Даже в знакомом лесу легко заблудиться

Общество

З наступленнем грыбнога сезона многія з задавальненнем накіроўваюцца ў лес. Вось і я ў чацвер днём вырашыла схадзіць па грыбы – адправілася ў добра знаёмы завячэльскі лес. Пахадзіўшы некаторы час і сабраўшы крыху грыбоў, вырашыла вяртацца дадому. Аднак раптам зразумела, што згубіла арыентацыю і не ведаю, у які бок трэба ісці. “Ну не магла ж я заблукаць у лесе, у якім ужо невядома колькі разоў была! Зараз прыгледжуся і зразумею, куды трэба накіроўвацца”, – падумалася ў першыя хвіліны. Але чым старанней прыглядалася, тым яшчэ больш незнаёмымі здаваліся мне гэтыя мясціны. Праз паўгадзіны блуканняў мяне апанаваў страх, пачала крычаць і зваць на дапамогу. Яшчэ праз паўгадзіны ўжо забалела горла, а ад адчаю цямнела ў вачах, у галаве ўсплывалі гісторыі пра тое, як людзі губляліся ў лесе і іх не маглі знайсці. Калі я ўжо амаль згубіла надзею, на мой крык адазваўся чалавек, а праз колькі хвілін ён быў побач са мной. Малады мужчына паказаў, у які бок мне трэба ісці, каб трапіць дадому. Свайго імя мой выратавальнік не назваў, а я вельмі ўдзячна незнаёмцу за тое, што дапамог. Спадзяюся, што гэты добры чалавек прачытае ў газеце маю ўдзячнасць, але хацелася б яшчэ асабіста пагаварыць з ім, як-небудзь аддзячыць. Таму вельмі прашу, калі ў гэтым аповедзе мой герой пазнаў сябе і ўспомніў сітуацыю, каб ён патэлефанаваў па нумары 2-84-55.
Хочацца таксама звярнуцца да ўсіх людзей, якія бываюць у лесе. Часта, збіраючы грыбы ці ягады, мы чуем галасы, але не адгукаемся на іх, думаем, што гэта падаюць знакі адзін аднаму знаёмыя грыбнікі. Прыслухвайцеся да чалавечых галасоў у лесе, раптам гэта будзе крык аб дапамозе?
Л.СВІДЗІНСКАЯ, г.п.Ушачы. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *