Озеро Кривое — жемчужина белоруского Поозерья и природы Ушачского района

Экология

У вёсцы Ягадкі не знойдзеш пустуючых дамоў, а цэны на жыллё тут, бадай, не менш, чым ва Ушачах. Размешчаная на тэрыторыі гідралагічнага заказніка рэспубліканскага значэння «Крывое» вёска магнітам прыцягвае дачнікаў і гараджан, аматараў турызму і дайвінгу. Прыгажосць прыроды, унікальны кантраст ландшафтаў і чысціня вады, якую можна піць прама з возера, робяць гэтае месца, як і іншыя прыбярэжныя вёскі, асабліва прывабнымі. «Водаправодную ваду ў горадзе выкарыстоўваю толькі хіба што посуд мыць, — кажа адзін з дачнікаў, жыхар Наваполацка. — У выхадныя набіраю бітон вады ў возеры і на тыдзень хапае — і піць, і страву гатаваць».

Водных запасаў возера Крывое на выпадак патрэбы хапіла б на ўсіх жыхароў Наваполацка. Пры плошчы ў 4,5 квадратных кіламетра аб’ём вады, якая ўтрымліваецца ў возеры, складае амаль 43 мільёны метраў кубічных. Усё з-за таго, што возера глыбакаводнае, глыбіні яго дасягаюць 31,5 метра. Пры гэтым сярод іншых глыбакаводных (звыш 30 метраў) беларускіх азёр Крывое адрозніваецца і даволі вялікай плошчай, буйней яго толькі азёры Рычы, Лепельскае і Саро. Большасць жа астатніх глыбокіх азёр не перавышае па плошчы двух квадратных кіламетраў.

Але гэта плошча на Крывым не адчуваецца. Возера цалкам апраўдвае сваю назву. Вельмі складаная форма, з мноствам заліваў, выспаў, паўвостраваў, а таксама высокія грады, прыкрываючыя яго з захаду, скрадваюць прастору, не дазваляюць убачыць яго цалкам і робяць па-хатняму спакойным і ўтульным. Возера практычна не зарастае (шырыня чароту не перавышае 10 метраў), паколькі вельмі глыбокае ад берагоў.

Возера Крывое па праву лічыцца не толькі жамчужынай ушацкіх азёр, але і адным з прыгажэйшых у краіне. Па розных крыніцах яно ўваходзіць у лік чысцейшых вадаёмаў Беларусі. Дастаткова сказаць, што расліны тут растуць і бачны на глыбіні звыш 6 метраў.

Яшчэ з 1979 года на Крывым утвораны гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння. Плошча дзяржаўнага азёрнага заказніка «Крывое» складае 1090 гектараў разам з возерам. На тэрыторыі заказніка расце больш 40 відаў дрэў і хмызнякоў, налічваецца 490 відаў травяных раслін. З насяляючых возера раслін можна выдзеліць азёрны палушнік, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Нават летам каля 70 працэнтаў вады не праграваецца вышэй 6 градусаў. Вялікая 30-метровая глыбіня возера і халодная вада не перашкаджаюць развіццю планктону. Рыбнага насельніцтва ў Крывым не вельмі багата. А сярод 33 відаў рыб водзіцца і рапушка еўрапейская, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Магчыма, што празрыстасць вады звязана і з нязначным уплывам дзейнасці чалавека.

Па дадзеных заснавальніка айчыннай лімналогіі (навукі аб азёрах), даследчыка азёр Беларусі прафесара В.Ф.Якушкі, з якой мне пашчасціла сустракацца, у глыбакаводных адкладах возера ўтрымліваецца 10-12 працэнтаў жалеза і марганцу — элемента, які ачышчае ваду. Гэта з’яўляецца яшчэ адной з прычын чысціні і празрыстасці вадаёма. Праўда, прамысловаму выкарыстанню гэтай «жалезнай руды» перашкаджаюць яе невялікія запасы, але гэта і лепш. Асноўную плошчу дна займаюць сапрапелі, у складзе якіх пераважае крэмнязём, які таксама ўплывае на чысціню вады.

Возера адносна невялікае, але каб абысці яго па беразе, трэба адолець шлях у 21 кіламетр. Берагавая лінія возера ўтварае мноства плаўных і крутых паваротаў, вострых выспаў, глыбокіх і доўгіх заліваў. Месцамі супрацьлеглыя берагі раздзяляюцца вузкай, каля 100 метраў, паласой, а абход на другі бераг складае 7-10 кіламетраў.

Схілы катлавіны высокія, на 17 працэнтаў заняты лесам, а елкі, сосны і лісцёвыя лясы, складзеныя ў асноўным бярозамі, асіннікам і вольхамі, месцамі падступаюць да самага ўрэзу вады.

Вадазбор плошчай 65,4 квадратных кіламетра мае ўзгорысты рэльеф. У возера ўпадаюць пратокі з азёр Палазер’е, Жэнна і Усая.

Умоўна возера можна падзяліць на тры часткі: паўднёвы плёс (самы глыбокі), паўночны (амаль такі ж глыбокі — да 30 метраў) і заходні («мелкаводны» — 20 метраў). Сярэдняя глыбіня возера — 9,6 метра, глыбіня ў перашыйках паміж плёсамі — усяго 3-5 метраў, таму вада паміж імі слаба перамешваецца. Дабаўляючы сюды добрую закрытасць катлавіны возера ад ветру, а таксама слабую праточнасць (з возера выцякае толькі адзін ручай і рака Дзіва), атрымліваецца, што кожны з плёсаў жыве як бы сваім жыццём, з уласным асаблівым мікракліматам.

Паўднёвы плёс аддзяляецца ад паўночнага высокім паўвостравам, амаль змыкаючымся дзякуючы невялікім астравам з процілеглым берагам. Гэты паўвостраў — папулярнае месца сярод адпачываючых, якія, па словах мясцовых жыхароў, умудраюцца заязджаць сюды нават на аўтамабілях.

На паўночным плёсе прыцягвае ўвагу высокая выспа, якая глыбока ўдаецца ў возера, аддзяляючы трэці, заходні плёс — самы адкрыты вятрам.

…Калі на світанку выйдзеш да берага возера, адчуваецца такая цішыня, якая бывае толькі восенню дзе-небудзь на палях, калі ўсё ўжо скошана, убрана, птушкі адляцелі, сяляне рыхтуюцца да зімы ля сваіх хат, а туман паглынае нават невялікія подыхі ветру. Ідучы па беразе па халоднай роснай траве, доўга не адчуваеш ні гуку, акрамя свайго дыхання ды далёкага брэху сабак у невялікіх вёсачках.

Падобныя пачуцці ахопліваюць любога, хто ўпершыню пабываў тут. Вось што піша аб Крывым В.П.Якушка ў сваім артыкуле «У краі ўшацкіх азёр»: «Від на возера з усіх бакоў па-асабліваму прываблівае. На крутым, пакрытым коўдрай апаўшай хвоі беразе цяжка стаяць. Паміж ствалоў прасвечваюцца блакітныя паветра, неба, вада і так да самага гарызонту — зялёныя, блакітныя, жоўтыя фарбы з сотнямі адценняў змяняюць адна адну… Пад уплывам гэтай разнастайнасці і прыгажосці складаецца асаблівы настрой. Калі ўсё навакольнае здаецца крыху несапраўдным: і старая шэрая чапля, нерухома застыўшая на разгалістай сасне, і вялізны валун, нагадваючы спіну заплыўшага на мелкаводдзе марскога звера. У такія моманты ўспамінаеш словы старога рыбака пра «пачвару з вачыма па талерцы», аб схаваным пад вадой заклятым горадзе».

Канечне, якое ж возера без легенды. У раёне вёскі Усая існавала гарадзішча. Назва яго, па мясцовых паданнях, паходзіць ад горада Яга, які быццам бы знаходзіўся на месцы сённяшняга возера Крывога і праваліўся ў яго бездань за грахі жыхароў…

Возера Крывое з’яўляецца любімым месцам адпачынку тысяч жыхароў Беларусі. На розных рыбалоўных і турыстычных сайтах можна знайсці шматлікія водгукі аб ім. І калі рыбаловы не заўсёды задаволены (каму як пашчасціла), то турысты выказваюцца аб прыродзе, краявідах ды і людзях навакольных вёсак у захопленых тонах. Прывяду словы Уладзіміра, турыста «са стажам» з Брэста: «Той, хто пабываў на возеры Крывое на Ушаччыне хоць адзін раз, абавязкова захоча вярнуцца сюды зноў. Немагчыма не закахацца ў гэтую прыгажосць, якая западае ў сэрца, не палюбіць жыхароў навакольных вёсак, несапсаваных багаццем, якія ўразілі мяне сваёй шчырасцю, прастатой і нейкай непаўторнай абаяльнасцю, гармоніяй існавання з прыродай. Але гэта дзіўна для гарадскога чалавека мабыць толькі на першы погляд — у людзей, якія нарадзіліся і выраслі ля такой прыгажосці, не можа быць чэрствай душы».

Д.РАМАНОЎСКІ.

Акрамя Крывога (18 месца), яшчэ 4 возеры Ушацкага раёна ўваходзяць у спіс 25 самых глыбокіх вадаёмаў Беларусі: 6 месца займае Трошча (глыбіня — 38,2 метра), 8 — Вечалле (35,9), 15 — Полазна (32,5), 25 — Замошша (30,7).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *