“Прыемна перавозіць хлеб”, – менавіта так сказаў пра свой цяперашні этап работы вадзіцель Андрэй Бародзіч. А як жа прыемна журналістам сустракацца з такімі неабыякавымі людзьмі!
Вочы Андрэя Аляксандравіча свяціліся, калі расказваў пра ўдзел ва ўборачнай кампаніі. Работнік УП ЖКГ заняты на перавозцы зерня. І не толькі з палёў ААТ “Ільюшынскі”, з сушылкі таксама перапраўляе яго ў сховішчы – гэту работу выконвае любы вадзіцель, трапіўшы на зернесушыльны комплекс у момант выгрузкі чарговай партыі. Больш таго, не прастойвае ён і калі камбайны не выйшлі ў поле. Любыя “форткі” закрываюцца патрэбамі ўласнага прадпрыемства.
Хоць аплата, як і ва ўсіх шэфаў, у А.Бародзіча – пагадзінная, а гэта значыць, што ён матэрыяльна не зацікаўлены ў перавезеным танажы, тым не менш мужчына штодня звярае ў эканаміста гаспадаркі ўласныя лічбы з паказчыкамі калег. “А як жа, мы з Дзмітрыевічам паміж сабой спаборніцтва аб’явілі!”, – усміхаецца Андрэй.
І варта зазначыць, што гэты “турнір” узнімае “працоўны тонус” абодвух перадавікоў. Калі двума тыднямі раней у спісе лепшых работнікаў на жніве, што змяшчаецца ў “Патрыёце”, Валерый Дзмітрыевіч Спірыдзёнак займаў трэцюю пазіцыю, а яго калега-сапернік не ўваходзіў у тройку лідараў, то ў апошняй надрукаванай зводцы Андрэй і Валерый узняліся адпаведна на першы і другі радкі лідарскага рэйтынгу. Трэба адзначыць, што гэта дарагога каштуе, паколькі МАЗ у Андрэя – дзесяцітонны, а на палях раёна задзейнічаны 20-ці і нават 30-тоннікі.
Запыталіся мы ў вадзіцеля, які звычайна возіць будматэрыялы ды зямлю, і пра карані любові да хлеба. Пачынаў Андрэй працоўны шлях на палях КУСГП “Арэхаўна” – араў і рыхтаваў глебу, а пазней у дадатак да “корачак” механізатара атрымаў і вадзіцельскія правы. Так што былых хлебаробаў дакладна не бывае – не можа знікнуць і асаблівая прыцягальнасць – спелага жніўнага поля і залатога грузу.
Вольга Караленка.