Ушачане приняли активное участие в республиканском субботнике

Общество

16 красавіка ўшачане, як і ўсе беларусы, прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку.


Многія, пераважна аграрыі, працавалі на сваіх рабочых месцах, іншыя добраўпарадкоўвалі тэрыторыі. Таму з самай раніцы на вуліцах гарпасёлка было даволі ажыўлена.
Масавая работа разгарнулася па расчыстцы тэрыторыі пад будучую роліка-лыжную трасу ў раёне гарадскога катка. Курыраваў работу старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак, які таксама працаваў на аб’екце. Прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый высякалі кустоўе, убіралі там смецце, уносячы свой пасільны ўклад у рэалізацыю задуманага.
Шмат зроблена падчас суботніка работнікамі камунгаса. Пабелены дрэвы і тратуары, чыста вымецены вуліцы. Значна пераўтварылася і любімае месца ўшачан – сквер. Там створана цэлая дзіцячая пляцоўка з арэлямі, горкамі, каруселямі, пясочніцай, якіх так не хапала маленькім ушачанам. Толькі каб яны прыносілі радасць, падчас гульні бацькам трэба прыглядваць за дзецьмі і не пакідаць адных на металічных канструкцыях.
А на ўездзе ва Ушачы актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” высадзілі больш за 60 дрэў на алею памяці.
Падчас суботніка лясгасам пасаджана каля трох гектараў лесу, а таксама праведзена добраўпарадкаванне прыдарожных палос.
Каля будынкаў многіх арганізацый работнікі рабілі клумбы, рыхтавалі глебу для высадкі кветак. Наведзены парадак на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, на могілках у гарпасёлку.  
Прыкметна папрыгажэлі і сталі больш чыстымі вуліцы. У гэты дзень 6,3 тысячы ўшачан прыняло ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Па папярэдніх падліках, аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 21,7 мільёна рублёў, а падрадных работ, выкананых сваімі сіламі, – 29,7 мільёна рублёў. Усяго на вызначаны рахунак будзе пералічана 40,3 мільёна рублёў заробленых сродкаў.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *