Успехи Виктории Волох

Наши дети

У наш час навейшых інфармацыйных тэхналогій, шоу-бізнесу і высокай моды ў моладзі самыя розныя заняткі і інтарэсы. Часцей за ўсё яны фарміруюцца пад уплывам мас-медыя. У дзесяцікласніцы Ушацкай школы Вікторыі Волах іншыя прыярытэты. Яна прагне да ведаў, таму з самага пачатку выдатна вучыцца, прымае актыўны ўдзел у алімпіядным руху, навуковых канферэнцыях, разнастайных конкурсах. Ужо другі год запар дзяўчына становіцца прызёрам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.
Цікавасць да прадмета ў дзяўчыны ўзнікла адразу ж, як толькі пачалося вывучэнне біялогіі. Ужо ў восьмым класе багаж ведаў быў настолькі вялікім, што яе настаўніца Вольга Анатольеўна Жыткая прапанавала дзяўчыне прыняць удзел у школьнай алімпіядзе. Дзяўчына адразу згадзілася – і недарэмна: стала першай. Хаця на раённым этапе алімпіяды для васьмікласніцы заданні былі даволі складанымі, Віка з імі выдатна справілася, па колькасці набраных балаў заняла таксама першае месца. Вось з гэтага і пачалося…
Дзяўчына старанна займалася на ўроках, пасля ўрокаў і дома таксама. Чытала навуковую літаратуру, вывучала розныя тэмы, рашала задачы. Не без падтрымкі настаўніка, канечне. Настаўнік – вельмі важнае звяно, без яго стаць пераможцам ці прызёрам немагчыма.
Праз год, калі Віка была ў дзевятым класе, зноў перамагла на раённым этапе алімпіяды. На “вобласці” атрымала дыплом другой ступені — не хапіла зусім крышачку для таго, каб трапіць на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды. Аднак дзяўчына не адчайвалася, працягвала мэтанакіравана займацца прадметам. У гэтым жа годзе Вікторыя Волах заняла першае месца на раённым этапе навуковай канферэнцыі па біялогіі.  
Як прызнаецца Вольга Анатольеўна, падрыхтоўка да алімпіяды – задача складаная не толькі для вучня, але і для педагога. Неабходна своечасова вызначаць тэмы, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу, падабраць неабходную літаратуру. Вельмі дапамог В.А.Жыткай у гэтым сэнсе семінар, прысвечаны рабоце настаўніка пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды, які нядаўна праводзіўся на біялагічным факультэце БДУ. Знаёмыя дапамаглі літаратурай.
– Працаваць з такой вучаніцай – адно задавальненне, – гаворыць В.А.Жыткая. – Віка займаецца шмат і з захапленнем. Я шчыра радуюся за яе, калі даведваюся пра дасягненні.
Аднак, ведаючы, наколькі складана займацца на павышаным узроўні адразу па некалькіх прадметах, Вольга Анатольеўна прапанавала дзяўчыне вызначыцца з тым, куды яна збіраецца паступаць, якія прадметы ёй будуць патрэбны пры паступленні. І Віка выбрала біялогію. Хаця, па яе словах, старанна займацца іншымі прадметамі гэта ёй не перашкаджае.
У бягучым навучальным годзе дзяўчыну чакала яшчэ адна перамога на раённай алімпіядзе па біялогіі, удзел у абласной, дзе Віка ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені, саступіўшы толькі прадстаўнікам гарадскіх гімназій і ліцэяў. Дарэчы, Віка прыняла ўдзел у раённай алімпіядзе яшчэ і па беларускай мове, па выніках якой атрымала дыплом трэцяй ступені.
– Для кожнага чалавека вельмі важна імкнуцца да якой-небудзь мэты, – лічыць Віка. – Гэта надае жыццю сэнс. Заўсёды трэба верыць у сябе, у свае сілы і ніколі не губляць надзеі. Мару стаць урачом і рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання.
Хочацца спадзявацца, што такі здольны і мэтанакіраваны чалавек дасягне пэўных вышынь, паступіць у абраную навучальную ўстанову, вывучыцца на ўрача і будзе дарыць людзям здароўе і радасць!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Вікторыя Волах з настаўніцай біялогіі В.А.Жыткай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *