О профессии доярки

Общество

У сучасным свеце існуе мноства самых розных прафесій, звязаных з разнастайнымі сферамі жыццядзейнасці. Кожная з іх па-свойму важная і патрэбная. Сёння ў рэйтынгу самых прэстыжных жаночых прафесій мэнэджэры, журналісты, эканамісты, урачы, юрысты. У гэтым спісе наўрад ці акажацца калі-небудзь прафесія даяркі, бо ў нашым грамадстве склаўся стэрэатып, што гэта самая цяжкая і няўдзячная прафесія, а людзі, якія ёй займаюцца, прыйшлі ў гэту справу ад безвыходнасці. Дзяцей за дрэнную вучобу звычайна пужаюць далейшай дарогай на ферму…
Аднак такі погляд састарэлы. Сярод даярак таксама як і сярод прадстаўнікоў іншых прафесій шмат цікавых, адукаваных людзей, якія выконваюць гэтую справу з задавальненнем.
Чарговы раз упэўнілася ў гэтым, калі наведвалася на Ільюшынскі комплекс. Святлана Губарава і Алена Коўшаль, якія працуюць даяркамі на адной групе, простыя і прыемныя людзі, старанныя і адказныя.
С.Губарава родам з іншага раёна, а вось ужо колькі гадоў разам з сям’ёй жыве ў Ільюшыне. Вядома ж, не думала, што звяжа сваё жыццё з прафесіяй даяркі. Аднак, у Ільюшыне работы па спецыяльнасці не было, і Святлана, хоць і мае вышэйшую (!) адукацыю, не раздумваючы пайшла працаваць на Ільюшынскі комплекс.
– Усе прафесіі патрэбныя, а жывёлаводы, даяркі тым больш. Купляючы ў магазіне пакет малака ці іншую малочную прадукцыю, людзі і не задумваюцца, колькі сіл укладзена ў тое, каб гэтыя прадукты траплялі ў іх рукі. У гэтым немалы і наш уклад, – гаворыць Святлана.
Канечне, не кожнаму па сілах такі расклад, калі ў 5 гадзін раніцы ўжо трэба пачынаць рабочы дзень, а вечарам заканчваць яго зацемна. Аднак С.Губаравай, напрыклад, гэта не перашкаджае весці актыўны лад жыцця. Паспявае дома па асабістай гаспадарцы зрабіць мноства спраў. Не часта сустрэнеш даярку, якая прыязджае на працу на асабістай машыне за рулём. А яна адвучылася і здала на правы ваджэння не дзеля забавы. Кожны дзень яшчэ паспявае адвозіць дачку ва Ушачы на заняткі ў школу мастацтваў і вырашыць будзённыя турботы. Прытым, як на рабоце, так і ў дамашняй абстаноўцы заўсёды выглядае выдатна.
С.Губарава і А.Коўшаль удваіх выконваюць вялікі аб’ём працы. У іх адрамантаваным кароўніку няма малакаправода, і ўсё надоенае малако жанчыны пераносяць уручную. І ў агульным спісе даярак раёна іх вынікі нядрэнныя. Нават крыўдна было жанчынам, калі замест іх прозвішчаў у штоквартальнай рубрыцы “Жывёлавод, параўнай, зрабі вывады” ў газеце было пададзена прозвішча іншай, падменнай даяркі, якая нядоўга адпрацавала разам з імі. Але няма думак, каб змяніць месца працы, бо адчуваюць сябе на сваім месцы. Ведаюць: ад таго як папрацуюць, будзе залежыць іх заробак. А ён сёння пры атрыманні прадукцыі высокай якасці і належных адносінах да працы немалы.
Дзякуючы вось такім людзям развейваюцца міфы аб непрэстыжнасці прафесіі даяркі. Жанчыны і пры цяжкой працы застаюцца добрымі, ветлівымі і шчырымі. Няхай і без занадта моднага манікюру, але з прыгожымі, светлымі думкамі і сэрцамі.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: С.Губарава, А.Коўшаль.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *