Условия есть, а желание? Как на Ушаччине реализуется Закон «О личных подсобных хозяйствах»?

Сельское хозяйство

Як у нашым раёне рэалізуецца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асабістых падсобных гаспадарках” – такое пытанне разглядалася на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

Жывёлы стала менш

На 1 студзеня 2022 года ў раёне налічваецца 3968 асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. У параўнанні з мінулым годам іх стала менш на 180. Адпаведна зменшылася і колькасць жывёлы на падворках жыхароў раёна. Так, у асабістых гаспадарках зараз налічваецца ўсяго 166 кароў (іх колькасць за год зменшылася на 36), 74 коней (мінус 29), 394 казы (мінус 174), 398 галоў свіней (мінус 292), 12701 птушкі (мінус 2685), 848 пчоласямей (мінус 15). Невялікая прыбаўка назіраецца толькі па авечках – іх колькасць павялічылася на 9 і зараз складае 333 галавы.

Скарачэнне ўсіх відаў жывёлы абумоўлена змяншэннем колькасці насельніцтва і старэннем сельскіх жыхароў, развіццём буйнога таварнага сектара – сёння ўсе прадукты харчавання маюцца ў шырокім асартыменце не толькі ў гарпасёлку, а і ў аддаленых ад райцэнтра вёсках. Тым часам вытворчасць прадукцыі ў асабістай гаспадарцы – вельмі працаёмкі працэс.

Ад продажу тавараў да ветэрынарных паслуг

Каб забяспечыць насельніцтва фуражным збожжам, насеннай і харчовай бульбай, угнаеннямі, насеннем агароднінных культур, сродкамі аховы раслін, інвентаром, сельгасарганізацыі сумесна з Ушацкім філіялам праводзілі сезонныя кірмашы. Усяго за 2021 год рэалізавана насельніцтву 183 тоны збожжа па цэнах ніжэй за рыначныя (ад 40 да 45 капеек за 1 кг), 95 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы на вырошчванне, аказана платных паслуг на суму 7,5 тысячы рублёў. Спажыўкааперацыяй праз магазіны прапаноўваўся шырокі асартымент камбікармоў, рэалізацыя якіх за год склала 120 тон.

Райветстанцыя аказала платных паслуг па лячэнні жывёлы на суму 1,5 тысячы рублёў. Акрамя таго, праведзены супрацьэпізатычныя мерапрыемствы па вакцынацыі жывёлы ў асабістых гаспадарках грамадзян за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Ветэрынарныя паслугі па прафілактыцы захворванняў і лячэнні жывёл і птушкі, асемяненні аказваліся на дагаворнай аснове спецыялістамі сельгасарганізацый раёна.

Лішкі можна здаць

Закуп малака ў насельніцтва ў раёне па-ранейшаму ажыццяўляюць два прыватныя гандлёвыя ўнітарныя прадпрыемствы – “Стаўр” і “Сямёныч”. Імі за год у насельніцтва закуплена 226,8 тоны малака, што склала 96 працэнтаў да ўзроўню 2020-га. Пратэрміноўка плацяжоў не дапускалася.

Ушацкім філіялам аблспажыўтаварыства за 2021 год закуплена сельгаспрадукцыі на суму 1681 тыс. руб., што да ўзроўню 2020 года складае 169 працэнтаў, у тым ліку 286 тон бульбы, 319 – агародніны, 88 – пладоў і ягад, 458 – збожжа, 6,7 тоны мяса. Для зручнасці насельніцтва на тэрыторыі раёна арганізавана работа 4-х прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў, абсталявана 15 гандлёвых месцаў для рэалізацыі сельгаспрадукцыі на рынку ў г.п.Ушачы.

Падтрымае і банк

Падтрымаць тых, хто вядзе падсобную гаспадарку, гатова і ААТ “Белаграпрамбанк”. За кошт размеркавання часткі прыбытку ім сфарміраваны спецыяльны фонд сацыяльных праектаў на вёсцы. Сродкі гэтага фонду накіроўваюцца на выдачу льготных крэдытаў грамадзянам для вядзення асабістых падсобных гаспадарак з выплатай працэнтаў за карыстанне імі ў памеры 5 працэнтаў гадавых. Праўда, у 2021 годзе гэтым відам пазыкі скарысталіся толькі два жыхары нашага раёна, заключана тры дагаворы на суму 43 тысячы рублёў.

Работа працягнецца

Падводзячы вынік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч адзначыла, што на працягу 2021 года з боку ўсіх органаў улады аказвалася дапамога насельніцтву, і ў асноўным палажэнні Закона “Аб асабістых падсобных гаспадарках” выкананы. Створаны спрыяльныя ўмовы для вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, павінна быць толькі жаданне насельніцтва трымаць жывёлу і апрацоўваць зямлю.

У 2022 годзе работа па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак, безумоўна, працягнецца. Сельгаспрадпрыемствы сумесна з сельвыканкамамі да 25 красавіка вызначаць участкі для выпасу жывёлы, а таксама на платнай аснове будуць аказваць паслугі насельніцтву па апрацоўцы зямельных участкаў.

Ушацкаму філіялу даручана ажыццяўляць завоз камбікармоў у вяснова-летні перыяд у адпаведнасці з заяўкамі спажыўцоў, больш шырока прадстаўляць у гандлёвай сетцы элітныя, найбольш папулярныя гатункі бульбы айчыннай селекцыі. Запланаваны і традыцыйныя кірмашы, на якіх вяскоўцы змогуць купіць усё неабходнае. Ну а “Патрыёт” будзе расказваць пра станоўчыя прыклады вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *