У Арэхаўскую бібліятэку мы заехалі фактычна без папярэджання. Тым не менш сустрэў нас там узорны парадак і прыгожа апранутая гаспадыня “кніжнага царства”. “А як жа інакш, сюды пастаянна людзі наведваюцца, трэба трымаць марку ўстановы культуры!” – дорыць нам абаяльную ўсмешку бібліятэкар Алена Бутоўская.

Серада ў Арэхаўне – “ціхі дзень”: і ў краме, і на пошце выхадны – самы час прагуляцца ў бібліятэку, што, прынамсі, і зрабіла жыхарка аграгарадка Таццяна Міхайлаўна Жарнасек. “Нярэдка тут бываю, для сябе і для мужа кнігі бяру. Алена заўсёды што-небудзь цікавае параіць, ад сустрэчы з ёй настрой узнімаецца”, – патлумачыла жанчына.
У фондзе ўстановы каля 9 тысяч кніг і каля 25 перыядычных выданняў. Ну а для тых, хто ўжо ўсё перачытаў (як, напрыклад, Ганна Барысаўна Троцкая), Алена Станіславаўна прывозіць навінкі з раённай бібліятэкі. Тым, хто ва ўзросце ці з інваліднасцю, нясе літаратуру на дом. Не абдзяляе ўвагай і жыхароў навакольных вёсак – напрыклад, у Кублішчыне яе чакае Марыя Міхайлаўна Лісоўская. Запыты сваіх чытачоў вывучыла дасканала: для Ніны Аляксандраўны Літвінавай – зборнікі Асадава, Друнінай, Ахматавай, для Кацярыны Савельеўны Каўрыжонак – штосьці душэўнае, жыццёвае, для Ганны Сцяпанаўны Рамашэўскай – жаночыя раманы. Любяць чытаць Ніна Аляксандраўна Качалава, Пётр Міхайлавіч і Ніна Уладзіміраўна Гарадзецкія, Таццяна Міхайлаўна Малак. А Алена Асяпёнак, якая, дарэчы, працавала тут да Алены Станіславаўны, прыходзіць разам з дзецьмі. Хоць у школе ёсць свая бібліятэка, але заглядваюць вучні і ў вясковую, сярод самых актыўных – браты і сёстры Ісаевы, Саша Танана, Лера Лісіца, Кіра Ракіціна, Маша Далбенка, на канікулах спяшаецца за кніжкамі мінчанка Стэфанія Варанюк…
Наўмысна пералічыла столькі прозвішчаў, каб падкрэсліць, як шмат людзей маюць патрэбу ў гэтай установе. Апроч таго бібліятэкар пастаянна праводзіць пазнавальныя мерапрыемствы для малышоў з дзіцячага сада, дапамагае клубным работнікам рыхтаваць святы, афармляе выставы. Нярэдка заглядваюць сюды і турысты – просяць расказаць пра панскі маёнтак і яго гаспадароў.
Цікавы факт: маці Алены Бутоўскай Тамара Пятроўна Іванова ў дзяцінстве хацела стаць бібліятэкарам. Жаданне, праўда, не здзейсніла, затое з яе атрымаўся цудоўны выхавацель садка, а чытанне на ўсё жыццё засталося любімым хобі. Тым часам мару матулі ажыццявілі дзве яе дачкі: адным з лепшых спецыялістаў бібліятэчнай сферы раёна лічыцца Ірына Малак, каля 7 год прысвяціла гэтай справе і Алена: хоць не мае адпаведнай адукацыі, скончыла спецыяльныя курсы і пастаянна пашырае веды. А галоўнае – карыстаецца павагай у чытачоў і шчыра захоплена тым, што робіць. Не так многа сацыяльных аб’ектаў на сяле, таму кожны павінен максімальна радаваць вяскоўцаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.