Иностранный опыт — на национальную почву, или Что впечатлило финов в Ушачском районе?

Выясняем ситуацию

Адпачывайце ў вёсцы ў спакоі і камфорце.
На ўшацкіх на сядзібах не горш, чым на курорце.

У добрае надвор’е так хочацца адпачыць ад штодзённай мітусні ў маляўнічым куточку на якой-небудзь гасціннай беларускай сядзібе. Уявіце сабе лазню, дзе можна папарыцца, п’янлівы водар зеляніны і кветак, возера, рыбалку, шашлык…
Аграэкатурызм у нашай краіне стаў развівацца ўслед за Еўропай, дзе людзі, нацешыўшыся папулярнымі курортамі, адкрылі для сябе хараство спакойнага адпачынку ў сельскай мясцовасці, удалечыні ад вядомых турыстычных зон. Развіццю аграэкатурызму ў Віцебскай вобласці надаецца павышаная ўвага. Ушаччына ў гэтым напрамку, можна сказаць, навічок, хаця і ёсць тут пэўныя зрухі, аднак гаварыць пра поспехі пакуль рана. У той жа час раёну ёсць што паказаць і прапанаваць гасцям, была б дакладна акрэсленая стратэгія арганізацыі і развіцця турыстычнай справы. Менавіта для яе распрацоўкі на мінулым тыдні ва Ушацкім раёне праводзілася пашыранае выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў з разглядам пытання “Развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы ў галіне агратурызму ва Ушацкім раёне”. Правядзенне прэзідыума было сумешчана з двухдзённым міжнародным семінарам у рамках праекта Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз прадпрымальнікаў” пры падтрымцы Пасольства Фінляндыі “Развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы ў сферы агратурызму ў рэгіёнах Беларусі”. На пленарным пасяджэнні былі разгледжаны пытанні развіцця аграэкатурызму на Ушаччыне, інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёну, абмеркаваны шматгадовы вопыт вядзення агратурыстычнага бізнесу ў Фінляндыі. Удзел у мерапрыемстве прынялі фінскія эксперты ў галіне сельскага турызму.
Вітаючы гасцей, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Алена Васільеўна Пашковіч адзначыла багаты экалагічны патэнцыял раёна, яго выгаднае геаграфічнае становішча. З інвестыцыйнай прывабнасцю Ушаччыны пазнаёміла прысутных намеснік старшыні райвыканкама Вера Валер’еўна Дзямешка, а начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Сяргей Іванавіч Ціханёнак падрабязна расказаў аб развіцці аграэкатурызму ў нашым раёне. За цёплы прыём, а таксама выдатную магчымасць падзяліцца з удзельнікамі семінара вопытам у сферы развіцця аграэкатурызму падзякавалі кіраўнік аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Рэспубліцы Беларусь Ілкка Рэйсэнен, старшыня Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз прадпрымальнікаў” Аляксандр Фядотавіч Калінін і генеральны дырэктар БСП – Тамара Віктараўна Чахоўская. На семінары абмеркавана інфармацыя па прававых асновах, падаткаабкладанні, асаблівасцях вядзення бухгалтарскага ўліку ў аграбізнесе, развіцці маркетынгу і стратэгіі адкрыцця аграсядзібы.

Дзе шукаць падтрымкі?

На семінары з інфармацыяй аб рэалізацыі Праграмы па развіцці аграэкатурызму, а таксама аб новаўвядзеннях пры крэдытаванні выступіў прадстаўнік “Белаграпрамбанка” В.А.Горбач. Ён паведаміў, што падтрымка з боку банка заключаецца не толькі ў прадастаўленні крэдыту, але і ў забеспячэнні неабходнай інфармацыяй: праводзяцца спецыялізаваныя канферэнцыі па праблематыцы развіцця турызму на сяле, рыхтуецца і фінансуецца выданне каталогаў аграэкасядзіб. Аказвае банк і метадычную падтрымку: падчас навучальных семінараў грамадзяне знаёмяцца з умовамі крэдытавання, наведваюць аб’екты аграэкатурызму, дзеляцца вопытам з калегамі па турыстычнай справе. За гады рэалізацыі Праграмы сельскі турызм атрымаў дадатковы імпульс у сваім развіцці. Гэта пацвярджаюць і статыстычныя даныя. Калі ў 2006 годзе ў Віцебскай вобласці налічвалася ўсяго 5 аграэкасядзіб, у 2007-м – 50, то ўжо ў 2008-м іх стала 157, а ў 2009-м – 273. Прычым, па словах галоўнага спецыяліста аддзела турызму і аздараўлення насельніцтва ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама С.А. Веранёва, наша вобласць па колькасці аграэкасядзіб саступае толькі Мінскай. Асаблівасцю нашага рэгіёну з’яўляецца тое, што тут робіцца стаўка на невялікі бізнес, разлічаны на фізічных асоб. У той жа час у большасці краін свету дамінуюць фермерскія гаспадаркі, якіх на Віцебшчыне пакуль толькі 13.

Парады еўрапейцаў

На семінары былі заслуханы выступленні фінскіх экспертаў аб развіцці агратурызму ў свеце і, у прыватнасці, Фінляндыі. Многія аспекты дзейнасці замежных аграэкасядзіб і фермерскіх гаспадарак могуць быць выкарыстаны і ў нашым раёне. У прыватнасці, на адной з фінскіх ферм для прыгатавання ежы прынцыпова не выкарыстоўваюцца тавары, набытыя ў магазіне, – уся прадукцыя вырошчваецца на сваім прысядзібным участку. Турысты маюць магчымасць прыняць удзел у своеасаблівай “жытнёвай вандроўцы”: паназіраць, як вырошчваецца жыта, як яго жнуць і апрацоўваюць, пякуць у дамашніх умовах хлеб. Прычым, толькі што спечаны бохан можна прадэгуставаць.
Папулярнасцю ў адпачываючых карыстаецца праходжанне турыстычнымі сцежкамі, размешчанымі ў бліжэйшым лясным масіве, рознай ступені цяжкасці: ад спакойнай паўкіламетровай па роўнай мясцовасці да больш “экстрэмальнай”, скалістай, у 1,5 кіламетра. Па ўсёй адлегласці выбранага шляху выстаўлены ўказальнікі, так што збіцца са шляху там амаль немагчыма.
Па словах аднаго з міжнародных экспертаў, прыбытковай з’яўляецца арганізацыя на аграэкасядзібе безадходнай вытворчасці. Уся харчовая прадукцыя, што па нейкіх прычынах згубіла свае смакавыя ці спажыўныя ўласцівасці, перапрацоўваецца ці выкарыстоўваецца для кармлення дамашняй жывёлы.

Made in Ушачы, ці
аграэкатурызм па-нашаму

На працягу 2-дзённай праграмы семінара “без гальштукаў” яго ўдзельнікі мелі магчымасць не толькі абмеркаваць хвалюючыя ўсіх тэмы, прэзентаваць свае сядзібы, але і проста добра адпачыць, бліжэй пазнаёміцца з беларускай нацыянальнай культурай, кухняй, пабываць у новых мясцінах і ацаніць іх прыгажосць.
Пачалася своеасаблівая экскурсія ўдзельнікаў мерапрыемства па прасторах Ушаччыны са знаёмства з унікальнай Арэхаўскай школай. Яшчэ перад уваходам ва ўстанову гасцей хлебам-соллю сустракалі вучні, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы. Нікога не пакінула раўнадушным выстава-продаж народнай творчасці ўмельцаў Ушаччыны, арганізаваная ў холе школы, – замежныя грамадзяне з цікаўнасцю разглядалі і набывалі экспанаты, цікавіліся асаблівасцямі іх вырабу. Ну а экскурсія па калідорах, класах і прышкольнай тэрыторыі, якую правяла дырэктар І.Ф.Сыроўчанка, уразіла прысутных настолькі, што яны яшчэ доўга абмяркоўвалі ўбачанае, фатаграфаваліся на памяць ля школы.
І ўсё ж галоўная мэта семінара – пазнаёміцца з аб’ектамі аграэкатурызму Ушацкага раёна, а таму наступным прыпынкам групы аднадумцаў стала аграсядзіба “Апельсін”, што размясцілася непадалёк ад возера Вечалле. Прыемнай нечаканасцю для гасцей з Фінляндыі стала ўбачаная тут фінская лазня. Прысутныя мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з памяшканнямі, тэрыторыяй аграэкасядзібы, пагутарыць з яе гаспадаром Віктарам Леанідавічам Стэльмахам, аднак і паспрабаваць беларускія стравы: клёцкі, дранікі, поліўку, квашаную капусту і многае іншае, што было прадугледжана для гасцей. Дадало каларыту наведанню “Апельсіна” і музычнае суправаджэнне ў нацыянальным стылі, падрыхтаванае работнікамі Арэхаўскай школы.
Развітаўшыся з гаспадаром “Апельсіна”, удзельнікі семінара накіраваліся на водна-аднаўленчы цэнтр, што таксама на Вечаллі. І хаця аб’ект пакуль не эксплуатуецца, гаспадар Сяргей Васільевіч Фамін яшчэ вядзе пэўныя будаўнічыя работы, аднак, па словах экспертаў, ацаніць ужо ёсць што: само размяшчэнне, утульныя памяшканні будынка ствараюць тут неабходную атмасферу для актыўнага адпачынку.
Напэўна, надоўга запомніцца гасцям Ушаччыны цёплы прыём у аграэкасядзібе “Мікалаеўскі пасад”. Падзяліўшыся на дзве групы, прысутныя адправіліся ў вясёлыя, цікавыя, інфармацыйна насычаныя “падарожжы” па ўчастку. На кожным з “прыпынкаў” – утульных альтанках – гаспадары сядзібы Мікалай Дзмітрыевіч і Тамара Сяргееўна Падрэз з памочнікамі прапаноўвалі прадэгуставаць беларускія напіткі, дзяліліся сакрэтамі іх прыгатавання, расказвалі аб каштоўных якасцях. Прысутным давялося паспытаць бярозавага соку, квасу, прыгатаванага з журавін, некалькі відаў чаю на травах. Высока ацанілі госці і якасць мінеральнай вады Ушацкага агароднінасушыльнага завода “Вечалле”, пра паходжанне якой расказалі асобна.
Пакуль ехалі ў Малыя Дольцы, на аграэкасядзібу “Азёрны рай”, многія іранізавалі, што яе гаспадыні Ірыне Якушавай сціпласці не займаць: назву выбрала што трэба! Аднак калі прыбылі на месца, зразумелі, што з вывадамі пагарачыліся – назва сядзібы адпавядае яе ўзроўню. Адпачыць у такой атмасферы самабытнасці і гасціннасці прыемна і вяскоўцу, не кажучы пра гараджан. Тут, на беразе “райскага” возера Лагоўскае, удзельнікі семінара арганізавалі “вогнішча сяброўства”, падчас якога падвялі вынікі першага дня работы. Цікавай і насычанай была і вячэрняя культурна-забаўляльная праграма, якую падрыхтавалі ўшацкія культработнікі.

Тэрыторыя магчымасцяў

Наколькі плённым і карысным стала праведзенае мерапрыемства для яго ўдзельнікаў, стала зразумела на наступны дзень. У ходзе дзелавой гульні “Ствары свой бізнес” прысутныя прэзентавалі ўмоўна распрацаваныя новыя аграсядзібы, амаль без праблем спраўляліся са стварэннем на практыцы сайта. У рамках семінара прайшлі трэнінгі, дзелавыя гульні, атрыманы практычныя рэкамендацыі экспертаў па вядзенні аграбізнесу, вывучана магчымасць выкарыстання фінскага вопыту ва ўмовах Ушацкага раёна. Міжнародныя эксперты адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемства, унікальнасць Ушаччыны з пункту гледжання прыродных багаццяў. Яны прызналіся, што вельмі многа ідэй і накірункаў у сферы аграэкатурызму змогуць пераняць ад гаспадароў ушацкіх аграсядзіб. Усе разам прыйшлі да агульнага рашэння: аграэкатурызм – справа прыбытковая і няма перашкод для развіцця яго ў нашым раёне.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *