Студенчество — золотая пора жизни. Узнали, какие специальности и учебные заведения выбрали выпускники школ Ушачского района

Образование и молодежь Общество

Далёка не для ўсіх лета было канікулярным. Экзамены і тэсты, выбар навучальных устаноў і хваляванні. Нарэшце ўсё гэта ў мінулым і перад былымі абітурыентамі адкрылася самая цікавая жыццёвая старонка – студэнцтва. Мы ж цікавіліся, якія ВНУ і каледжы сталі роднымі для ўшацкіх выпускнікоў.

А.Макрыдзіна, А.Кісель, Д.Коцур, К.Шаўчэнка.

Пачнём з прафесіі, якую яшчэ ніколі не абіралі ўшачане ні ў гэтым стагоддзі, ні ў мінулым, хаця яна не з маладых. На аддзяленне іканапісу Жыровіцкай духоўнай семінарыі паступіла выпускніца Арэхаўскай школы Эмілія Лісічонак, цудоўна напісаўшы пісьмовы экзамен і малюнак. Зразумела, што ў такія спецыфічныя ўстановы проста так не трапляюць, павінна быць і рэкамендацыя бацюшкі, і накіраванне епіскапа, якія лідар ушацкай маладзёжнай праваслаўнай суполкі, канечне, атрымала.

Э.Лісічонак.

Выдатна справілася з чарговай жыццёвай задачай выпускніца Ушацкай школы Анастасія Макрыдзіна – на бюджэт лінгвістычнага ўніверсітэта яна прайшла з вялікім запасам балаў. Таксама замежную мову, толькі ў Віцебскім універсітэце імя П.М.Машэрава працягвае вучыць Паліна Мацюшэнка. Студэнткай Дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці эканоміка прадпрыемстваў стала Ксенія Шаўчэнка, там жа – толькі на юрфаку – платна вучыцца Дзіяна Ягадка.

Дарэчы, для арыенціру будучым выпускнікам – самы нізкі прахадны бал ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на бюджэт сёлета склаў 272 бала.

Нельга не адзначыць па-ранейшаму прэстыжныя “айцішныя” спецыяльнасці. Зноў пакарыўся нашым выпускнікам БДУІР. Ягор Курбака (Ушацкая СШ) набраў 339 балаў (на 92 здаўшы матэматыку) і абраў факультэт камп’ютарнага праектавання. Уладзіслаў Ільюшэвіч (Арэхаўская СШ) на платнай аснове прайшоў на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Мацвей Радзевіч з Ушач таксама добра здаў іспыты і ІТ-тэхналогіі вывучае ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, а Харашкевіч Данііл ў Віцебскім тэхналагічным каледжы.

Я.Курбака.

Весялей за іншых, бясспрэчна, будзе Аляксандру Цімафееву, Дзмітрыю Шаху і іх аднакласніку да 9 класа Цімафею Ярмошу. Цяпер яны яшчэ і аднакурснікі энергетычнага факультэта БНТУ. Наогул у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце вучыцца больш за ўсё ўшацкіх выпускнікоў. Працягнуць сямейную дынастыю вырашыла Дзіяна Коцур – студэнтка факультэта транспартных камунікацый. Раней за многіх аднагодак ведаў, што хоча быць будаўніком Іван Броўка. Таксама на энергетыка, толькі ў ПДУ вучыцца Антон Кісель, а на факультэце эканомікі і кіравання Ганна Ціханёнак.

Запатрабаваную лагістыку і менеджмент вывучаюць Максім Малак, Ліза Ярмош (платна) у БДТУ і Маша Баклушына ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце. У апошняй ВНУ на факультэце вытворчых тэхналогій вучыцца і Мікіта Чырвоны.

Вельмі высокай па-ранейшаму была планка ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. Атрыманых 300 балаў не хапіла Ксюшы Лабёнак, каб прайсці па конкурсе, бо на абраны ёю стаматалагічны факультэт нават па мэтавым накіраванні прахадны бал склаў 322, а без яго – 355. Дзяўчына не здаецца, паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне.

Затое шмат вернецца да нас медыцынскіх сясцёр і братоў: у розныя каледжы паступілі Вераніка Алексяёнак, Дзяніс Броўка, Пётр Качко, Дар’я Кісялёва з Ушацкай, Насця Качан, Саша Залатая, Дзіяна Каўрова з Арэхаўскай, Павел Бакурын з Глыбачанскай школ. Усе, акрамя апошняга хлопца, бралі мэтавыя накіраванні.

Дзіяна Казакевіч з Ушацкай і Аня Рубіс з Глыбачанскай школ (мэтавыя накіраванні) стануць педагогамі дашкольнай і пачатковай адукацыі. А іх аднакласнікі – ужо курсанты: Дзіма Федарэнка – універсітэта грамадзянскай абароны МНС, а Андрэй Брыцік – Ваеннай акадэміі.

Вельмі многа хлопцаў паступіла ў Полацкі лясны каледж – Уладзімір Футарман, Улад Каваленка, Іван Паршонак, Мікіта Ступко, Уладзімір Сачыўка з Ушацкай, Жэня Арлоўскі з Арэхаўскай. Фінансава-эканамічны каледж абрала Яна Чапкевіч, сувязі – Аліна Аўсіевіч з Ушацкай і Ангеліна Барысёнак з Арэхаўскай школ. Канечне, ёсць сярод студэнтаў тыя, хто марыў пра іншыя спецыяльнасці. Так, А.Барысёнак прайшла на платную форму абучэння ў Беларускую акадэмію мастацтваў на рэжысёрскае аддзяленне, дзяўчыне нават на 40 працэнтаў знізілі плату, але Ангеліна рашыла не ўскладаць на бацькоў дадатковы фінансавы цяжар і “вышку”, калі захоча, атрымае пасля каледжа. Час усё расставіць па сваіх месцах і, як зазначыла класны кіраўнік былога 11 “Б” Вера Васілеўна Спірчонак: “Раней ці пазней дзеці абавязкова знойдуць сябе”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *