Агроэкоусадьба «Дольче Вита» приглашает комфортно отдохнуть среди волшебства пейзажей и приятного общения

Экономика и малый бизнес

Калі перад паездкай у нядаўна адкрытую ў вёсцы Корсакава аграсядзібу “Дольчэ Віта” складала план размовы з яе гаспадарамі Андрэем і Аленай Барэйка, меркавала пацікавіцца пра выбар такой “гучнай” назвы. І сапраўды, ці не надта напышліва гучыць італьянскі фразеалагізм “салодкае, раскошнае жыццё” ў дэкарацыях ушацкай глыбінкі? Але пытанне засталося неагучаным, бо ўбачанае на сядзібе яскрава засведчыла дарэчнасць назвы.

А вось штуршком да адкрыцця гэтага агратурыстычнага аб’екта стала… эпідэмія каранавіруса. А яшчэ фраза сяброўкі Андрэя і Алены – прафесійнага ландшафтнага дызайнера Кацярыны Макашовай, якая, завітаўшы да іх у госці, усклікнула: “Вы ўчыняеце злачынства! Гэта проста недаравальна – аднаасобна атрымліваць асалоду ад такіх неверагодна прыгожых мясцін!”…

Але пра ўсё па парадку. Андрэй Пятровіч – чалавек высокаадукаваны, быў заняты ў будаўнічай галіне і мытнай справе, апошнім часам працуе ў камерцыйнай структуры, звязанай з лагістыкай. Ён шмат падарожнічае па Беларусі, а ў вольную хвіліну любіць парыбачыць – таму і апынуўся аднойчы ў наваколлі Чарсцвядскага возера, чароўная прыгажосць якога запала ў душу. І калі год 10 таму яны з жонкай пачалі падбіраць участак для сядзібы, сярод мноства варыянтаў абралі Корсакава. Перабудавалі старую вясковую хату, узвялі гасцявы домік, каб прымаць шматлікіх сяброў, выкапалі і зарыбілі вялікую сажалку, заклалі сад.

Значна пераўтварыўся ўчастак у “эпідэмічны” перыяд, калі муж і жонка шмат часу праводзілі ў вёсцы і шукалі сабе годны занятак. Менавіта тады ўпершыню і задумаліся аб агратурыстычных паслугах. Узялі ў арэнду гектар плошчы на вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі: пасадзілі вінаграднік, буякі (голубику), мноства дэкаратыўных раслін. За мінулы ж год вельмі шмат зрабілі па добраўпарадкаванні – аформіць тэрыторыю дапамагла прыгаданая вышэй сяброўка Кацярына, і цяперашні выгляд сядзібы яскрава сведчыць пра яе прафесійны талент. Тутэйшая сажалка з зонай для адпачынку не саступае басейнам ля заморскіх атэляў. Алеі, дарожкі, кветнікі, лазня, альтанка, арэлі, пляцоўка для пікнікоў ствараюць адзіны ансамбль. А цэнтральным элементам “дэкору” стала вялізная старая ліпа – славутасць не толькі гэтай сядзібы, а і ўсёй вёскі. Садзілі яе, напэўна, яшчэ прадзеды былых гаспадароў дома, і магутнае дрэва можна лічыць сімвалам сувязі шэрагу пакаленняў корсакаўцаў. Да слова, цяперашнія ўладальнікі з вялікай павагай ставяцца і да іншай “спадчыны”: знайшлі на гарышчы, аднавілі і дэманструюць гасцям старажытны калаўрот, каромысла, а таксама рарытэтныя вагі-“кантарыкі” з дзяленнямі ў пуд – гэтая ўнікальная рэч дакладна ўпрыгожыла б наш колішні праект “Фотазагадка. З побыту продкаў”.

Гасцявы дом, дзе могуць размясціцца да 8-10 адпачываючых, уразіў сваёй утульнасцю. Сучасныя выгоды тут спалучаюцца з этна-матывамі. Алена, якая мае выдатны мастацкі талент, аздобіла сцены старажытнымі беларускімі арнаментамі, іншым аўтэнтычным роспісам. Ну а з кулінарнымі “фішкамі” сям’і мы пазнаёміліся падчас чаяпіцця, калі дэгуставалі таямнічы “шакоціс” – вельмі смачную і каларыйную літоўскую нацыянальную выпечку, гатуюць якую па святах на спецыяльным абсталяванні, падобным на сімбіёз грыля і ганчарнага кола. Адных толькі яек на замес бяруць аж пяць дзясяткаў!

І, канечне, на стале быў мёд: год сем таму сябар падарыў гаспадару некалькі пчаліных сем’яў – і гэты занятак моцна захапіў Андрэя. Ён карпатліва вывучаў новую справу, наведваў семінары і нават звёў асабістае знаёмства з, бадай, самым буйным айчынным спецыялістам гэтай галіны – загадчыкам лабараторыі пчалярства НАН Беларусі Дзмітрыем Рахматуліным. Зараз у пчальніку Андрэя Пятровіча каля 30 вуллёў і яго мядовая справа развіваецца ў строга навуковым рэчышчы. Увогуле падалося, што даводзіць усё да абсалюту – гэта іх сямейная рыса. Вось і сваю аграсядзібу Барэйкі плануюць яшчэ больш удасканаліць. “Будоўлю можна прыпыніць, але завяршыць – немагчыма!” – жартуе гаспадар.

Сярод мноства дэкаратыўных дрэў і кустоў, якімі аздоблена сядзіба, яе гаспадары асабліва вылучаюць кальквіцыю – пышны куст сям’і бружмелевых з прыгожымі бела-ружовымі кветкамі. Прыжываецца ён не паўсюдна, затое хутка расце. А яшчэ з’яўляецца добрым меданосам.

Зараз у Корсакаве яны знаходзяцца амаль пастаянна, звялі сяброўства з мясцовымі жыхарамі і дачнікамі – кажуць, што вёска ім падабаецца, людзі сумленныя і добразычлівыя, амаль няма неахайных пабудоў. “Некалькі год я працаваў у Браславе, і не магу зразумець, чаму гэты рэгіён такі раскручаны, тады як нічым не горшая па патэнцыяле Ушаччына прымае куды менш турыстаў. Так што будзем выпраўляць сітуацыю! У раёне ж не толькі выдатная прырода, а і шмат славутасцяў. Мы ўжо пабывалі ля Баркоўшчынскіх крыніц, на старым млыне ў Замошшы, у музеі, спарткомплексе – мяркуем падказваць пра гэтыя цікавыя месцы і сваім будучым кліентам”, – разважае Андрэй.

“Вы павінны прыехаць да нас летам! Будзем чакаць!” – на развітанне ўзялі з нас абяцанне “дэбютанты” агратурыстычнага бізнесу. Госці абавязкова ацэняць гэты аб’ект, бо тут уладарыць сапраўдная “Дольчэ Віта”: бляск і камфорт умоў, чарадзейства краявідаў і салодкі смак шчырых, прыемных зносін.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *