В ОАО «Ильюшинский» с рабочим коллективом обсудили проект изменений Конституции

Навстречу референдуму

Тое, што праект змяненняў Канстытуцыі знаходзіць жывы водгук у працоўных калектывах Ушаччыны, пацвердзіла сустрэча, якую старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак праводзілі ў ААТ “Ільюшынскі”. У аграрнай сферы працуюць людзі, якія прывыклі праяўляць сябе не ў размовах, а ў штодзённай нялёгкай справе. Але і яны не могуць заставацца ўбаку ў такія лёсавызначальныя для грамадства моманты, калі кожны чалавек мае шанс непасрэдна паўплываць на будучае сваёй краіны.

Пётр Аляксандравіч нагадаў прысутным гісторыю станаўлення Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, распавёў пра тое, якія пытанні выносіліся на папярэднія рэферэндумы.

– Ідэя абнаўлення Канстытуцыі ўзнікла не знянацку. У апошнія пяць год Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў час зносін са СМІ неаднаразова зазначаў, што жыццё не стаіць на месцы і наспяваюць змены, якія варта ўнесці ў Асноўны Закон нашай краіны, – падкрэсліла Наталля Мікалаеўна і коратка ахарактарызавала асноўныя наватарствы праекта.

Яны маюцца ў кожным раздзеле Канстытуцыі, аднак галоўны яе прынцып – сацыяльная накіраванасць – застанецца нязменным. Пры гэтым “кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы”, – так выглядае новая фармуліроўка артыкула 21. Слушнымі палічылі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі і дапаўненні 32-га артыкула, дзе сказана, што бацькі і апекуны абавязаны не толькі выхоўваць дзяцей і клапаціцца пра іх здароўе, развіццё і навучанне, а і “рыхтаваць да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі”.

– Асабіста мяне, як чалавека пенсійнага ўзросту, асабліва радуе, што ў нашай краіне шмат увагі ўдзяляецца сталым людзям, забеспячэнню дастойных умоў іх жыцця”, – зазначыла ветэран прадпрыемства Таццяна Барысаўна Бондарава. Дарэчы, гэта знайшло адлюстраванне ў тым, што тэкст артыкула 47 “Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, якія пазбавіліся здароўя пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў…” дапоўнены словамі “…а таксама аб інвалідах і пажылых людзях”.

– Сустрэча была цікавай і змястоўнай, – выказаў свае ўражанні галоўны энергетык гаспадаркі Аляксандр Мікалаевіч Кемстач. – Узнікла жаданне яшчэ больш паглыблена вывучыць палажэнні праекта.

Нагадваем, што агучыць свае меркаванні жыхары раёна могуць праз сайт ці электронную пошту, даслаўшы ліст у Нацыянальны Цэнтр прававой інфармацыі, а таксама праз раённую грамадскую прыёмную і па тэлефоне “гарачай лініі” 5-99-98. Да слова, некалькі прапаноў ушачане ўжо ўнеслі, усяго ж з розных куткоў краіны іх паступіла больш 4 тысяч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *