«Играй, гармонь!

Общество

Не адразу арганізатары свята “Грай, гармонь!” вызначыліся, дзе яго праводзіць. І сышліся, нарэшце, у адным, што лепш за ўсё ў скверы. І сапраўды, хоць там ужо няма імправізаванай сцэны, усё прыстасавана пад дзіцячую пляцоўку, атрымалася масавае гулянне, дзе побач з дарослымі і дзеці. Народныя музычныя і песенныя традыцыі цікавыя ўсім.
Далёка па гарпасёлку разносіліся гукі гармоніка, гучалі прыпеўкі, як і традыцыйна ў Першамай.
Хоць было журы, якое ставіла перад сабой задачу вызначыць лепшых у намінацыях, але, паслухаўшы выступленні, яно прыйшло да вываду, што гэта немагчыма: кожны выканаўца праявіў старанне і прыклаў душу. Усе выступаючыя, хто індывідуальна, хто калектыўна, нёс гледачам сваю творчасць і непаўторнасць.
Па-ранейшаму неаспрэчным аўтарытэтам ва ўшачан з’яўляецца гарманіст Аляксандр Дунец з Матырына. У яго выступленні ўсё было вытрымана: як само выкананне, так і рэпертуар. Ён праспяваў тры песні рознай тэматыкі: адну – пра такія вось святы, другую – лірычную, трэцюю – з гумарам. Раней на такім мерапрыемстве за яго выступленнем сачыла мама, цяпер наведаліся брат, жонка, сын – вучань і маленькая дачка, якая спрытна прытанцоўвала пад бацькавы мелодыі. Аляксандр працуе ў Наваполацку, але вельмі часта бывае ў роднай вёсцы. Вось і ў гэты дзень спяшаўся хутчэй садзіць бульбу.
Заўсёды вызначаюцца ў спевах пад гармонь работнік камунгаса Уладзімір Уладзіміравіч Клачкоў (гэтым разам ён спяваў можа нават завельмі эмацыянальна), Уладзімір Васільевіч Есіпаў (раён электрасетак), прадстаўнікі ўстаноў культуры Ірына Краснова з Вяркуд і Пётр Алексяёнак з Касароў. Літаральна кожны гарманіст выконваў песні па-свойму, і ні адна з іх не паўтарылася. За гэта ніхто не застаўся без падарунка.
Так было і з прыпевачніцамі. Галіна і Наталля Рудзёнкі з Матырына радуюць гледача сваёй творчасцю не першы год, і ўсё новыя і новыя кароткія песенныя рыфмоўкі выдаюць пад апладысменты гледачоў. Народныя прыдумкі, сапраўды, невычэрпныя. У Вольгі Мацулевіч з Арэхаўна зусім іншыя прыпеўкі, і таксама трапныя, прычым, якія нідзе яшчэ не гучалі. Не можа не падабацца і тое, што выконвае са сцэны ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Селішчанскага сельскага клуба Людміла Крывёнак.
Набраў творчай моцы вакальны калектыў Вялікадолецкага сельскага Дома культуры.
– Вось ужо два гады, як займаемся ўсур’ёз, – расказала былая старшыня Вялікадолецкага сельскага Савета Ніна Міхайлаўна Піскун. – Кіраўнік нашага сцэнічнага калектыву Пётр Алексяёнак аб’яднаў усіх: і пенсіянераў, і людзей розных спецыяльнасцей, захапіў песнямі, танцамі. Мы з такім задавальненнем наведваемся на рэпетыцыі, нават каб убачыць адзін аднаго, абмяняцца навінамі, а потым і ў ахвоту паспяваць, парухацца. Любім і са сцэны выступаць.
Удзельніцы “Вялікадальчанкі”, а так называецца калектыў, і на свяце “Грай, гармонь!” спявалі, танцавалі народны танец.
Не першы год выступае і вакальная група Арэхаўскага сельскага Дома культуры. Жанчыны прыгожа выконваюць песні, любяць сцэну, рады адна адной.
Хоць у дзень Першамая было не вельмі цёпла, але свяціла сонца, гучалі пералівы гармонікаў, прыгожыя песні, і ўсім было весела. На заканчэнне свята людзі разыходзіліся з добрым настроем, працягвалі абмяркоўваць выступленні выканаўцаў на лавачках ля сваіх дамоў.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *