12 ушачан пополнят в осеннем призыве ряды новобранцев Вооруженных Сил Республики Беларусь

Общество

12 навабранцаў дэлегуе гэтай восенню наш раён у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Пятнічным ранкам прыгожыя статныя юнакі прыйшлі з чырвонымі кветкамі да помніка загінуўшым воінам і партызанам – па даўняй традыцыі, менавіта з ушанавання памяці герояў Вялікай Айчыннай пачынаюцца мерапрыемствы Дня прызыўніка.

Сёлета ж, у Год гістарычнай памяці, гэта ўдвая сімвалічна. Кажуць, што вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат. Але гэты выраз варта дапоўніць словамі “і пакуль не ўстаноўлены імёны ўсіх загінуўшых герояў”. Ва ўшацкім скверы ён напаўняецца асаблівым сэнсам, бо са 181 пахаванага тут воіна 93 – невядомыя. Не менш красамоўныя і агульныя лічбы: з 5237 герояў і ахвяр вайны, якія знайшлі апошні спачын на ўшацкай зямлі, больш паловы застаюцца безыменнымі. І менавіта цяперашняй моладзі давядзецца працягваць справу ўвекавечання подзвігу продкаў, захоўваць гістарычную праўду і вучыцца ў іх мужнасці і патрыятызму. Гэтая выснова была і лейтматывам экскурсіі па экспазіцыі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, якую прапанавалі будучым вайскоўцам.

Ну а кульмінацыяй урачыстасці стала ўручэнне павестак на галоўнай сцэне раёна. Правёў цырымонію начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Юр’евіч Заікін. Дастойна прадставіць ва Узброеных Сілах краіны гераічную Ушаччыну пажадала навабранцам старшыня раённай прызыўной камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч. “Беражыце сваё здароўе і нервы камандзіраў!” – даваў слушныя парады былы афіцэр Уладзімір Васільевіч Зыранаў. Ну а Надзея Іванаўна Гардзіёнак ад імя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама агучыла наказ прызыўнікам і ўручыла ім падарункі. Спадабаліся хлопцам і музычныя нумары ад культработнікаў.

Павестку атрымлівае Мікіта Казлоўскі.

Нам жа было цікава, з якім настроем ушачане ідуць на тэрміновую службу. Па-даросламу ўпэўненым выглядаў Даніла Чумакоў – што і зразумела, бо хлопец ужо паспеў атрымаць вышэйшую інжынерную адукацыю. “Ваенная служба для ўсіх мужчын нашай сям’і лічыцца справай гонару, а мой бацька ў свой час скончыў ваеннае вучылішча”, – патлумачыў малады чалавек. Накіруецца ён у пагранічныя войскі – якраз туды, дзе ўжо на працягу года праходзіць службу наш зямляк Станіслаў Пенкальскі, з якім Даніла перапісваўся, каб больш даведацца і лепш падрыхтавацца да асаблівасцяў армейскага жыцця. Марыў пра службу на мяжы і Яўген Бутоўскі – яго пажаданні былі ўлічаны, і хлопец адправіцца для падрыхтоўкі ў Смаргонь, пасля чаго спадзяецца трапіць у пагранічную часць на Лоеўшчыне, дзе вось ужо паўгода нясе службу ў якасці кінолага яго старэйшы брат Уладзімір. А вось Аляксей Коршун і Уладзіслаў Чабатар накіруюцца ў Полацк і папоўняць склад унутраных войскаў. З імі, дарэчы, супрацоўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці развітваліся з асаблівым пачуццём: хлопцы шмат год былі ўдзельнікамі ўзорнага фальклорнага калектыву “Спадчына” і, канечне, на канцэртах іх будзе не хапаць. “Нічога, прыйдзе маладая змена! – канстатавалі маладыя людзі. – Ну а мы будзем несці службу і абараняць ваш спакой!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *