Ушацкі лён

Общество

Ільнаводчая галіна краіны зараз перажывае пераходны этап. І нацэлены ён перш за ўсё на адно – выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая і па кошту, і па якасці будзе задавальняць як унутранага пакупніка, так і замежнага. Вядзецца пераўзбраенне заводаў, абкатваецца новая тэхніка цераблення, уборкі, шукаюцца больш ураджайныя сарты.

Нашаму заводу складана канкурыраваць, напрыклад, з Дубровенскім з-за маральна састарэлага абсталявання – знос складае 96,2 працэнта. Складаней дабіцца на ім выпуску якаснай прадукцыі. Не вытрымліваў – фізічна не мог прапусціць завод той колькасці сыравіны, якую ўласнымі сіламі вырошчваў у апошнія гады. Дзвюх тысяч тон хапае для двухзменнай работы, а нават цяпер, з пачаткам новага года, на заводзе 1770 тон. Зусім нядаўна скончылі перапрацоўваць залежы 2008-га. Менавіта па гэтай прычыне сёлета пасяўныя плошчы з больш чым тысячы гектараў у 2008-м і 700 у мінулым мяркуем скараціць да 500 гектараў.

Нікому не патрэбна сыравіна любым коштам. На Ушаччыне наогул складана падабраць плошчы пад механізаваную ўборку льну – зусім мала вялікіх і роўных палеткаў, а калі ж улічваць характарыстыкі гумусу, дык падаўна. Вяртацца на льняное поле можна не раней, чым праз 5 гадоў, гэта калі па тэхналогіі.

Што датычыцца выпуску прадукцыі, то планавыя паказчыкі 2009 года мы выканалі толькі на 73 працэнты пераважна па суб’ектыўных прычынах. Сыравіны хапала, аднак з-за нездавальняючай якасці яе даводзілася па некалькі разоў прапускаць па лініі, непрадукцыйна працавала сушылка, нярэдкімі былі паломкі абсталявання. Бачым і іншую прычыну. Старажылы завода ведаюць, што зараз мы выпускаем за змену менш, чым некалі, калі лён убіраўся толькі ўручную. Пэўна і народная прымаўка “Лён любіць паклон” мае дваякі сэнс. Машыны мы пусцілі, не нахіляемся, не рвём уручную, аднак не навучыліся пакуль так жа раўнютка сартаваць яго, не шкодзіць. Сыравіна наша часта нізкай якасці яшчэ і з-за таго, што няма сховішчаў. І перапрацоўваючы трасту, якая праляжала пад адкрытым небам, канечне, губляе нумар. Так што, скараціўшы плошчы сяўбы, сёлета мяркуем павысіць якасць як сыравіны, так і прадукцыі.

Зараз завод працуе ў звычайным рэжыме, у дзве змены. Рэгулярна ідзе адгрузка прадукцыі, хоць у апошні час пераважна кароткага валакна на экспартныя базы. Магу сказаць, што наша кароткае валакно карыстаецца попытам, яго ахвотна бяруць з-за добрай якасці, што зараз удаецца не кожнаму заводу. Ёсць у сховішчы і больш 10 тон даўгога валакна.

Наогул калектыў працаздольны, сваю справу ведае і мы спадзяёмся, што з запланаванымі на сёлета прагнознымі паказчыкамі справімся.

А.ШКОДЗІН,

дырэктар Ушацкага льнозавода.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *