«В нашей профессии мелочей не бывает». Следователь Ушачского РОСК Александр Наприенко рассказывает о работе, нюансах и мифах из теледетективов

Общество

Часцей за ўсё, кажучы пра следчага, мы ўяўляем умудронага вопытам прафесіянала, своеасаблівы сімбіёз Эркюля Пуаро, Шэрлака Холмса і Леаніда Канеўскага. Сённяшні ж наш аповед – пра чалавека, які ў прафесіі адносна нядаўна, але ўжо з багажом прафесійных дасягненняў. Следчы Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Напрыенка расказаў, што значыць для яго работа ў сістэме.

Першыя крокі

– На ўзгаданай пасадзе працую з 2013 года. На малую радзіму пасля заканчэння Полацкага дзяржуніверсітэта, у якім атрымаў спецыяльнасць «правазнаўства», вярнуўся па ўласным жаданні – вялікія гарады ніколі не вабілі. І хоць яшчэ падчас вучобы праходзіў практыку, дапамагаў следчым у рабоце, на старце прафесійнай дзейнасці было няпроста. У тэорыі ведаў, як усё павінна працаваць, але як мне, зусім маладому, руліць вопытнымі аператыўнікамі, участковымі, крыміналістамі, намнога старэйшымі за мяне, на лекцыях не гаварылі. Тут, вядома, дапамог калектыў. Назіраючы за тым, як працуюць ідэйныя людзі, а ў нас у аддзеле ўсе такія, пачынаеш раўняцца, імкнуцца ім адпавядаць. Добрым настаўнікам стаў для мяне Дзмітрый Анатольевіч Клачок, які ўжо, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця. Менавіта ён навучыў, як і работу годна выканаць, і бяздушным пры гэтым не стаць.

Памятаю свой першы рабочы дзень. На стол паклалі адразу некалькі папак, сказалі: разбірайся. Шчыра скажу: крыху разгубіўся. Але ж калегі параілі аптымальную схему дзеянняў – так сабраў паказанні сведак, зрабіў неабходныя запыты – і справы хутка былі завершаны. Дарэчы, усе яны – па фактах крадзяжу маёмасці, якія і зараз пераважаюць.

Нерамантычныя нюансы і службовы раман

– У ліку такіх – і самая складаная справа, якую некалькі год таму мне давялося расследаваць. Адразу чатыры эпізоды крадзяжоў з дач на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета, чатыры падазроныя (віна ўсіх была даказана) і столькі ж пухлых папак з сабранай дакументацыяй. Праведзены самыя розныя следчыя дзеянні: дапыты, праверкі паказанняў на месцы, вочныя стаўкі, сабраны два мяхі з рэчдокамі. Вядома, пра адпачынак у той час мог толькі марыць – да позняга затрымліваўся на рабоце, каб нічога не ўпусціць. Дробязяў у нашай прафесіі не бывае!

Ніхто не адмяняў і 24-гадзінных дзяжурстваў, калі ў любы момант могуць выклікаць на здарэнне! Аднойчы даводзілася выязджаць чатыры разы. Дарэчы, не толькі на месцы здзяйснення злачынстваў, але і гібелі людзей – з судовымі медыкамі працуем з фактамі алкагольнага атручвання і інш. І калі да трупаў, крыві з часам прывыкаеш, кантактаваць з блізкімі памерлых, якія заліваюцца слязамі, заўсёды цяжка.

У калектыве Ушацкага райаддзела Следчага камітэта, які зараз узначальвае Алег Канстанцінавіч Крахотка, 8 спецыялістаў з працоўным стажам ад 2 да 25 гадоў. Імі за восем месяцаў бягучага года прынята на вытворчасць 126 спраў, 50 – ужо перададзена пракурору для накіравання ў суд. 

Рамантыкі, зразумела, у нашай рабоце, мала. Ды і кантынгент, з якім даводзіцца штодня перасякацца, розны. У ліку тых, хто здзейніў злачынства, нярэдка грамадзяне з судзімасцю, схільныя да злоўжывання спіртным, без вызначанага месца жыхарства. Дачакацца некаторых для дапросу ў аддзел бывае проста немагчыма – тады выязджаем да іх, прычым, не толькі па раёне: бываў з такой нагоды ў Полацку, Наваполацку, Віцебску…

– І ўсё ж справа, якой займаюся, мне па душы! Ёсць месца ў ёй і гераізму – работа патрабуе вялікай самааддачы, і таямніцы – гэта прадугледжвае следства, і асаблівай адказнасці – бо за кожнай гісторыяй стаяць чалавечыя лёсы.

А яшчэ Ушацкі райаддзел Следчага камітэта падарыў мне… каханне. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аленай, якая зараз працуе суддзёй у Полацку, а тады гэтак жа была следчым.

Дзе міф, а дзе праўда

У невялікім апытанні герой нашага аповеду паспрабаваў развеяць стэрэатыпы аб прафесіі, навеяныя з экранаў тэлевізараў.

Работнікі Следчага камітэта не маюць асабістага жыцця, паколькі працуюць круглыя суткі.

– Пагаджуся часткова. Нягледзячы на апісаныя вышэй нюансы, усё ж стараемся ўкласціся ў рабочы час. У нерабочы ж адпачываем, таму што інакш можна проста “перагарэць”. Вечарамі люблю паглядзець футбольныя матчы. Дарэчы, і сам у школьныя гады ганяў з сябрамі на стадыёне мяч. Выхадныя праводжу з блізкімі.

Тэлесерыялы пра следчых – гэта выдумка.

– У большасці сваёй так. Самы фантасмагарычны – «След». Ну немагчыма па кроплі крыві за пяць секунд ўсю інфармацыю пра чалавека атрымаць нават з дапамогай звышнаварочанага абсталявання! Затое многія, з кім працуем, сур’ёзна патрабуюць, каб мы хутка ўсё зрабілі, як у серыяле, вераць кіношнікам.

Следчыя не любяць тэледэтэктывы.

– Тут усё індывідуальна. Я не люблю, а некаторыя калегі глядзяць з задавальненнем, цікава ж, як тваю прафесію бачаць з боку.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *