50-летие «Ушачского райагросервиса»

Юбилейные даты

“Райаграсэрвіс” – адно са старэйшах прадпрыемстваў Ушацкага раёна. За паўстагоддзя існавання яно прайшло шлях, багаты на выпрабаванні і дасягненні. Гісторыя прадпрыемства яскрава адлюстравала этапы развіцця нашай краіны. Не адна сотня людскіх лёсаў звязана з “Райаграсэрвісам”.
Святочны вечар, які наладзіла 24 мая кіраўніцтва прадпрыемства для ветэранаў працы, стаў прыемным падарункам да слаўнага юбілея. Каб надаць сустрэчы нефармальнасць, вырашылі адмові- цца ад звычайнага афіцыйнага фармату, быў арганізаваны вечар накшталт “блакі- тнага агеньчыка”, каб кожны прысутны мог адпачыць, пагутарыць з былымі калегамі, паглядзець канцэрт. І, вядома ж, успомніць мінулае. Зробім гэта і мы.
Ушацкае аддзяленне “Сельгастэхніка” было створана ў маі 1961 года. Яго першым кіраўніком стаў У.П.Нікіфараў, абавязкі галоўнага інжынера выконваў К.Н.Хвасціёнак. Дарэчы, Кірыл Несцеравіч, ветэран вайны і працы, прысутнічаў на вечары. Ён так ахарактарызаваў той час: “Было няпроста. Не хапала тэхнікі, сродкаў, спецыялістаў, але было галоўнае – жаданне працаваць, сумленнасць і самаадданасць людзей”.
З 1962 па 1966 год наш раён быў ліквідаваны, а “Сельгастэхніка” стала аддзяленнем Лепельскага аб’яднання. Яе кіраўнікамі былі М.Ф.Кляшчэўнік, І.Адамовіч. Пасля ўзнаўлення Ушацкага раёна “Сельгастэхніку” ўзначаліў М.Н.Сідарэнкаў. Пачаўся перыяд росквіту прадпрыемства. У ім функцыяніравалі наступныя падраздзяленні: рамонтная майстэрня, гандлёвая база, аўтатранспарт, мехатрад, ЛМУ (лінейна-мантажны ўчастак па механізацыі ферм і мехтакоў). Майстэрня займалася рамонтам усёй тэхнікі калгасаў і саўгасаў. Яе загадчыкамі былі Ф.Ф.Пашута, У.М.Малаткавец, М.А.Януковіч. Інжынерамі працавалі А.С.Чабатар і В.В.Ласкі. Гандлёвую базу ўзначальваў М.І.Карнееў, аўтапарк – У.У.Анкудовіч, мехатрад – У.Т.Курбака, ЛМУ – І.В.Кашко і У.М.Малаткавец, галоўным бухгалтарам працаваў П.І.Валадзько, эканамістамі – В.М.Ярмош і З.У.Янушкевіч. 
У 1969 годзе была створана “Сельгасхімія”, і М.Н.Сідарэнкаў стаў яе кіраўніком. “Сельгастэхніку” ўзначаліў М.І.Карнееў. Міхаіл Іларыёнавіч таксама прысутнічаў на святочным вечары. Ён зазначыў, што, як кіраўнік, асаблівую ўвагу надаваў сацыяльнай сферы: у той перыяд быў пабудаваны інтэрнат, шматкватэрны дом, магазін, яслі. “На жаль, зараз наш некалі ўтульны пасёлак выглядае не вельмі прывабна, многія будынкі патрабуюць рамонту”, – выказаў засмучэнне Міхаіл Іларыёнавіч.
Нельга не сказаць некалькі цёплых словаў аб чалавеку, без якога, бадай, гэтае свята не атрымалася б. Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец шмат дзён збіраў звесткі аб былых работніках, ствараў летапіс прадпрыемства, з якім звязаў свой лёс і якое ўзначальваў з 1984 па 1986 год.
Не адзін год жыцця прысвяціў “Сельгастэхніцы” і Г.А.Дзівін, які прыйшоў на прадпрыемства ў далёкім 1969: “З цеплынёй успамінаю той час. Было цяжка, але весела. Усе святы адзначалі разам: збіраліся ў сталоўцы, сябравалі сем’ямі”. Генадзь Аляксеевіч заняў дырэктарскае крэсла, бадай, на самым складаным этапе гісторыі – у трывожныя дзевяностыя. “Жылі, як маглі, працавалі, змагаліся…” – так характарызуе ён той перыяд.
Пэўны час прадпрыемствам кіравалі М.В.Грак, В.Ф.Мікуловіч, В.В.Шабанаў, В.М.Міхашонак. У 2001 годзе да яго быў далучаны саўгас “Ушацкі”. У 2003 рашэннем сходу акцыянераў было ўтворана ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, якое аб’яднала “Райаграпрамзабеспячэнне”, “Райсельэнерга”, “Райаграпрамтэхніку” і “Сельгасхімію”. У 2005 годзе да таварыства далучылі СВК “Матырына-Агра”. У 2007 дырэктарам ААТ быў абраны І.І.Баруноў, які працаваў на гэтай пасадзе да красавіка 2011 года. Дарэчы, прыгаданае прозвішча гэтага кіраўніка выклікала бурныя апладысменты прысутных.
Аб цяперашнім дні аб’яднання расказаў выконваючы абавязкі дырэктара Генадзь Сяргеевіч Юрчак. Ганарыцца ёсць чым. “Райаграсэрвіс” – адзінае ў раёне прадпрыемства, якое было прадстаўлена на рэспубліканскіх “Дажынках-2009” (А.Краўчанка і А.Кірышчанка), а вадзіцель С.Багрэц падтрымліваў гонар Ушаччыны на “Дажынках-2010”. Па выніках мінулага года аграсэрвісаўцы сталі першымі ў раёне па вытворчасці малака. Але, як адзначыў прамоўца, імкнуцца ёсць да чаго, наперадзе вялікі фронт работы…
І гісторыя прадпрыемства – таму перакананне. Ушацкую райсельгастэхніку і райсельгасхімію ведалі далёка за межамі раёна. Тут выпускаліся запчасткі для Мінскага трактарнага завода, асвоена торфараспрацоўка, нарыхтоўка сапрапелю і выпуск на яго аснове кармавой дабаўкі, распрацаваны выпуск цеплагенератарных установак.
Аднак, вернемся да свята. Трэба адзначыць, што на вечары было шмат жадаючых выказацца. Сваімі ўражаннямі падзяліліся Васіль Рыгоравіч Кісель, які з 1989 па 2007 год кіраваў “Райсельгасхіміяй”, М.П.Кір’якоў, В.А. Балабоўка. З асаблівай цеплынёй і павагай прысутныя адзначылі ветэранаў вайны – Кірыла Несцеравіча Хвасціёнка, Сцяпана Фёдаравіча Клопава і Сцяпана Пятровіча Каваленку. Апошні, дарэчы, расказаў некалькі жартоўных гісторый, дадаўшы новыя фарбы да вольнай атмасферы “агеньчыка”. Да “незапланаваных” канцэртных нумароў можна аднесці выступленне В.С.Лапёнка, які прачытаў вершы пра вайну. 
Былі, вядома, і нумары запланаваныя. Ствараў святочную атмасферу канцэрт, падрыхтаваны работнікамі Ушацкага РДК і ўдзельнікамі самадзейнасці. Выдатна справілася з роляй вядучай Дзіна Пенкальская, бацька якой, П.І.Доўгі, дарэчы, некалі працаваў у “Сельгасхіміі”. Ветэраны працы з захапленнем назіралі за танцамі дзяўчат са студыі “ДК-Дэнс”, разам з Веранікай Герасімавай спявалі “Стары клён”, не шкадавалі далоняў падчас выступлення Сашы Грыневіча (ён таксама працаваў тут). Свята захапіла ўсіх. Хутка ў розных кутках залы, узгадаўшы маладосць, закружыліся ў парах былыя бухгалтары і слесары, эканамісты і вадзіцелі…
…Разыходзіліся дадому былыя работнікі ўзрушаныя і шчаслівыя. І вельмі прасілі падзякаваць кіраўніцтву “Райаграсэрвіса” – в.а. дырэктара Г.С.Юрчаку, намесніку па ідэалагічнай рабоце С.М.Церашкевіч, старшыні прафкама М.М.Пятніцу за арганізацыю свята, удзельнікам канцэрта і асабіста Д.П.Пенкальскай за стварэнне святочнага настрою. І, канечне, пажадаць калектыву працоўных поспехаў.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымках: ветэраны працы прадпрыемства; былы кіраўнік Г.А.Дзівін



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *