Приняты рекомендации о порядке комплектования и выращивания свиней в личных подсобных хозяйствах граждан

Выясняем ситуацию Калейдоскоп Личное подсобное хозяйство Правовая консультация

У Беларусі назіраецца стабілізацыя сітуацыі па афрыканскай чуме свіней. У сувязі з гэтым Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду сумесна з шэрагам іншых дзяржаўных і навуковых устаноў краіны падрыхтаваны рэкамендацыі аб парадку камплектавання і вырошчвання свіней у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян. Яны прыняты на аснове Ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання прадукцыйнай жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2013 г. №758. Што змянілася для насельніцтва ў правілах утрымання гэтага віду хатняй жывёлы? Аб гэтым наша інтэрв’ю з намеснікам галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна В.У.ДАЎГАПОЛАВЫМ.

– Віктар Уладзіміравіч, на каго распаўсюджваюцца прынятыя рэкамендацыі?

– На ўсіх жыхароў раёна, якія жадаюць трымаць свіней, акрамя жыхароў населеных пунктаў, уваходзячых у пяцікіламетровую зону ля жывёлагадоўчага комплексу ПУП “Сарочына”. Нельга трымаць свіней у Чарнічонках, Ліпаўках, Казлах, Бікальнічах, Сарочыне, Шнітках, Гасбергу, Корсакаве, Красоўшчыне, Крыжах, Пятніцах, Шчарбёнках, Лабанях, Атрошкаве, Арэхаўне, Федаронках, Канцавых, Слабодцы, Лагавых і Плігаўках. У астатніх населеных пунктах раёна гаспадар можа заводзіць не больш трох галоў свіней для адкорму, але толькі для ўласных патрэб. Таксама на ўсёй тэрыторыі раёна не дапускаецца ўтрыманне свінаматак і кныроў.

– Якія зараз існуюць патрабаванні для грамадзян, што вырашылі трымаць свіней у сваіх асабістых падсобных гаспадарках?

– Грамадзянам, якія вырашылі трымаць такую жывёлу, у першую чаргу неабходна правесці мыйку памяшканняў і прылягаючай тэрыторыі, запрасіць спецыялістаў ветэрынарнай службы для дэзінфекцыі. Таксама неабходна строга захоўваць патрабаванні па біялагічнай ахове свіней, што дазволіць захаваць іх ад заразных хвароб, у тым ліку і ад афрыканскай чумы.

– Агучце, калі ласка, якія меры для гэтага неабходна прымаць.

– Трэба мець спецыяльны абутак і вопратку, якія будуць выкарыстоўвацца толькі для догляду за жывёлай, забяспечыць бязвыпаснае ўтрыманне свіней. Усе віды кармоў і вада падвяргаюцца абавязковай тэрмічнай апрацоўцы – кіпячэнню. Для кармлення свіней выкарыстоўваць канцэнтраваныя кармы, набытыя праз сістэму Белкаапсаюза і іншыя дзяржаўныя сеткі. Катэгарычна забараняецца выкарыстанне ў корм прадуктаў, утрымліваючых мясныя кампаненты, або кампаненты, атрыманыя пасля кулінарнай апрацоўкі свініны, вады пасля мыцця мяса, мясарубкі, нажоў, сталоў, посуду. Неабходна пастаянна весці барацьбу з грызунамі, забараняць уваход чужым людзям у памяшканне, дзе ўтрымліваецца жывёла. Асабліва хочацца падкрэсліць, што ўладальнікам свіней, якія выконваюць работы ў лясных угоддзях, неабходна пасля наведвання лесу праводзіць дэзінфекцыю абутку і спецадзення, па магчымасці абмежаваць наведванне памяшканняў, дзе ўтрымліваюцца свінні. Паляўнічым жа наогул не рэкамендуецца ўтрымліваць жывёлу ў асабістых падсобных гаспадарках, бо афрыканская чума надзвычай заразная хвароба не толькі хатніх свіней, але і дзікоў.

– Якая адказнасць прадугледжана за парушэнне ўказаных патрабаванняў?

– Калі будзе даказана, што захворванне, у тым ліку і афрыканскай чумой свіней, узнікла па віне гаспадара з-за парушэнняў ветэрынарных правілаў утрымання, то ён не атрымае кампенсацыі за адабранае пагалоўе свіней. А пры распаўсюджванні заразных хвароб па віне гаспадара яму пагражае адміністрацыйная і нават крымінальная адказнасць – у залежнасці ад нанесенага ўрону.

– Як жа не дапусціць распаўсюджання захворвання?

– Трэба неадкладна інфармаваць сельскія Саветы і дзяржаўную ветэрынарную службу раёна аб усіх выпадках захворвання і падзяжу свіней, не ажыццяўляць іх падворны забой без папярэдняга перадзабойнага ветэрынарнага агляду жывёлін. Калі ж гэта адбылося – інфармаваць ветслужбу аб фактах забою і прадстаўляць тушы для правядзення ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Не купляйце мясапрадукты ў непрызначаных для гэтых мэт месцах гандлю. Нельга выкідваць трупы жывёлы, адходы яе ўтрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог, а ўтылізацыю біялагічных адходаў трэба праводзіць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Не купляйце жывых свіней без ветэрынарных суправаджальных дакументаў.

– Дзе можна набыць маладняк для адкорму зараз, калі ўтрыманне свінаматак на тэрыторыі раёна забаронена?

– Парасят можна набываць у раёнах, спрыяльных па афрыканскай чуме свіней, там дзе няма каранціну, напрыклад, у суседнім Глыбоцкім. Продаж іх са свінагадоўчых комплексаў ажыццяўляецца на спецыяльных пляцоўках, адпавядаючых патрабаванням ветэрынарна-санітарных правілаў. Калі вам патрэбна кансультацыя аб парадку камплектавання і вырошчвання свіней у асабістых падсобных гаспадарках, звяртайцеся ў райветстанцыю па тэлефонах 2-75-38 і 2-72-84.

Падрыхтаваў Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *