Цены с подскоком

Общество

Цэны – гэта тое, на што звяртаюць увагу літаральна ўсе. Ну а калі яны разыходзяцца на адчувальную суму ці беспадстаўна растуць угару, гэта проста не можа не кідацца ў вочы.

Таму і патэлефанавала ў рэдакцыю Ларыса Аляксандраўна Радкевіч, каб высветліць, ці можа быць разыходжанне ў кошце на адным кілаграме ажно ў 11 тысяч. Закуску “Славянскую” яна спачатку набыла ў магазіне “Вікторыя” па 57 тысяч 300 рублёў за кілаграм, а праз некалькі гадзін знайшла гэты ж прадукт у “Хлебе” па 46 тысяч 300 рублёў. Не паленавалася вярнуцца ў магазін, у якім рабіла пакупку, і папрасіла паказаць накладныя дакументы, у чым ёй адмовілі, а ў праўленні райспажыўтаварыства паведамілі, што гэта камерцыйная тайна.
Зразумела было і абурэнне Маргарыты Анатольеўны Бутоўскай, якая чакала на майскія святы дачку-студэнтку з Мінска. Папярэдне яна набыла на 14 мая білет па кошце 72 тысячы рублёў, а вось заехаць да Ушач на тым жа аўтобусе 8 мая з Мінску прапанавалі ўжо за 99 тысяч. Гэты кантраст абурыў і таму, што сяброўка дачкі з Гродна, таксама студэнтка, на святы ў свой накірунак змагла ўзяць білет са скідкай на 30 працэнтаў. “А ў нас наадварот нажываюцца на самых неабароненых слаях насельніцтва, бо хто сёння ездзіць на аўтобусах – пераважна студэнты”.
Асабіста мяне апошні прыклад здзівіў тым, што падаражанне на 38 працэнтаў кошту білетаў было зроблена толькі на 8,9,14, і 15 мая – самы наплыў пасажыраў на святочныя дні, калі, зразумела, аўтобусы не пойдуць пустымі і рэйсы і без павышэння кошту не будуць стратнымі. Калі раней у нас у такія дні акрамя прададзенай колькасці білетаў прымалі заяўкі, каб сфарміраваць дадатковы рэйс ці пусціць аўтобус з большай колькасцю месцаў, то зараз кіраўніцтва аўтапарка скарыстала такі непапулярны і, канечне, самы просты метад. Ці выправіла гэта матэрыяльнае становішча аўтапарка. Упэўнена, што не, калі не наадварот. Бо той, хто карыстаўся паслугамі філіяла АТП №6, якія і без таго саступаюць па зручнасці, часе, праведзеным у шляху і больш дарагім кошце нават у звычайныя дні прыватным перавозчыкам (афіцыйна зарэгістраваным), яшчэ больш схіліўся ў бок апошніх.
І яшчэ адно нелагічнае падаражанне ўразіла. Сама з’яўляюся прыхільніцай аплаты любых паслуг праз інтэрнэт-банкінг. Вось і рэкламадаўцам газеты, якія абслугоўваюцца ў аддзяленні “Белаграпрамбанка” да нядаўняга часу прапаноўвалі пластыкавымі карткамі аплачваць кошт аб’яў, віншаванняў праз “Адвольны плацеж” – не трэба стаяць у чэргах, ды і кошт паслугі быў танней, напрыклад, калі за аб’яву, аплачаную з дапамогай касіра, здымалася 2 тысячы камісійных, то па пластыкавай картцы – тысяча. Зараз гэтая нічога не вартая для банка аперацыя (усе даныя набіраем самі) каштуе кліенту 3 тысячы, калі там, дзе па-ранейшаму патрэбен час касіра і абсталяванне банка – дзве. Вось і рэкламуйце пасля гэтага разлікі пластыкавымі карткамі.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *