Завейны люты ў глыбінцы


Баяліся мы глабальнага пацяплення. Сумавалі па снежнай зіме. І вось яна вярнулася. Студзеньскія маразы, завея ў цяперашнія лютаўскія дні. Усё гэта ёсць. Прыемна назіраць у гарпасёлку з вакна замець, якая вельмі няспешна засыпае вуліцы, дамы і адзенне людзей. А вось зімовае жыццё вяскоўцаў, асабліва з аддаленых населеных пунктаў, ідыліяй не назавеш.

й, напрыклад, нанасіць вады карове, іншае па гаспадарцы справіць, – расказвае старэйшына вёскі Звонь Ніна Іванаўна Півульская. – У той жа час нам аказваюць неабходныя паслугі, каб лягчэй было перанесці нягоды надвор’я.

Што асабліва радуе старэйшыну, дык гэта расчыстка дарогі. Нават ноччу, прычым, у выхадны – мінулую суботу – вялася яна рабочымі ДРБУ-105.

Зразумела, не ва ўсіх маланаселеных вёсках адна арганізацыя здольна пастаянна ссоўваць снег у такую складаную пару, даваць магчымасць праезду транспарту, хаця б у цэнтрах гаспадарак з гэтым справіцца. Але вось Звоні пашанцавала на той дзень, калі давялося паразмаўляць з Нінай Іванаўнай.

– А як забяспечваецеся таварамі? – спытала ў старэйшыны.

– Праблем няма. Расчышчаная дарога дае магчымасць праязджаць не толькі аўтакраме. Бацькі адзінай у вёсцы вучаніцы Святланы мелі магчымасць падвезці яе ў Іллюшынскую школу.

Аўтобус у Звонь не заходзіць. Яно, канечне, нязручна, бо трэба ісці да прыпынку ў Рагуцкія або яшчэ далей – у Іллюшына. Ніне Іванаўне гэтымі днямі самой трэба хутчэй трапіць у райцэнтр, бо пасля таго, як не стала маці ў пачатку года, узнікла неабходнасць разабраць узнікшую блытаніну з прозвішчамі. Але ж яна добра разумее, якія сродкі патрэбны былі б на заезд аўтобуса ў Звонь. У вёсцы ўсяго дванаццаць чалавек, і тыя рэдка калі адпраўляюцца ў шлях. Больш прыязджаюць да іх дзеці па выхадных. І некаторыя – на сваіх машынах.

Да Ніны Іванаўны наведваюцца сыны. Праўда, адзін радзей, бо жыве пад Санкт-Пецярбургам. Малодшы бывае часцей. Яны ўсяляк дапамагаюць маці накасіць сена, нешта іншае зрабіць. І пакуль што яна трымае карову. Ды ўсё складаней становіцца. Ля гэтай жа жывёліны трэба тупаць бясконца. Свіней таксама жанчына трымала дагэтуль. Зарэзала, з дзецьмі мясам падзялілася. Да нядаўняга часу быў і конь.

Вяскоўцы імкнуцца не развітвацца з гаспадаркай да апошняга, хаця час ад часу цяжэй гэта рабіць.

Усё больш падводзіць здароўе. І пры неабходнасці сельскія жыхары карыстаюцца бліжэйшым ФАПам. Для людзей са Звоні гэта Жарскі фельчарска-акушэрскі пункт. Старэйшына вёскі расказвае, што яго загадчыца і ўрач з цэнтральнай раённай бальніцы ў снежні наведваліся. А для вяскоўцаў вельмі важна, каб менш выязджаць у райцэнтр, дабірацца па снезе, па марозу.

Але час бяжыць непрыкметна, вось ужо самы люты месяц у разгары. Далей вясна паступова будзе набліжаць цёплыя дзянькі. Зноў у Звоні пачнуць гучаць галасы, вёска напоўніцца маладзейшымі людзьмі – дачнікамі. А гэта вельмі цікавыя, чулыя людзі. Ніна Іванаўна расказвае, што калі не было сына ў буднія дні, яны дапамагалі нарыхтоўваць сена, пераносіць зерне.

Маланаселеная вёска Звонь не пустуе ніколі. Проста крыху дрэмле ў нядоўгую зімовую пару.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *