Экономия без потери комфорта. Семья Терешковец из Глыбочки признана самой энергосберегающей в области

Общество

Ужо ў пятнаццаты раз на Віцебшчыне прайшоў конкурс “Энергамарафон-2021”. І прыемна адзначыць, што работа “Сем ідэй сям’і Церашкавец на шляху да эканоміі энергарэсурсаў” прызнана лепшай у намінацыі “Энергазберагальная сям’я”.

І неўпершыню. У 2020 годзе мы ўжо пісалі на старонках “Патрыёта” пра візіт у аграгарадок Глыбачка да гэтай сям’і. Тады гаспадары расказвалі пра сваю перамогу ў праекце “Сонечны дом”. Паказвалі, як памянялі ўсе лямпы на энергазберагальныя, паставілі насадкі на краны, уцяплілі вокны і сцены, замест ванны зрабілі маленькую лазню, якая хутка награваецца. На той час ужо апробавалі розныя варыянты катлоў, здольных “самастойна” ацяпляць дом на працягу чатырох сутак. І пайшлі далей, зрабіўшы новы з эканамайзерам, з дапамогай якога вада перад падачай у кацёл награваецца выходзячымі з яго газамі. Наогул мадэрнізацыя, зробленая Ігарам Віктаравічам, заслугоўвае асаблівай увагі, і ўмелец дзеліцца задумай з жадаючымі. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, раскажам пра вынік: расход паліва скараціўся на 20-25 працэнтаў. А паколькі за ацяпляльны сезон расходавалася 20 кубаметраў дроў, а пасля мадэрнізацыі патрэбна 15, то за зіму захавана палянка лесу. Толькі адной сям’ёй!

А ў пазалеташні год Церашкаўцы выратавалі яшчэ дзве, паколькі ставілі чарговы эксперымент. Чатыры месяцы сям’я абагравалася брыкетам з пілавання ўласнага прыгатавання, паколькі знаходзяцца па суседстве з піларамай, якая не выкарыстоўвала адходы драўніны. І менавіта гэты варыянт, безумоўна, самы танны, калі, канечне, ёсць у дастатковай колькасці бясплатнае пілаванне.

Парада ад Церашкаўцоў: самая аптымальная тэмпература халадзільніка – 3-5 градусаў.

Асобна хочацца адзначыць, што, эканомячы, сям’я не ўшчамляе сваіх жаданняў і патрэб. Гэта падкрэсліла ў сваёй прэзентацыі дачка Ксюша (на здымку). “Наадварот, мы сумяшчаем прыемнае з карысным, настроены на актыўнае атрыманне новых ведаў і практычных уменняў, на ажыццяўленне сваіх ідэй у жыццё. Мы плануем сваю будучыню, у якой ёсць месца эканоміі і зберажэнню, і хацелі б, каб іншыя таксама змаглі гэтаму навучыцца”.

Канкрэтныя парады па зберажэнні рэсурсаў, безу­моўна, цікавяць усіх. Тым больш што ёсць метады, якія нам нічога не каштуюць, напрыклад, праціранне лямпачак ад пылу ці падаграванне ежы на газе, а не ў мікрахвалеўцы. Таму чакаем вашых слушных парад наконт эканоміі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *