, сустракаць з поля карову. Даводзілася да вайны вазіць на конях і розныя калгасныя грузы: бульбу, снапы.

У вайну – асаблівае выпрабаванне. Бацька пайшоў у партызаны, і юнаку трэба было ўзворваць глебу (адзін конь на трох гаспадароў), касіць сена карове, рабіць многае іншае ў сялянскай гаспадарцы.

Быў і яшчэ адзін занятак у вясковага юнака. Час ад часу ён выконваў вельмі небяспечныя даручэнні. Васіль Андрэевіч расказвае, што партызаны нярэдка наведваліся ў вёску то каня ўзяць, то падводу для перавозак. І ў памяці ветэрана засталося некалькі такіх момантаў, калі яму пагражала рэальная небяспека.

Аднойчы трэба было даставіць зерне, схаванае народнымі мсціўцамі за Глыбачкай Глыбачэнскага сельсавета, ва Ушачы для выпечкі хлеба. Хлопец вельмі баяўся, што могуць наляцець самалёты захопнікаў, бо ішло адначасова, па яго падліках, каля дванаццаці падвод.

Яшчэ адзін выпадак: калі Васілю трэба было везці на падводзе партызан і ўзрыўчатку ў былую вёску Гараны, што знаходзілася ля Матырына. Толькі назаўтра яму ўдалося вярнуцца дадому, бо хлопца застала цемра; ускладніла вяртанне і тое, што быў узарваны мост, а практыкі, як на кані пераплыць раку, у яго не было.

Ды і наогул смерць хадзіла побач. Аднойчы захопнікі з кулямётамі абкружылі вёску, дазнаўшыся, што яе мужчыны пайшлі ў партызаны. Дзякуючы старасту Івану Маісеевічу Бутоўскаму, які ведаў нямецкую мову, удалося адкупіцца каровай, авечкай і некалькімі курамі. Нечакана для мяне было даведацца, што выратавальнікам быў родны брат майго дзеда.

Колькі яшчэ такіх сітуацый на мяжы жыцця і смерці давялося зведаць вясковаму хлопцу Васілю Балабоўку і яго братам Цімафею, Аляксандру, сястры Раісе ў гады вайны. Перажыўшы такое, сельскія жыхары з асаблівым імкненнем цягнуліся ў пасляваенны час да ведаў, да працы.

Пасля амаль чатырох гадоў службы ў арміі Васіль Андрэевіч 35, да самай пенсіі, адпрацаваў у райсельгастэхніцы вадзіцелем. Якія толькі сельскагаспадарчыя грузы не перавозіў, колькі сіл і старання прыкладаў, каб карміць сям’ю, лічыцца на рабоце адным з лепшых. За гэта ўзнагароджваўся. І як самае каштоўнае, вельмі цэніць уручаны яму некалі ордэн “Знак Пашаны”.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



1 комментарий по теме “Юбилей Василия Болоболкина

  1. Не верю, что дед так мало о себе рассказал, у него куча историй, лучше бы одну более развернуто опубликовали, интереснее было бы, а так можно взять фамилию и имя любого «ребенка войны» вставить, и процентов на 90 совпало бы, могучее поколение

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *