Территориальный центр социального обслуживания населения Ушачского района отметил 20-летний юбилей

Общество

У сакавіку 2002 года рашэннем Віцебскага аблвыканкама была зарэгістравана дзяржаўная ўстанова “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна”. І вось днямі нашы сацработнікі сабраліся на юбілейную ўрачыстасць, каб узгадаць этапы станаўлення сваёй арганізацыі, яе годныя справы і дасягненні, якіх за два дзесяцігоддзі было вельмі шмат, адзначыць заслугі тых, хто звязаў працоўны лёс з гэтай службай.

Тое ж, наколькі яна важная і запатрабаваная для ўшачан, вобразна ахарактарызавала ў сваёй прывітальнай прамове намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч: “Ніводная б зала не ўмясціла ўсіх людзей, якія маюць нагоду пакланіцца вам да зямлі!”. І сапраўды, Ушацкі раён па працэнце пажылага насельніцтва ўваходзіць у дзясятку лідараў па краіне, а таму на сацыяльную службу прыпадае павышаная нагрузка. І спраўляюцца з ёй ушацкія сацработнікі вельмі дастойна, што не застаецца незаўважаным: дастаткова прыгадаць занясенне цэнтра на рэспубліканскую Дошку гонару па выніках работы ў 2018-м годзе, сёлета ж назва ўстановы значыцца сярод лепшых на раённай Дошцы гонару.

А вось для тых, хто ствараў і прымнажае славу арганізацыі, памеры залы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці аказаліся ў самы раз. У мінулую пятніцу крэслы ў ёй пачалі запаўняцца задоўга да пачатку імпрэзы: цяперашнія і былыя работнікі радасна віталіся, абмяркоўвалі навіны. Валянціна Іванаўна Лабецкая, Тамара Іванаўна Юркевіч, Ларыса Леанідаўна Карабань, Ніна Пятроўна Хамёнак, Галіна Аляксандраўна Чарнышова, Ніна Мікалаеўна Гатаўская працавалі ў ТЦСАН з моманту яго заснавання, а некаторыя шчыравалі ў гэтай сферы і раней. Ветэранам установы з’яўляецца і Тамара Уладзіміраўна Кляпец, якая да таго ж 43 гады ўзначальвала раённую арганізацыю “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку”.

А.Пашковіч з актывістамі пярвічкі БСЖ.

“Шмат год займала пасаду інспектара па асноўнай дзейнасці, – падзялілася ўспамінамі В.І.Лабецкая. – Сачыла за тым, каб паслугі нашых сацработнікаў былі якаснымі і ніхто з маючых патрэбу не застаўся без падтрымкі. Спраў хапала, бо за мной былі замацаваны Кублічы, Селішча, Глыбачка, Дубраўка. Заўсёды толькі станоўчыя водгукі даводзілася чуць ад падапечных Святланы Быкавай, Мікалая Піскуна і многіх іншых нашых работнікаў. Бывалі, канечне, і скаргі: кожны такі выпадак мы ўважліва разбіралі і як правіла ўдавалася дасягнуць разумення. Але нават не вельмі сумленным супрацоўнікам я заўсёды давала шанс выправіцца. Калектыў жа ў нас быў цудоўны, і калі аднойчы я прыняла рашэнне датэрмінова пайсці на пенсію, калегі мяне проста не адпусцілі – у выніку засталася на службе яшчэ на некалькі год…”. І вельмі прыемна было Валянціне Іванаўне, іншым ветэранам у святочнай абстаноўцы атрымаць ад цяперашняга дырэктара ТЦСАН Кацярыны Васільеўны Коршун памятныя падарункі.

Увогуле ж на сцэну ў гэты дзень давялося ўзнімацца добрай палове ўсіх прысутных у зале: цырымонія ўзнагароджання аказалася вельмі працяглай. Распачала яе старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, якая шчыра павіншавала сацработнікаў з юбілеем і ўручыла ім Ганаровыя граматы і Падзякі ад райвыканкама і райсавета.

Шмат часу давялося правесці на сцэне К.В.Коршун. Падзяку дырэктара ТЦСАН Ушацкага раёна за добрасумленную працу атрымалі намеснік дырэктара ўстановы Ганна Карлаўна Лышко, эканаміст Наталля Іларыёнаўна Самсоненка, бухгалтар Тамара Фёдараўна Хамёнак, загадчык аддзялення для пажылых грамадзян Таццяна Анатольеўна Шышко, спецыяліст аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Наталля Генадзьеўна Дабравольская і кіраўнік гуртка Іна Аляксееўна Ларчанка, медыцынскія сёстры аддзялення кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылага ўзросту і інвалідаў Тамара Яўгенаўна Краснова, Валянціна Леанідаўна Кладніцкая і повар Таццяна Мікалаеўна Кладніцкая, інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме Зейнаб Кямалаўна Хаткевіч, сацработнікі прыгаданага аддзялення Святлана Мікалаеўна Анкудовіч, Галіна Васільеўна Венжык, Ася Анатольеўна Калачова, Зоя Мікалаеўна Праннік, Яўгенія Пятроўна Радзюш, Алена Пятроўна Семеж, Міхаіл Уладзіміравіч Савін, Валянціна Сяргееўна Быкава, Ніна Казіміраўна Жванская, Святлана Фёдараўна Каваленка, Тамара Віктараўна Кулін, Віктар Леанідавіч Рабыш, Святлана Дзмітрыеўна Пашута, Галіна Ягораўна Юдзінцава.

Ветэраны цэнтра.

І невыпадкова сярод узнагароджаных было так многа сацработнікаў, якія даглядаюць пажылых і знямоглых землякоў, становяцца для іх роднымі людзьмі. “Шчыра кажучы, думала, што не траплю на свята, бо сёння трэба яшчэ пабываць у двух дамах, – расказвала, спешна распранаючыся перад пачаткам канцэрта, Святлана Каваленка. – Восем маіх падапечных жывуць у розных кутках райцэнтра, вось і курсірую ад зарэчнага мікрараёна да льнозаводскага. Усіх сваіх бабуль і дзядуляў люблю і шаную. Каля дзесяці год была побач з Нінай Мікалаеўнай Чарняўскай, калі ж нядаўна яе не стала – перажывала, як па родным чалавеку. Заўсёды з радасцю іду да Лідзіі Уладзіміраўны Рубанік, якая шчодра дзеліцца са мной жыццёвай мудрасцю”. Апошняя, дарэчы, таксама не шкадуе цёплых слоў у адрас Святланы, называе яе сацработнікам ад Бога.

Таксама ля гардэроба адбылася наша гутарка з Міхаілам Савіным і Віктарам Рабышам: мужчыны вымушаны былі крыху раней пакінуць свята, каб паспець на аўтобус. Жывуць і працуюць яны па суседстве: першы абслугоўвае пажылых людзей з Крывушчына і Старых Турасаў, другому даводзіцца складаць маршрут праз Пола, Навасёлкі, Калкі, Горы і Кугоні. Лёс мужчын у многім падобны: Міхаіл працаваў у Віцебску на заводзе, а на малую радзіму пераехаў, калі захварэла маці і ёй спатрэбіўся догляд. Па той жа прычыне вярнуўся з Рыгі ў родную вёску і Віктар. “Калі ўзнікла патрэба працаўладкавацца, паспрабавалі сябе ў якасці сацработнікаў. Асвоіць справу было зусім нескладана: хлопцы мы камунікабельныя, да любой хатняй работы звыклыя. Сваіх падапечных шануем і паважаем. А іншы раз і за парадай звяртаемся – так, напрыклад, Фёдар Іосіфавіч Федарэнка, які, дарэчы, заўсёды ўважліва чытае “Патрыёт”, можа правесці “майстар-клас” па электрыцы!” – ахвотна расказваюць пра свае будні вясковыя сацработнікі.

На падобных імпрэзах, канечне, заўсёды бывае шмат падарункаў. Надзейным сябрам і партнёрам цэнтра з’яўляецца ЦБП №237 у г.п.Ушачы ААТ “Белаграпрамбанк”, а таму проста не магла прыйсці на юбілей без прэзента яго начальнік Дзіна Міхайлаўна Садоўская. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын А.В.Пашковіч уручыла падарунак пярвічцы ТЦСАН, якая з’яўляецца адной з самых актыўных у раёне. Прыемна было юбілярам атрымаць сертыфікат на 200 рублёў ад раённай арганізацыі Беларускага фонду міру. У сваю чаргу, К.В.Коршун уручыла Лісты падзякі і памятныя сувеніры кіраўнікам ушацкіх арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў, з якімі плённа супрацоўнічае цэнтр.

Узнёслай і душэўнай атрымалася падрыхтаваная культработнікамі праграма. А сама назва канцэрта – “Клапатлівыя рукі і чулыя сэрцы” – надзвычай трапна ахарактарызавала галоўных герояў свята, якія выконваюць такую няпростую, але вельмі патрэбную нашаму грамадству місію.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Пачатак сваёй гісторыі цэнтр бярэ з часоў узнікнення ў раёне службы сацыяльнай дапамогі на доме. У сваю чаргу, аднайменнае аддзяленне стала асновай для стварэння ўстановы. Да яго таксама далучылася аддзяленне пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання. У 2008 годзе ў Вяркудах было адкрыта аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылага ўзросту і інвалідаў, у 2010 – сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі.
  • Першым дырэктарам цэнтра была Зінаіда Іванаўна Пракапенка. Шмат сіл і ведаў уклала ў яго станаўленне Наталля Мікалаеўна Марковіч. У 2014-м годзе яна перадала кіраванне ў надзейныя рукі Алесі Уладзіміраўны Хвашчэўскай, на змену якой прыйшла Ірына Анатольеўна Ціханава, а з нядаўняга часу гэтую пасаду займае Кацярына Васільеўна Коршун. “Мне пашанцавала трапіць у выдатны калектыў, дзе кожны добра ведае і сумленна выконвае свае абавязкі”, – зазначае новы кіраўнік.
  • Зараз у 6 падраздзяленнях ТЦСАН працуе 134 чалавекі. Цэнтр арганізуе догляд за тымі, хто мае ў гэтым патрэбу, дае магчымасць грамадзянам атрымліваць гуманітарную дапамогу і псіхалагічныя кансультацыі, наведваць гурткі і цікавыя мерапрыемствы, установа пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *