На гэтым тыдні на базе нашага раёна прайшоў выязны прэзідыум камітэта Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў.
Адным з ключавых момантаў мерапрыемства стала Вахта памяці “Партызаны, партызаны, беларускія сыны”, прысвечаная Дню народнага адзінства. І першым чынам удзельнікі прэзідыума наведалі помнік загінуўшым воінам і партызанам у вёсцы Павулле. Такі маршрут быў абраны невыпадкова. Як вядома, у зборы сродкаў на аднаўленне манумента ўдзельнічалі многія жыхары Прыдзвіння.
“Я вельмі ўдзячная ўсім арганізацыям нашага прафсаюза, якія прыклалі руку, сэрца і душу да рэканструкцыі гэтага помніка. Мы за два дні сабралі сумму ўтрая большую, чым намячалася. Гэта сапраўды вартая справа! За тое, што зараз у нас над галавой блакітнае неба, мы павінны нізка пакланіцца людзям, якія змагаліся за нашу незалежнасць”, – падкрэсліла старшыня Віцебскай абласной арганізцыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Святлана Парчэўская.
Працягнулася Вахта памяці на “Прарыве”, дзе прафсаюзныя актывісты прынялі ўдзел у мітынгу, усклалі кветкі да мемарыяльных пліт. Узрушана слухалі яны аповед экскурсавода Дар’і Мілай пра гераічную барацьбу партызан і сышліся ў меркаванні, што ўшацкі “Прарыў” можна паставіць у адзін рад з “Хатынню”, “Брэсцкай крэпасцю” і іншымі велічнымі мемарыяламі Беларусі. Тут абавязкова трэба пабываць кожнаму!
Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю знаёміліся з турыстычным патэнцыялам нашага раёна, а пасля экскурсіі па новым інтэрнаце для спартсменаў, санаторыі “Лясныя азёры” прызналіся, што хацелі б правесці на Ушаччыне свой адпачынак. Дарэчы, на базе прафсаюзнай здраўніцы прайшло пленарнае пасяджэнне прэзідыума, на якім абмяркоўваліся актуальныя пытанні дзейнасці.
Напрыканцы насычанай праграмы госці шчыра дзякавалі за цёплы прыём і выдатную арганізацыю начальніку ЦБП №237 у г.п.Ушачы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Дзіне Садоўскай і ўсім, хто меў да гэтага дачыненне. Ушаччыну ўсё часцей выбіраюць для правядзення мерапрыемстваў рознага кшталту, што не можа не радаваць, бо гэта спрыяе рэкламаванню раёна і яго магчымасцяў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.