Президент провёл пресс-конференцию с белорусскими и зарубежными СМИ

Общество

Прэс-канферэнцыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з беларускімі і замежнымі журналістамі можна лічыць пераднавагоднім зваротам кіраўніка краіны да  беларускага народа. Прэзідэнт, канечне, павіншуе беларусаў непасрэдна перад “боем курантаў”, а за тыдзень да гэтага адказаў літаральна на ўсе пытанні, што хвалявалі прадстаўнікоў 301 выдання, дзве трэці з якіх былі рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі. Такая колькасць журналістаў была сабрана ўпершыню. Аляксандр Рыгоравіч падкрэсліў, што менавіта рэгіянальныя СМІ самыя запатрабаваныя ў сваіх чытачоў, і такім чынам людзі атрымаюць адказы з першых вуснаў на праблемныя і перспектыўныя пытанні. Сёння ўшачане, якія не змаглі паглядзець прэс-канферэнцыю ў прамым эфіры, змогуць знайсці адказы на самыя злабадзённыя з іх

Самае складанае мы перажылі

– Я не  хацеў бы,  каб такі  год, якім быў 2011, паўтарыўся, – адказаў А.Лукашэнка на пытанне аб ацэнцы адыходзячага года, удакладніўшы, што не хацеў бы ні для сябе, ні для краіны. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія нам давялося перажыць, усё роўна не варта пасыпаць галаву попелам. Нават сёлета, калі мы плацілі за энерганосьбіты па самым высокім кошце, рост валавога ўнутранага прадукту склаў 107 працэнтаў, мы  экспартавалі тавары. І гэта быў год вялікіх ўрокаў, без якіх мы б не змаглі з’арыентаваць эканамічны курс краіны на верны. Пераконвае ў гэтым і чужы вопыт. “Грэцыі сёння для стабілізацыі краіны патрэбна больш 300 мільярдаў еўра. Калі б нам далі 100 – мы б іх не праглынулі, – падкрэсліў Прэзідэнт –не змаглі б асвоіць, а там 10-мільённая краіна давяла сябе да такой бездані. І не адзіная Грэцыя. Партугаліі патрэбна 200 мільярдаў еўра. У нас няма такіх даўгоў. Жыць трэба па сродках і больш працаваць. Трэба павышаць узровень жыцця беларусаў, аднак такім чынам, каб заработная плата была сапраўды зароблена, павышаючы прадукцыйнасць працы, а ні ў якім разе не друкаваннем пустых грашовых знакаў. Не пускаюцца на выплату зарплаты і замежныя крэдыты”.

Нічога страшнага ў новым годзе чакаць не варта, ён будзе намнога лепей за сёлетні, пераканаў Прэзідэнт. Усё самае складанае мы ўжо перажылі.  Не будзе і ломкі эканомікі, яна па-ранейшаму застанецца сацыяльна-арыентаванай, хоць і больш прадуманай, падтрымка будзе аказвацца тым, каму яна сапраўды патрэбна.

Рыба шукае дзе глыбей,

а чалавек – дзе лепей. Гэтую прымаўку Прэзідэнт прыгадаў, адказваючы на пытанне па адтоку з краіны кадраў, асабліва ў будаўнічай галіне. Нічога незвычайнага ў гэтай сітуацыі няма, як і няма такога ж вялікага адтоку. Пры гэтым кожны павінен усведамляць, што знаходзячы ў зарплаце, беларусы адначасова і страчваюць. Жывуць без сям’і і не ў лепшых умовах (прыгадаў А.Лукашэнка і нядаўні факт гібелі беларусаў падчас пажару ў Маскве). А каб усяго гэтага не было, трэба на месцах ствараць такія ўмовы працы, каб людзі зараблялі і не шукалі работы ў іншых месцах. Прэзідэнт паабяцаў, што да кіраўнікоў будаўнічых арганізацый, апошнім часам збалаваных вялікай колькасцю заказаў, будуць прад’яўляцца самыя жорсткія патрабаванні па пошуках новых аб’ектаў, у тым ліку і за межамі краіны. Хоць і ў нас плануюцца і разгортваюцца такія вялікія будаўнічыя пляцоўкі, што патрэбна вельмі многа высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Пенсіі і лекі

Пытанне аб павелічэнні тэрміну пенсійнага ўзросту хвалюе вельмі многіх беларусаў. 55 гадоў для жанчын і 60 для мужчын – анахранізм па сённяшніх днях, мы застаёмся адной з краін, дзе захаваўся такі нізкі пенсійны ўзрост. Аднак і зараз павышаць яго не плануецца. “Вы ж гэтага не жадаеце, — адказаў пытаннем на пытанне А.Лукашэнка. – Паступаюць прапановы аб нявыплаце пенсій працуючым пенсіянерам, гэтага мы таксама рабіць не будзем, паколькі яны яе зарабілі. У нас невялікі памер пенсій, менавіта таму пенсійны ўзрост можам дазволіць пакуль такі, які ёсць. Калі паўстануць праблемы з выплатай пенсій, будзем глядзець, зараз жа такой неабходнасці няма”. Міністр сацыяльнай абароны М.Шчоткіна назвала свежыя лічбы – на выплату пенсій на наступны год запланавана 37 трыльёнаў рублёў.

Лякарствы, асабліва замежнай вытворчасці, сталі вельмі дарагімі. Што  робіцца для патаннення прадукцыі фармацыі. Паўмільярда долараў траціцца на закупку імпартных лекаў. Хоць беларускія лякарствы займаюць 58 працэнтаў ад усіх, у грашовым эквіваленце гэта толькі 23 працэнты, таму задача, што стаіць перад айчыннай фармацыяй, дасягнуць палавіннай прапорцыі. І па-ранейшаму захаваюцца льготы для набыцця лекаў.

Не хлебам адзіным

Рэдактар віцебскай абласной газеты Вера Мурашкіна задала актуальнае пытанне аб альтэрнатыўных відах паліва. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за пяцігодку традыцыйныя крыніцы павінны быць скарочаны на 25 працэнтаў. Аднак альтэрнатыўныя крыніцы – гэта не столькі дровы і пелеты, але перш за ўсё эканомія на прыродным газе і будаўніцтва гідраэлектрастанцый на вялікіх і малых рэках, чатыры з якіх будуць пабудаваны ў нашай вобласці.

Пытанне наконт больш шырокага ўжывання беларускай мовы задала рэдактар глыбоцкай раённай газеты Ганна Капшуль. Прэзідэнт адказаў, што беларуская мова забыта не будзе, прымаюцца канкрэтныя меры па пашырэнні сферы яе ўжытку. Міністр культуры, дарэчы, на выдатнай беларускай мове дадаў, што ў іх міністэрстве на беларускай мове вядзецца службовая перапіска, яны раяць тэатрам шырэй выкарыстоўваць беларускамоўныя пастаноўкі і г.д. “Я нікога не арыентую не размаўляць на беларускай мове, права кожнага чалавека размаўляць на той мове, на якой ён жадае. Аднак на рэферэндуме народ прагаласаваў за дзве дзяржаўныя мовы, і руская – таксама наша родная мова, якую мы не павінны нікому аддаваць”, – адзначыў Прэзідэнт.

Пытанні з падтэкстам

На прэс-канферэнцыі гучала многа пытанняў, мякка кажучы, непрыемных для Аляксандра Рыгоравіча, тым не менш на кожнае з іх ён даў шчыры прамы адказ. Напрыклад, чаму ён не адпускае сваіх палітычных апанентаў. На што Прэзідэнт зазначыў, што ў няволі знаходзяцца некалькі чалавек не таму, што яны апаненты, а таму што арганізоўвалі масавыя беспарадкі і, як і ўсе, павінны адказваць за гэта па законе. Прывёў і прыклад з заканадаўства заходніх краін, дзе толькі за заклік аб звяржэнні існуючай улады асуджаюць на 15 гадоў. Наогул зараз у краіне 38 тысяч зняволеных. “У мяне ёсць права мілаваць, калі яны папросяць, пакаюцца, яны ж лічаць лепшым рабіць з сябе герояў, застаючыся ў турме”.

На пытанне аб адмене смяротнай кары Прэзідэнт зазначыў, што кожную справу прапускае праз сэрца, разбіраецца, і калі ёсць хоць невялікае сумненне ў вінаватасці, вышэйшая мера пакарання не прымяняецца. Аднак і адмаўляцца ад яе лічыць несвоечасовым, паколькі ёсць і другі бок кожнай справы, матэрыялы якіх прыносяць, у прыватнасці, з фотаздымкамі. Наўмысныя масавыя забойствы і насілле, у тым ліку непаўналетніх. Якога пакарання заслужылі гэтыя людзі?

Ці не лічыць Прэзідэнт, што ў парламенце Беларусі павінна быць прадстаўлена і апазіцыя, каб урад арыентаваўся на розныя  пункты погляду.

“Я не буду ўмешвацца ў парламенцкія выбары, і справа апазіцыі, з чым ісці ў народ. Каб сапраўды выйграць, трэба яго ведаць. Больш таго, я прапаноўваў апанентам падабраць дастойных кандыдатаў, дапамагалі нават сабраць людзей, каб выступіць перад калектывамі, яны адмаўляліся, паколькі не было чаго сказаць. Улада такая, якую вы абралі. Што датычыцца розных пунктаў погляду, то ў нас ні адно пасяджэнне не праходзіць без таго, каб не было розных пунктаў погляду. Міхаіл Мясніковіч наогул не схільны да аднаасобнага прыняцця рашэння, усё робіцца толькі калегіяльна”.

Хто любіць анекдоты пра сябе

Чаму на беларускіх каналах выразаюцца праграмы, дзе жартуюць над А.Лукашэнкам, як ён ставіцца да гумару і анекдотаў пра сябе. Аказалася, што А.Р.Лукашэнку перыядычна расказваюць анекдоты пра яго. Як ён да гэтага ставіцца? Жарт разумее і любіць, пацвярджэнне таму і расказаны анекдот пра Прэзідэнта ў прамым эфіры. Аднак, кіраўнік краіны параіў усім журналістам не блытаць гумар з абразамі і нікога ніколі не абражаць.

Пра звычкі і аўтамабілі

Як адбіўся крызіс на прывычках Прэзідэнта? Ці не варта было б скараціць зарплаты членам урада?

“Я ва ўсім надаю перавагу менавіта айчыннаму. Вось і зараз на мне не італьянскі пінжак, а наш. Калі я неяк прыехаў у Віцебск на фабрыку “Сцяг індустрыялізацыі”, пакінуў ім імпартны і праз пэўны час атрымаў два добрых айчынных. У нас усё могуць рабіць якасна. Не набываю канькі, таму што з ранейшых часоў засталіся. Што датычыцца прадуктаў харчавання, то наогул лічу, што чалавек павінен не меней 85 працэнтаў ужываць тых прадуктаў, якія растуць у яго краіне. У астатнім усё, як і раней. Што датычыцца зарплат членаў урада, то яны і так у 100 разоў меней, чым ва ўрадзе іншых краін. Уразаць заробкі няма куды, ну а вось за карупцыяй, незаконным абагачэннем сачылі і будзем сачыць. Каля пятнаццаці чалавек з кадравага рэестра знаходзяцца пад следствам за злоўжыванне службовым становішчам, і падобныя факты будуць і надалей паведамляцца народу”. 

Чаму ў Беларусі не выпускаецца ўласны аўтамабіль? Таму што, перш за ўсё, ён саступаў бы мадэлям вядучых фірм і наўрад ці яго б захацелі набыць беларусы. Хоць урад і працуе ў гэтым накірунку. Больш таго, падчас прэс-канферэнцыі журналісты пачулі інфармацыю аб падпісанні дагавора з вядомай кітайскай кампаніяй Lifan аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па вытворчасці легкавых аўтамабіляў, якое  размесціцца ў Барысаве.

Нашы дзеці

Некалькі было і пытанняў па падтрымцы дзяцей і сямей, якія іх выхоўваюць. Рэдактар часопіса “Алеся” прапанавала прывязаць дапамогу па доглядзе за дзіцяці да зарплаты, якую маці атрымлівала да дэкрэту. Прэзідэнт пагадзіўся, што дапамога малая, дадаў, што зараз урад займаецца праграмай па падтрымцы сямей, што выхоўваюць дзяцей, якая хутка будзе агучана. Аднак любая падтрымка павінна быць пралічана, паколькі нельга даваць пустых абяцанняў. Прэзідэнт падкрэсліў, што па-ранейшаму будзе падтрымліваць мнагадзетныя сем’і, аднак і самім бацькам трэба думаць пра сваіх дзяцей. “Мая памылка ў тым, што збалавалі наш народ. Часта бацькі не думаюць нават пра аднаго дзіцяці, пакідаюць. Дзяржава будзе падтрымліваць дзяцей, а мы ўсе  можам падтрымаць іх перад святамі, падзяліцца тым, што маем, каб у кожнага дзіцяці быў святочны настрой”.

Падарунак для Прэзідэнта

Пытанне журналісткі з Міншчыны было асабістым. Які падарунак чакае маленькі Коля, і чаго для сябе хацеў бы Прэзідэнт.

“Самы лепшы падарунак для мяне – каб у Новы год, а яшчэ лепш і пасля Новага года ў беларускага народа быў добры настрой. Каб людзі ўсміхаліся так, як вы зараз, – адказаў Аляксандр Рыгоравіч. – А што датычыцца сына, то культа мы з гэтага свята не робім. Наогул ён у сілу абставін раней становіцца дарослым, ужо не верыць у Дзеда Мароза, хоць падарунак пад ёлачкай усё ж чакае. Для яго зараз самае цікавае – гэта зброя, так што давядзецца набыць яму які-небудзь чарговы аўтамат”.

Прамы эфір, шчырыя адказы на любыя пытанні. Гэта падкупляла, пераконвала, што беларускі лідар адкрыты, не баіцца сустракацца з прадстаўнікамі любых як дзяржаўных, так і недзяржаўных выданняў. А чатыры гадзіны праляцелі так хутка, што ні я, ні мае калегі не заўважылі гэтага. Ды і ўсе ўшачане, чыё меркаванне пра прэс-канферэнцыю ўдалося пачуць, таксама адзначылі вастрыню пытанняў  і  шчырасць Прэзідэнта.

В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Президент провёл пресс-конференцию с белорусскими и зарубежными СМИ

  1. ПОЗДРАВЛЯЮ ВСЕХ С НОВЫМ ГОДОМ!!!!!!!!!!!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *