1 июня — день защиты детей

Общество

1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта адно з самых важных святаў, якое заклікана звярнуць увагу сусветнай супольнасці на шматлікія праблемы сям’і і дзяцей. 
У Рэспубліцы Беларусь ахова дзяцінства – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян Беларусі замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, у Законе Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» і іншых дакументах.
Першачарговае права кожнага дзіця – мець сям’ю і годны ўзровень жыцця ў ёй. У Беларусі прыняты шэраг мер, накіраваных на падтрымку сям’і: дзейнічае сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот сем’ям з дзецьмі, праводзіцца сур’ёзная работа па аздараўленні дзяцей, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, паўнавартаснай адукацыі і творчым развіцці.
Здароўе сям’і – аснова сацыяльнага здароўя грамадства. Але, на жаль, далёка не ўсе дзеці растуць і выхоўваюцца ў атмасферы любові і цяпла. Стан сямейных узаемаадносін на сённяшні дзень шмат у чым не стабільны, паказчыкам гэтага з’яўляецца павелічэнне з году ў год колькасці няпоўных сем’яў, што прымушае задумацца пра «здароўе» грамадства.
Няпоўныя сем’і існавалі на ўсіх этапах развіцця чалавецтва. Але, акрамя смерці і разводу бацькоў, сучаснасць дадала новыя, калі так можна выказацца, выпадкі няпоўных сем’яў. Напрыклад, інстытут сужыцельства бацькоў дзіцяці. Калі сужыцель не быў зарэгістраваны бацькам дзіця, то юрыдычна такая сем’я адносіцца да ліку няпоўных. Ва Ушацкім раёне ўдзельная вага зарэгістраваных дзяцей у матуль, якія не знаходзяцца ў шлюбе, ад агульнай колькасці зарэгістраваных нараджэнняў па раёне ў 2010 годзе склала 33 працэнты. А гэта значыць, што абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, іх абароне ў такіх выпадках юрыдычна нясе толькі маці, а «фактычны» бацька ўхіляецца ад гэтага. Так не павінна быць! Існуе паняцце «устанаўленне бацькоўства», мэта якога ўстанавіць кроўнае сваяцтва дзіця і бацькі, прызнаць бацькоўства, замацаваць яго ў законным парадку. Для гэтага не абавязкова браць шлюб з маці дзіця.
Кажучы скупой мовай лічбаў, не спяшаюцца мужчыны замацаваць сваё права быць бацькам: з 28 фактаў па ўстанаўленні бацькоўства, якія ажыццяўляліся ў раёне ў 2010 годзе, толькі тры заключаны адначасова з рэгістрацыяй нараджэння, што складае 2,5 працэнта ад агульнай колькасці зарэгістраваных дзетак. У 2009-м такіх выпадкаў было адзінаццаць ці 7,2 працэнта.
Клопат пра дзяцей у рэспубліцы Беларусь з’яўляецца справай усенароднай. Інтарэсы падрастаючага пакалення забяспечваюць і абараняюць прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый. Але пры гэтым свет дзіця пачынаецца з канкрэтнай сям’і. У ёй можа не быць дастатку, яна можа туліцца ў цеснай хаце, але калі ў ёй ёсць любоў і згода, калі ёсць мама і тата, дзіця развіваецца нармальна. Так давайце зробім сваіх дзяцей шчаслівымі!
А.МАЛАШЧАНКА,
начальнік аддзела загса райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *