5 июня — Всемирный день охраны окружающей среды

Экология

Нам з вамі, сябры, пашанцавала: мы жывем у найпрыгажэйшых мясцінах. На Ушаччыне засталіся запаветныя куткі амаль першароднай прыроды. Дастаткова ўзгадаць рэспубліканскі гідралагічны заказнік возера Крывое, па даследаваннях навукоўцаў БДУ – самае чыстае возера Беларусі. Яно такое празрыстае, што праз 13-мятровую тоўшчу вады можна добра разгледзець дно. У гушчары нашых лясоў камфортна сябе адчуваюць жывёлы і птушкі. Па апошніх падліках у нашых мясцінах жывуць 330 кабаноў, 150 ласёў, 327 казуль, каля 600 баброў. Вядома ж, такое багацце трэба ахоўваць. І падстава чарговы раз узняць гэтую тэму важкая: 5 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Гэтае свята было зацверджана Дзяржаўнай асамблеяй ААН у 1972 годзе і стала днём, калі эколагі і проста сумленныя жыхары нашай планеты кансалідуюць свае сілы, каб захаваць зямную прыгажосць. 

У нашым раёне экалагічнымі пытаннямі займаецца інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Галоўная яе функцыя – нагляд за выкананнем прыродаахоўных законаў, а дзейнасць мае шмат накірункаў. Адзін з асноўных – догляд за станам вадаёмаў (Ушаччына – край водны, адных толькі азёр у нас 190). У раёне прабурана 180 артэзіянскіх свідравін, за якімі таксама трэба наглядаць, кантраляваць якасць вады. Дарэчы, зараз ажыццяўляецца абласная праграма “Чыстая вада”, згодна з якой у гарпасёлку пабудавана трэцяя станцыя па абезжалезванні вады, якую плануецца “закальцаваць” з іншымі, утварыўшы адзіную сістэму.
Кантраляванне стану паветра – таксама прыярытэтны экалагічны накірунак. На шчасце, наш раён у гэтым сэнсе далёка не самы “праблемны”, бо не мае буйных прамысловых прадпрыемстваў. Аднак пра чысціню паветра інспекцыя не забываецца: напрыклад, штомесяц правяраюцца выкіды кацельняў, у чэрвені пройдзе акцыя “Чыстае паветра” – будуць выяўляцца транспартныя сродкі, у выхлапах якіх перавышана ўтрыманне СО і СН.
Інспекцыя ўдзельнічае ў планавых комплексных праверках прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Так, за мінулы месяц было праверана 7 суб’ектаў прыродакарыстання, складзена 6 пратаколаў за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства. У сферы дзейнасці інспекцыі таксама “экалагічная экспертыза”: у раёне ніхто нічога не можа пабудаваць без узгаднення з прыродаахоўнікамі. Інспекцыя наглядае за высечкай лясоў, кантралюе паляванне і рыбалоўства, змагаецца з распаўсюджваннем баршчэўніку.
Але самая, бадай, актуальная тэма – утылі- зацыя адыходаў. Зараз у раёне 23 міні-палігоны, куды звозіцца смецце, але ў хуткім часе павінна застацца 17, шэсць будуць ліквідаваны пасля ўсталявання ў вёсках спецыяльных кантэйнераў. Увогуле ж, за мінулы год было звезена каля сямі тысяч тон смецця. 1165 тон другаснай сыравіны (макулатура, шкло, метал, пластык) было адсартыравана работні- камі ЖКГ і закуплена каапнарыхтпрамам у насельніцтва, накіравана на перапрацоўку. Дарэчы, гэта вельмі неблагі вынік – адзін з лепшых па вобласці. Але рэзервы тут яшчэ вялікія. Узяць, напрыклад, пластыкавыя бутэлькі, якімі літаральна запаланёны сметнікі. І гэта не дзіўна: зараз у раёне іх нідзе не прымаюць. Клопатна і не вельмі прыбыткова здаваць і шклотару.
Напрыканцы хочацца прывесці адно красамоўнае і ёмістае выказванне: “Мы не атрымалі гэтую зямлю ў спадчыну ад бацькоў – мы пазычылі яе ў нашых дзяцей”.
І.ПАДГОЛ,
начальнік раённай інспекцыі
прыродных рэсурсаў і
аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *