На базе Ушачского лесхоза прошли областные соревнования «Лесоруб-2011»

Общество

Фраза “На працу, як на свята” мае ў нашым ужытку крыху саркастычнае адценне – маўляў, два гэтыя паняцці ўзаемавыключальныя. У тым, што гэта не так, мяне пераканалі абласныя спаборніцтвы “Лесаруб-2011”, якія 15 чэрвеня праходзілі на базе Ушацкага лясгаса. Гэта мерапрыемства выглядала як сапраўднае свята працы. Дарэчы, такія конкурсы – не проста забаўляльнае відовішча, асноўная іх мэта – дэманстрацыя майстэрства, распаўсюджанне наватарскіх прыёмаў бяспечнай і якаснай працы.
Тут да месца будзе сказаць некалькі слоў аб традыцыях і поспехах беларускіх лесарубаў. Аб гэтым давялося пагутарыць з вядучым інжынерам “Белгіпралеса” Мікалаем Іванавічам Юшчуком. 
– Спаборніцтвы лесарубаў праводзяцца ў рэспубліцы з 1994 года. З 1997 нашы землякі прымаюць удзел у чэмпіянатах свету, якія праходзяць раз у два гады. Адметна, што наступны, 30-ы чэмпіянат адбудзецца ў Беларусі: мы атрымалі права на яго правядзенне, бо на мінулым, які праходзіў у Харватыі, занялі высокае сёмае месца. Удзельнікі, якія добра сябе пакажуць на сённяшніх спаборніцтвах, трапяць на адкрыты чэмпіянат Беларусі, які адбудзецца восенню ў Раўбічах пры ўдзеле лесарубаў з некалькіх дзесяткаў замежных краін і стане генеральнай рэпетыцыяй да чэмпіянату свету.
З ранку гарадскі стадыён запоўнілі людзі ў прыгожай уніформе – каля сямідзесяці ўдзельнікаў з 17 лясгасаў Віцебшчыны, а таксама прадстаўнікі Гродзенскай і Гомельскай абласцей і члены зборнай каманды Беларусі (Віктар Зарэмба, Валерый Дуровіч і Юрый Несцяровіч), якія выступалі па-за конкурсам. Лесарубы настройваліся на спаборніцтвы, у які ўжо раз правяралі інвентар (давялося “падгледзець”, як адзін з удзельнікаў далікатна “паліраваў” сваю пілу з дапамогай зубной шчоткі). І вось пасля жараб’ёўкі і ўрачыстага адкрыцця быў дадзены старт.
Чалавеку непасвячонаму разабрацца ў тонкасцях барацьбы лесарубаў няпроста. Дапамагчы мне ў гэтым згадзіўся ўдзельнік ад Ушацкага лясгаса Міхаіл Карабань: 

– Спаборніцтвы складаюцца з пяці этапаў: гэта мантаж ланцуга пілы, валка дрэваў, абразанне сучча, дакладнае распілоўванне (трэба так разрэзаць бервяно, якое ляжыць на драўляным памосце, каб не закрануць сам памост), распілоўванне камбінаваным рэзам (ад бервяна трэба адпілаваць кавалак таўшчынёй 3-8 см, спачатку рэзаўшы зверху, а потым – знізу). Перамагае той, хто пройдзе ўсе этапы найбольш хутка і дакладна.
Спаборніцтвы праходзілі адначасова ў трох месцах: на стадыёне, дзялянках Ушацкага і Вялікадолецкага лясніцтваў. Папярэднія вынікі фіксаваліся на спецыяльнай дошцы, вакол якой з хваляваннем тоўпіліся ўдзельнікі і гледачы.
Нарэшце, пераможцы былі вызначаны. У агульным заліку не было роўных лесарубам з Глыбокага, далей ішлі Бягомльскі і Лепельскі лясгасы. У асабістым заліку ўсіх апярэдзіў глыбоцкі ўдзельнік В.Баран, на другім і трэцім месцы адпаведна У.Гнусін з Бягомля і А.Смяхоўскі з Глыбокага. Наш удзельнік М.Карабань стаў 11-м. Але гаспадары не засталіся без прызавых месцаў: у спаборніцтвах машыністаў фарвардэраў “Амкадор”, якія таксама ўваходзілі ў праграму, наш прадстаўнік Дзмітрый Калачоў стаў другім. Пераможцы атрымалі даволі значныя грашовыя прызы, агульны фонд якіх склаў каля 15 мільёнаў. Хочацца спадзявацца, што з гэтай сустрэчай на гасціннай ушацкай зямлі ў яе ўдзельнікаў будуць звязаны прыемныя ўспаміны і яна паспрыяе далейшаму росту іх працоўнага майстэрства.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *