Сезон активного зароботка. Как в Ушачском районе собирают и принимают чернику

Выясняем ситуацию

“Слёзная ягада”… Менавіта такую арыгінальную назву чарніц давялося пачуць на мінулым тыдні ад адной пенсіянеркі, якую мы падвозілі да райцэнтра ад павароту на возера Вечалле. Там вядро прадукцыі, зда­дзенай прыватнікам, канверціравалася прыблізна ў дзвесце тысяч рублёў. Хто збіраў гэту ягаду для ўласных патрэб, няспешна і выбіраючы лепшую, той, магчыма, і не ацэніць такога параўнання. А вось тыя, хто з году ў год накіроўваюцца ў лес для таго, каб на чарніцах зарабіць, пагодзяцца, што справа гэта цяжкая і карпатлівая. Таму, зразумела, і шукаюць людзі для здачы выгаднейшыя прапановы, па магчымасці нясуць ягады туды, дзе іх намаганні ацэняць максімальна.

Сёлетні сезон нарыхтовак дзікарослай прадукцыі атрымліваецца няпростым як для спажывецкай кааперацыі, так і для індывідуальных прадпрымальнікаў. Пачаўся ён пазней звычайнага з-за забароны на наведванне лясоў, плюс спёка негатыўна паўплывала на ўраджайнасць ягадніку, ды і на цэны. З-за нізкай прапановы кошт аднаго кілаграма чыстай ягады на мінулым тыдні вагаўся ў розных населеных пунктах раёна ад 25 да 30 тысяч рублёў. Прастымуляваўшы такім чынам актыўнасць здатчыкаў, ужо на пачатку гэтага тыдня, калі ягаду панеслі больш масава, нарыхтоўшчыкі знізілі кошт закупу – у панядзелак райспажыўтаварыства прымала чарніцы ў насельніцтва па 20 тысяч рублёў за кілаграм, крыху больш давалі за яе прыватнікі – па 21-22 тысячы можна было здаць ягаду, напрыклад, у Касарах, Матырыне, некаторых іншых населеных пунктах. Дарэчы, такая сітуацыя назіраецца з году ў год – механізм цэнаўтварэння на закуп ягады ў індывідуальных прадпрымальнікаў падаецца простым: прасачыць, колькі каштуе кілаграм чарніц у прыёмных пунктах райспажыўтаварыства і накінуць пару тысяч зверху. А вось кааперацыя канкурыраваць у барацьбе за здатчыкаў можа толькі да вызначанай мяжы.

– Мы б і рады былі падняць кошт на прыём ягады, але, пагадзіцеся, працаваць стратна няма сэнсу, – тлумачыць выконваючы абавязкі начальніка аддзела прамысловасці, нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Ушацкага райспажыўтаварыства Марыя Аркадзьеўна Маковіч. – Пачыналі сезон нарыхтовак чарніц таксама, як і некаторыя камерсанты, з прыёму ягады па 25 тысяч рублёў за кілаграм, для тых, хто здаваў вялікую партыю звыш 150 кілаграмаў, гатовы былі плаціць і 28 тысяч, але скажу шчыра, што такі кошт для нас эканамічна неэфектыўны – улічваючы транспартныя расходы, аплату працы, кошт энергарэсурсаў на ахалоджванне і замарожванне прадукцыі ён акрамя клопатаў нічога нам не прыносіць. Ягаду мы будзем рэалізоўваць у Прыбалтыцы, дзе за яе даюць 2 еўра за кілаграм і, улічваючы ўсе выдаткі, зможам хоць крыху зарабіць, толькі пры сённяшнім кошце прыёму па 20 тысяч. Чарніцы прымаюць нашы нарыхтоўчыя ларкі ў гарпасёлку і аграгарадку Арэхаўна, які мы сёлета адкрылі ў памяшканні былога магазіна, усе гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства на сяле. У хуткасці плануем накіраваць аўтамабіль з нарыхтоўшчыкам па раёне. Між тым, цана прыёму не канчатковая, бо калі ў далейшым чарніцы будуць у дэфіцыце, то, магчыма, нашы замежныя партнёры павялічаць закупачны кошт – тады і мы зможам павялічыць кошт закупу.

Зрэшты, камерсанты даедуць не ў кожны населены пункт, ды і самі людзі не заўсёды маюць транспарт і час, каб у вызначаны тэрмін дабрацца да месца прыёму ягад, таму знаходзяцца здатчыкі і ў райспажыўтаварыства, якія нясуць чарніцы ў бліжэйшы магазін. Вынікі нядзелі і панядзелка гэта пацвердзілі – нават па кошце ў 20 тысяч за кілаграм і канкурэнцыі з боку прыватнікаў за ўказаны тэрмін кааператары нарыхтавалі каля двух тон ягад.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *