В Ушачском районном отделе Следственного комитета не боятся доверять непростые дела молодым сотрудникам

Общество

Ва Ушацкім раённым аддзеле Следчага камітэта Дзяніс Чумак – навічок: разблытваннем злачынстваў займаецца ўсяго 1,5 месяца. Але ж яго ўпартасць, цікавасць да справы ўжо прыносяць добрыя вынікі. Малады чалавек прызнаецца, што любіць абраную прафесію.

Ужо з трэцяга класа ўраджэнец Вяркуд паспяхова ўдзельнічаў у раённых алімпіядах па рускай і беларускай мовах – настаўнікі прадказвалі, што стане філолагам. Пры добрай фізічнай форме заўсёды любіў па стадыёне мяч паганяць – не выключалі спартыўную будучыню. Ну а пасля траплення юнака ў прызы на алімпіядзе па фінансавай граматнасці раілі банкаўскую справу разгледзець. Сам жа Дзяніс доўгі час меркаваў пайсці ў педагогіку і ў перспектыве выкладаць гісторыю.
– Усё вырашыў выпадак, – прызнаецца малады чалавек. – Калі вучыўся ў 11 класе, у Глыбачанскую школу з прафарыентацыйнай мэтай прыехаў начальнік райаддзела Следчага камітэта. Пачутае тады пра Акадэмію МУС і следча-экспертны факультэт, перспектывы навучання і далейшай службы ў сілавым ведамстве вельмі ўразіла – дамоў вяртаўся ўжо з думкамі, як буду насіць пагоны. Бацькі ў такім рашэнні мяне падтрымалі.

З паступленнем у прэстыжную ВНУ краіны ў Дзяніса праблем не ўзнікла, а вось да будняў у якасці курсанта – з насычаным графікам навучання, нарадамі – давялося прывыкаць. Прасцей стала з пачаткам практыкі (праходзіў яе ў сталіцы і тройчы на малой радзіме): тады канчаткова ўпэўніўся, што з выбарам не памыліўся. Парадаваўся і размеркаванню ва Ушацкі аддзел Следчага камітэта, пра што марыў з самага пачатку. Прызнаецца: вельмі спадабаўся калектыў, дзе падтрымка і ўзаемадапамога – не пустыя словы. У ліку сваіх настаўнікаў наш субяседнік называе начальніка аддзела Віктара Казлоўскага і старшага следчага Наталлю Подраз.
Першая яго справа – крадзеж веласіпеда ў Сарочыне. Яму было цікава ўсё: дапытваць, вывучаць запісы відэакамер, даказваць віну падазронага. Дэбют атрымаўся паспяховым – дакументы ўжо гатовы для перадачы пракурору і далейшага накіравання ў суд.

– Цяпер на вытворчасці ў мяне адразу шэсць крымінальных спраў, прычым, няпростых (такія звычайна вопытным следчым давяраюць) і ад таго цікавых, – расказвае Дзяніс. – Напрыклад, разбіраюся ў нюансах крадзяжу з банкаўскай карткі, здзейсненага непаўналетняй. Для правядзення следчых дзеянняў неабходна нямала нюансаў улічыць: напрыклад, запрасіць для допыту не толькі саму дзяўчыну, але і яе законнага прадстаўніка, педагога-псіхолага, адваката. На разглядзе таксама матэрыялы па факце распусных дзеянняў у адносінах малалетняй. Дзяўчынку з іншай мясцовасці, якая падчас летніх канікул адпачывала на Ушаччыне, у мэсанджары невядомы мужчына распытваў, што яна ведае пра інтым, прасіў даслаць фота без адзення… Для ўзбуджэння крымінальнай справы і далейшага яе расследавання зараз трэба даказаць распусны намер чалавека і магчымасць усведамляць сэнс напісанага самой пацярпелай, а для гэтага правесці судова-культуралагічную экспертызу паведамленняў. Дарэчы, з зусім юнымі пацярпелымі следчыя звычайна працуюць завочна: пытанні ў спецыяльна абсталяваных пакоях задае псіхолаг, а яны сочаць па камерах – каб не напужаць.
Пакуль герой нашага аповеду – малады спецыяліст, які толькі набіраецца вопыту. Але ўжо зараз разумее: у прафесіі следчага дробязяў не бывае: кожная справа – гэта нечы лёс, кожнае рашэнне – адказнасць.

Зараз Дзяніс жыве ў райцэнтры, але пры любой магчымасці спяшаецца ў Вяркуды – дапамагае бацькам у дамашніх клопатах. Любіць паглядзець хакей, футбол, па апошнім відзе і сам выступаў за зборную раёна. Падчас вучобы ў Акадэміі МУС займаўся самба і рукапашным боем.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *