На сессии районного Совета депутатов подведены итоги работы

Саветы і жыццё

Мінуў год работы новага саставу раённага Савета дэпутатаў 26 склікання. І асноўнае пытанне, што разглядалася на дванаццатай сесіі – справаздача старшыні А.В.Пашковіч аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і стане спраў на тэрыторыі раёна. 

З людзьмі і для людзей

Захаванне стабільнага сацыяльна-эканамічнага становішча ў раёне, павышэнне эфектыўнасці і рэзультатыўнасці работы мясцовых Саветаў, развіццё мясцовага самакіравання і больш цесная сувязь з насельніцтвам, раённымі службамі для выканання прагнозных паказчыкаў, вырашэнне паўсядзённых патрэб насельніцтва – гэта асноўныя задачы, якія вырашалі дэпутаты на працягу года.
З мая 2010 па чэрвень 2011 года было склікана 11 сесій і адбылося 14 пасяджэнняў прэзідыума Савета, на якіх разгледжана адпаведна 66 і 28 пытанняў. Працавалі 4 пастаянныя камісіі, асабліва Алена Васільеўна адзначыла актыўнасць іх старшынь І.Ф.Сыроўчанкі і З.П.Закрэўскай. На працягу года дэпутаты двойчы трымалі справаздачы перад сваімі выбаршчыкамі. Усе пытанні, што падымалі перад дэпутатамі людзі, аналізаваліся, а па самых злабадзённых аператыўна прымаліся меры рэагавання. Гэта датычыцца грэйдзіравання дарог, добраўпарадкавання, водазабеспячэння і саманарыхтоўкі дроў. На базе ўсіх сельсаветаў прайшоў Дзень дэпутата – гэта новая форма была накіравана на вучобу дэпутатаў, павышэнне іх актыўнасці. Таксама новы праект – “Дэпутацкая пошта”, за пяць месяцаў года ў скрыні якой паступіла 20 зваротаў. У актыўным вырашэнні пытанняў, паступіўшых праз “Дэпутацкую пошту”, А.В.Пашковіч адзначыла дэпутатаў А.Крыштопенка, С.Міхейка, Г.Рудзёнак.
Усяго ж за справаздачны перыяд у раённы Савет дэпутатаў паступіла 2 пісьмовых і 80 вусных зваротаў, 9 чалавек прыйшло на асабісты прыём да старшыні райсавета. Дэпутаты заўсёды прысутнічаюць на выязных прыёмах, якія праводзяць пасадныя асобы райвыканкама. Інфармацыйная група, якую ўзначальвае старшыня райсавета, правяла 15 сустрэч у калектывах і па месцы жыхарства. Дэпутаты прымаюць актыўны ўдзел і ў свяце вёсак – 58 з 70, праведзеных аддзелам культуры за мінулы год і 5 месяцаў сёлетняга, прайшлі з іх удзелам. А фармат свята дазваляе сустрэцца з выбаршчыкамі, пачуць іх праблемы і звароты. Бо самае галоўнае ў рабоце дэпутатаў – ведаць думку людзей, дапамагаць у вырашэнні канкрэтных пытанняў. За год сваёй работы дэпутаты пацвердзілі сваю здольнасць ісці ў нагу з людзьмі і часам.

Не стаім на месцы

За пяць месяцаў 2011 года тэмп росту прамысловай прадукцыі склаў 123,9 працэнта пры заданні 125. Рэнтабельнасць продажу ў прамысловасці – мінус 11,6 працэнта, што звязана са стратнай работай агароднінасушыльнага завода, ільнозавода і УП ЖКГ. Запасы гатовай прадукцыі ў межах 5,5 працэнта да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Тэмп росту рознічнага тавараабароту склаў 117,4 працэнта пры заданні 115,5. Не выкананы паказчыкі па экспарце і імпарце тавараў. Атрымана адмоўнае сальда знешняга гандлю ў памеры 205,3 тысячы долараў ЗША.
Экспарт паслуг склаў 159,9 працэнта да ўзроўню студзеня-красавіка 2010 года пры заданні 140, імпарт паслуг адсутнічаў, і як вынік – станоўчае сальда ў памеры 159,6 тысячы долараў.
За пяць месяцаў у раёне створана 134 новых працоўных месцы, сярэднямесячная зарплата за 4 месяцы склала 1109,5 тысячы рублёў, што больш аналагічнага перыяду 2010 года на 52,1 працэнта. Аб’ём аказання насельніцтву платных паслуг павялічыўся на 25,9 працэнта.

Чалавечы фактар

А дасягаецца гэта ўсё нашымі людзьмі. Прыемна зазначыць, што наш раён перайшоў з нізкага ў разрад сярэдняга ўзроўню нараджальнасці. За пяць месяцаў 2011 года нарадзілася 57 дзяцей (93,4 працэнта да ўзроўню мінулага года), а колькасць шлюбаў павялічылася на 16,7 працэнта.

На жаль, ад знешніх прычын памерла 157 чалавек. Згодна Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 толькі ў 2010 годзе 17 дзяцей з 10 сямей прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. І не апошнюю ролю ў гэтай важнай справе адыгрываюць менавіта дэпутаты: яны замацаваны за нядобранадзейнымі сем’ямі, рэгулярна іх наведваюць, аказваюць пасільную дапамогу. На ўліку знаходзіцца 78 бацькоў, якія павінны кампенсаваць расходы на ўтрыманне 92 сваіх дзяцей. На працягу 6 месяцаў ад абавязаных асоб у бюджэт паступіла 65,4 мільёна рублёў – гэта 39,1 працэнта ад планава налічанай сумы.
Галоўная задача ўлады – замацаваць станоўчую дынаміку комплекснага развіцця раёна, задавальняць жыццёва важныя эканамічныя і сацыяльныя патрэбы насельніцтва. На гэта накіравана і работа органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання: сельскія камітэты, старэйшыны сельскіх населеных пунктаў. На агульных сходах вяскоўцаў абрана 163 старэйшыны, 12 сельскіх камітэтаў. З іх удзелам рэгулярна праводзяцца сходы грамадзян, яны інфармуюць вяскоўцаў аб рабоце сельвыканкамаў, прымаемых рашэннях і аб тым, што адбываецца на тэрыторыі раёна.

Асабістая гаспадарка

У падсобных гаспадарках насельніцтва вырошчваецца каля 39 працэнтаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна. І тым, хто жадае працаваць на зямлі, аказваецца рэальная дапамога. Традыцыйнымі былі вясновыя кірмашы ў райцэнтры, ну а сёлета ўпершыню прайшлі яны па ўсіх аграгарадках. Сельгаспрадпрыемствамі прададзена насельніцтву для вырошчвання 226 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы і 485 галоў свіней (109 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года). Тры разы на тыдні на тэрыторыі ветстанцыі арганізаваны продаж маладняку і дарослай птушкі. На рынку райцэнтра абсталяваны месцы для продажу лішкаў уласнай прадукцыі. Кожны год аказваецца дапамога ў апрацоўцы прысядзібных участкаў і абмалоце зерневых, ветслужба раёна праводзіць прафілактыку і лячэнне жывёлы. У калектыўных дагаворах сельгаспрадпрыемстваў замацаваны пункты, якія спрыяюць развіццю падсобных гаспадарак іх працаўнікоў. Паколькі паўстаюць спрэчныя пытанні з закупам малака, выдзяленнем пашаў, толькі за гэты год раённым Саветам дэпутатаў праведзена 17 рэйдаў-праверак па зваротах грамадзян.
У сваёй справаздачы А.В.Пашковіч прааналізавала работу па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, якая значна актывізавалася ў тым ліку і дзякуючы ўмацаванню бюджэтаў пярвічнага ўзроўню. За мінулы год перавыкананы гадавыя заданні па самаабкладанні, актывізаваўся збор падаткаў з уладальнікаў сабак. Праведзена 9 аўкцыёнаў, на якіх прададзена 17 зямельных участкаў, атрымана 167,3 мільёна рублёў. Гэта другі паказчык у вобласці. Сёлета ад продажу трох участкаў атрымана 36 мільёнаў дадатковых даходаў. Усе сельвыканкамы размяшчаюць часова свабодныя сродкі на банкаўскіх дэпазітах, за кошт чаго летась дадаткова атрымана 11 мільёнаў рублёў.
Будзе працягвацца работа па зносе старога пустуючага жылля, хоць за мінулы год знесена 48 трухлявых і 8 пустуючых дамоў, на 1 ліпеня засталося яшчэ 72. Найбольш актыўна праводзяць гэтую работу Ушацкі і Сарочынскі сельвыканкамы, значную дапамогу аказвалі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, індывідуальны прадпрымальнік В.А. Прашкевіч.
Дапоўнілі справаздачу старшыні райсавета выступленні дэпутатаў.
Тэма добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, навядзення парадку ля цэнтра пазашкольнай работы, аказання дапамогі вёскам раёна працягвалася ў выступленні Н.М.Каваленка – дэпутата ад Камсамольскай выбарчай акругі №2. Наталля Міхайлаўна падала таксама дэпутацкі запыт аб узаконенні афіцыйнага прыпынку аўтобусаў па вуліцы Віцебскай.
Са справаздачай аб рабоце ў акрузе, становішчы спраў у вобласці і краіне ў цэлым перад прысутнымі выступіў дэпутат абласнога Савета дэпутатаў В.П.Сяргееў. Удзел у рабоце сесіі прыняла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.М.Падаляк. Яна расказала аб выніках, якія дасягнуты ў рэспубліцы за апошнюю пяцігодку, прааналізавала складаную эканамічную сітуацыю, што склалася на сённяшні дзень у краіне, адзначыла прычыны, якія прывялі да ажыятажнага попыту на многія віды тавараў на спажывецкім рынку. Алена Міхайлаўна дэталёва спынілася на тых мерах, якія прымаюцца кіраўніком дзяржавы, урадам па стрымліванні цэн і сацыяльнай абароне насельніцтва, стабілізацыі валютнага рынку, забеспячэнні належнага парадку і дысцыпліны на вытворчасці. Сенатар заклікала дэпутатаў, кіраўнікоў больш актыўна праводзіць тлумачальную работу па дадзеным пытанні як у працоўных калектывах, так і сярод насельніцтва раёна.
* * *
На сесіі таксама разгледжана 11 іншых пытанняў. У прыватнасці, зацверджаны Мерапрыемствы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб, Мерапрыемствы па рэалізацыі Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады. Рашэннем сесіі аказана дзяржаўная падтрымка камбінату бытавога абслугоўвання насельніцтва: улічыўшы складанае фінансавае становішча на камбінаце ў 2011 годзе, для ўсіх прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання раёна ў два разы зменшаны стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, а таксама тэрмінам на адзін год КБА вызвалены ад пералічэння ў раённы бюджэт часткі сродкаў ад здачы ў арэнду маёмасці. Вызваленыя сродкі пойдуць на закупку новага абсталявання і пашырэнне сферы паслуг бытавога абслугоўвання.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *